6 жнiўня 2020, Чацвер, 16:07
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер Андрэй Павук кінуў выклік дэпартаменту аховы МУС і перамог

7
Блогер Андрэй Павук кінуў выклік дэпартаменту аховы МУС і перамог

Незалежны блогер здабыў права здымаць міліцыю на відэа.

Вядомы блогер, сябра ГА «БАЖ» Андрэй Павук з райцэнтра Рудабелка дамогся перагляду ведамаснай інструкцыі Дэпартамента аховы МУС Беларусі, - паведамляе служба маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

А было як. Калі б ні зайшоў Андрэй у мясцовы раённы суд з фотаапаратам або відэакамерай, праз якую вёў стрым, міліцыянты заўсёды патрабавалі спыніць здымкі. І спасылаліся на ведамасную інструкцыю, якая забараняе весці фота- і відэафіксацыю нават у холе суда. Аб судовых пасяджэннях цяпер гаворка не ідзе - там іншы парадак.

На прэтэнзіі міліцыянтаў у блогера быў адзін адказ: «Гэта ваша інструкцыя. Я дзейнічаю згодна з Канстытуцыяй, яна не забараняе здымкі ў судзе».

Міліцыянты намагалі на сваім - інструкцыя.

Андрэй Павук звярнуўся да начальніка раённага аддзялення Дэпартамента аховы Сяргея Дацка. Але высветлілася, што ён не ўпаўнаважаны разглядаць такія пытанні. Зварот разглядаў начальнік Светлагорскага аддзела Дэпартамента аховы МУС, падпалкоўнік міліцыі Віталь Дзевяцілаў.

У адказе на імя Павука падпалкоўнік Дзевяцілаў паведаміў наступнае:

«Паведамляем Вам, што на сёння кіраўніцтвам суда Рудабельскага раёна ўнесены адпаведныя змены ў патрабаванні, якія тычацца парадку вядзення фота- і відэаздымкаў у адміністрацыйным будынку суда Кастрычніцкага раёна. Фота- і відэаздымка ў будынку суда не забароненая».

Паводле афіцыйнага ліста за подпісам падпалкоўніка міліцыі Дзевяцілава, гэтая інфармацыя даведзеная да ўсіх супрацоўнікаў аддзялення аховы аб'ектаў у гарадскім пасёлку Рудабелка Светлагорскага аддзела Дэпартамента аховы МУС.

«Я рады, што здаровы сэнс урэшце перамог. Праз такія невялікія крокі мы пашыраем ўласную свабоду. І суды, і міліцыя, і выканкамы існуюць на грошы падаткаплатнікаў і павінны працаваць адкрыта і галосна», - кажа Андрэй Павук.