19 красавiка 2024, Пятніца, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чхнуў - могуць кінуць палку»

13
«Чхнуў - могуць кінуць палку»

Што адбываецца ў краіне, якая закрылася на самы маштабны карантын у свеце.

Са звестак на 25 сакавіка, у Індыі зафіксавана 536 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, 10 чалавек памерлі. Каб спыніць распаўсюд хваробы, 22 сакавіка ў Індыі ўвялі «народную каменданцкую гадзіну» і заклікалі насельніцтва не выходзіць з дамоў з сямі раніцы да дзевяці вечара, піша meduza.io.

Затым абмежаванне зрабілі больш жорсткім: з 25 сакавіка людзям цалкам забаронена выходзіць з дамоў. Якім чынам у такіх умовах насельніцтва павінна забяспечваць сябе прадуктамі, пакуль не зразумела, паведамляе BBC са спасылкай на сваіх карэспандэнтаў у краіне.

Напярэдадні ўзмацнення жорсткасці карантыну людзі скупілі прадукты з паліц крам, дадае The New York Times. У Індыі ўводзіцца самы маштабны карантын у свеце, канстатуе выданне.

У гарадах працягваюць працаваць толькі асноўныя службы - паліцыя, пажарныя і гэтак далей, - была забароненая праца грамадскага транспарту і метро. Офісы і храмы былі зачыненыя, а межы гарадоў - заблакаваныя. Індыйскія чыгункі закрылі пасажырскія перавозкі. Неба над Індыяй таксама было закрытае: з 24 сакавіка забароненыя ў тым ліку ўнутраныя рэйсы.

Такі карантын павінен прадоўжыцца 21 дзень.

- Калі мы не зможам справіцца за 21 дзень, мы будзем адкінутыя назад на 21 год, - заявіў прэм'ер-міністр Індыі Нарэнда Модзі.

Ён дадаў, што Індыя знаходзіцца на крытычнай стадыі, калі нават адзін няправільны крок можа прывесці да распаўсюджвання віруса.

У Індыі затрымаліся не менш за 10 тысяч расейцаў. Іх выганяюць з гатэляў і пагражаюць збіццём

Паводле ацэнак амбасады Расеі ў Індыі, у краіне можа знаходзіцца да 10 тысяч расейцаў, большая частка - у штаце Гоа.

Пры гэтым з ацэнкі пісьменніка Андрэя Жалевіча, які жыве ў Індыі і цяпер каардынуе дзеянні захраслых у краіне грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі, на сёння ў краіне можа знаходзіцца да 30-35 тысяч расейцаў - калі лічыць тых, хто пражывае ў Індыі пастаянна або большую частку года.

Як распавёў Жалевіч «Медузе», у апошнія тыдні вуліцы індыйскіх гарадоў і вёсак кантралююць паліцэйскія і атрады «дружыннікаў». Апошнія ўзброены палкамі і агрэсіўна настроены да іншаземцаў - іх разглядаюць як пераносчыкаў віруса.

- Калі еўрапеец чхнуў бы ў грамадскім месцы, то мог рэальна палкай атрымаць. Могуць кінуць палку, у канцы лютага на балкон да нас прылятаў кавалак цэглы. Ад той жа паліцыі можна палкай атрымаць. Усе кідаюцца [ад замежнікаў], як ад пракажоных, - кажа Жалевіч.

Ягоныя словы «Медузе» пацвердзілі двое расейскіх турыстаў, якія знаходзяцца цяпер у Індыі. З іх слоў, уладальнікі гатэляў і гасцявых дамоў масава патрабуюць ад замежнікаў выселіцца - нават калі іншых варыянтаў жылля ў іх няма. Таксама ў апошнія тыдні замежнікам часта адмаўлялі ў крамах у продажы прадуктаў, пітной вады і лекаў.

У выніку ў некаторых расейцаў ужо пачала заканчвацца ежа і вада, а цяпер у Індыі працуюць толькі спецкрамы з харчовымі карткамі, падкрэслівае Жалевіч. Выйсці на двор, каб узяць еду ў знаёмых расейцаў, людзі таксама не могуць, бо там дзяжурыць паліцыя і «дружыннікі». Пры гэтым у Гоа шмат самотных расеек з маленькімі дзецьмі, распавёў адзін з турыстаў.

Пра дыскрымінацыю замежнікаў у размове з «Медузай» распавёў і індыйскі журналіст Джаліс Андрабі, які супрацоўнічае з заходнімі навінавымі агенцтвамі. Ён пацвердзіў, што апошнім часам замежнікам адмаўлялі ў абслугоўванні гатэлі і крамы, а на дварэ на іх крычалі і называлі «каронай».

- У асноўным людзей дыскрымінуюць праз забабоны і дэзінфармацыю. Калі эпідэмія распаўсюдзілася ў Італіі і Гішпаніі, мясцовыя сталі баяцца замежнікаў. Яшчэ больш складана ўсё стала пасля таго, як у групы італійскіх турыстаў у Індыі пацвердзілі каранавірус, - сказаў Андрабі.

Згодны з ім і Андрэй Жалевіч.

- Цяпер сітуацыя вельмі напружаная. Калі пачнуць заканчвацца прадукты харчавання, могуць быць рабаванні і пагромы. А ўжо калі якая-небудзь бабулька памрэ і яе смерць спішуць на каранавірус, то дамы замежнікаў могуць наогул пачаць закідваць запальнымі сумесямі, - кажа ён.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках