16 красавiка 2024, aўторак, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каронавірус: Бундэстаг ухваліў беспрэцэдэнтны антыкрызісны пакет

2
Каронавірус: Бундэстаг ухваліў беспрэцэдэнтны антыкрызісны пакет

Нямеччына ўпершыню адмаўляецца ад механізму, вядомага як «чорны нуль».

Бундэстаг ухваліў у сераду, 25 сакавіка, беспрэцэдэнтны антыкрызісны пакет, які прадугледжвае, між іншым, фінансаванне розных захадаў у барацьбе з пандэміяй каронавіруса SARS-CoV-2 за кошт запазычанасці ў аб'ёме 156 млрд еўраў. Акрамя таго, прадугледжана выдзяленне 600 млрд еўраў у рамках спецыяльнага Фонду эканамічнай стабільнасці (Wirtschaftsstabilisierungsfond, WSF), які забяспечыць дзяржаўную падтрымку кампаніям і выдаванне дзяржаўных гарантый прыватным фірмам, паведамляе DW.

У падтрымку антыкрызіснага пакета прагаласавалі дэпутаты фракцый Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС), а таксама Сацыяльна-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), якія ўваходзяць у кіруючую кааліцыю. Іх падтрымалі калегі са Свабоднай дэмакратычнай партыі, Левай партыі і «Саюза-90»/«зялёных». Сябры правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» ўстрымаліся.

Адмова ад «чорнага нуля»

У асобным парадку дэпутаты прагаласавалі за адмову ад механізму, вядомага як «чорны нуль» (schwarze Null), пры якім запланаваныя выдаткі фінансуюцца не за кошт новых крэдытаў, а выключна з дапамогай бюджэтных даходаў. Адыход ад гэтай стратэгіі якраз і дазволіць мець бюджэт з запазычанасцю.

Фонд эканамічнай стабільнасці будзе ўключаць крэдытныя гарантыі на агульную суму 400 мільярдаў еўраў, якія адкрыюць кампаніям дадатковы доступ да капіталу ў крызісныя часы. Яшчэ 100 мільярдаў еўраў выдзеляць на той выпадак, калі дзяржаве давядзецца ўступіць у долю прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на мяжы банкруцтва. І яшчэ 100 мільярдаў еўраў будуць выдадзеныя для спецыяльных праграм нямецкага банка развіцця KfW.

Бундэсрат, які прадстаўляе інтарэсы зямель, як чакаецца, прагаласуе па антыкрызісным пакеце 27 сакавіка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках