7 красавiка 2020, aўторак, 16:52
Заставайся дома!
Рубрыкі

ЕАБР: У 2020 годзе эканоміку Беларусі чакае рэцэсія

ЕАБР: У 2020 годзе эканоміку Беларусі чакае рэцэсія

Асабліва па эканоміцы ўдарыць «нафтанка» і зніжэнне імпарту сыравіны.

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) значна пагоршыў ацэнку дынамікі развіцця эканомікі Беларусі ў 2020 годзе праз пагаршэнне знешніх умоваў, піша сайт "Беларусы і рынак".

"Аналітыкі ЕАБР прагназуюць зніжэнне ВУП краіны на 0,1% у 2020 годзе, што на 1,6 п. п. ніжэй у параўнанні з папярэдняй ацэнкай (кастрычнік 2019 года)», – гаворыцца ў прэс-рэлізе банка.

"Перагляд тлумачыцца галоўным чынам чаканым скарачэннем вытворчасці ў нафтаперапрацоўчай і хімічнай галінах прамысловасці праз змяншэнне аб'ёмаў паставак у краіну энэргетычнай сыравіны і высокіх сусветных запасаў калійных угнаенняў. Стрымальнае ўздзеянне зробіць і паслабленне знешняга попыту, у тым ліку з прычыны распаўсюджвання каранавірусу", – тлумачаць аўтары прагнозу.

З іх ацэнкі, стабілізацыя сітуацыі ў сусветнай эканоміцы і паступовае аднаўленне выпуску нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў прывядзе да цыклічнага паскарэння тэмпу росту ВУП Беларусі да 2% у 2021 годзе.

Паводле прагнозу экспертаў ЕАБР, інфляцыя ў Беларусі ў 2020 годзе будзе блізу мэты Нацыянальнага банка і складзе 5,3%.

У аглядзе адзначаецца, што "ў пачатку гэтага года праінфляцыйныя рызыкі выраслі на фоне ўзмацнення валацільнасці на сусветных фінансавых і таварных рынках". "У такіх умовах базавы сцэнар прагнозу ЕАБР прадугледжвае захаванне ў 2020 годзе стаўкі МБК блізу 9%, што, паводле ацэнкі аналітыкаў банка, дазволіць утрымаць інфляцыю паблізу мэтавага арыентыру Нацыянальнага банка. У сярэднетэрміновай перспектыве захоўваецца патэнцыял яе зніжэння", – адзначаецца ў прэс-рэлізе .

Акрамя таго, эксперты ЕАБР канстатуюць перавагу рызык паслаблення эканамічнай актыўнасці. "Існуе верагоднасць больш значнага скарачэння вытворчасці нафтапрадуктаў у выпадку далейшага зніжэння імпарту сыравіны. Захоўваецца высокая няпэўнасць наступстваў для сусветнай эканомікі ў сувязі з сітуацыяй з каранавірусам", – мяркуюць яны.