19 красавiка 2024, Пятніца, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эпоха нафты за 20 даляраў

9
Эпоха нафты за 20 даляраў

Краіны адколваюцца ад АПЕК.

Савудаўская Арабія павялічыла аб'ёмы вытворчасці нафты, і на нафтавым рынку пачалася гонка ў яе здабычы. Тры слупы — ЗША, Расея і Савудаўская Арабія — задумалі спрэчку аб тым, хто каго ператрывае, паставіўшы на кон гегемонію на рынку нафты, і ад гэтага пакутуюць іншыя нафтаздабываючыя краіны. Паўсюды прыкметы банкруцтва. Перспектывы для росту коштаў адсутнічаюць. Хто ж першым прызнае паразу ў гэтай гонцы? Пра гэта піша японскае выданне «Ніхон кэйдзай» (пераклад-inosmi.ru).

Паводле інфармацыі Міжнароднага энэргетычнага агенцтва( МЭА), праз боязь з нагоды запаволення эканомікі ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу ў перыяд са студзеня да сакавіка 2020 года штодзённы попыт на нафту ўпаў на 2,5 мільёна барэляў у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года.

Між тым з красавіка Савудаўская Арабія павысіць аб'ём штодзённай здабычы з 9,7 мільёна да 12,3 мільёна барэляў. Калі да аб'ёму паставак дадасца гэтая доля павелічэння Савудаўскай Арабіі, разрыў паміж прапановай і попытам перавысіць сем мільёнаў барэляў. Атрымаецца, што лішкі больш чым удвая перавысяць аб'ёмы імпарту Японіі.

Асцярогі з нагоды павышанай прапановы прывялі да таго, што на амерыканскім нафтавым рынку кошты на некаторы час апусціліся ніжэй за 20 даляраў за барэль. Такі ўзровень назіраецца ўпершыню за 18 гадоў. Кампенсаваць страты ад падзення коштаў нафты за кошт павелічэння здабычы - у пэўным сэнсе выбар Савудаўскай Арабіі, якая ўзяла курс на захаванне сваёй долі, рацыянальны. Справа ў тым, што нешматлікія дзяржавы могуць павялічыць здабычу на прыклад гэтай краіны.

ААЭ і Ірак маюць намер прытрымлівацца павелічэння здабычы. Мяркуецца, што расейская «Раснафта» таксама павысіць вытворчасць на 300 тысяч барэляў, аднак больш істотных заяў аб павелічэнні здабычы не было.

Паводле інфармацыі МЭА, магчымасці на ўзняцце вытворчасці ў асноўных чальцоў АПЕК паводле інфармацыі на канец студзеня такія: Алжыр - 20 тысяч барэляў за дзень; Ангола - 40 тысяч барэляў за дзень; Венесуэла і Экватарыяльная Гвінея — нуль. На фоне вытворчасці, якая перавышае дзесяць мільёнаў барэляў, павелічэнне Расеі таксама неістотнае.

Многія нафтаздабываючыя краіны ўжо вырабляюць на межах магчымасцяў. У АПЕК толькі сем краін, уключаючы Савудаўскую Арабію і ААЭ, могуць павялічыць вытворчасць больш чым на сто тысяч барэляў. З іх Іран знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі, а Нігерыя і Лібія не могуць павысіць аб'ёмы на іншыя прычыны, сярод якіх пагаршэнне ўнутрыпалітычнай сітуацыі. Застаюцца Савудаўская Арабія, ААЭ, Кувейт і Ірак.

У нафтаздабываючых краін, якія не могуць павялічыць здабычу, няма магчымасці кампенсаваць страты ад падзення коштаў нафты, таму ўдар па іх будзе сур'ёзным. Акрамя таго, у даходах гэтых краін вялікую долю займае прыбытак ад нафты і газу. На ўсё гэта накладваецца распаўсюд COVID-19.

Урад Венесуэлы папрасіў у МВФ надаць тэрміновую фінансавую дапамогу ў суме пяці мільярдаў даляраў на барацьбу з каранавірусам. Нягледзячы на тое, што ў Венесуэле найбуйнейшыя запасы нафты, пры антыамерыканскай адміністрацыі дыктатара Нікаласа Мадуры эканоміка краіны абрынулася.

Ёй даводзіцца ўжываць захады ў дачыненні да COVID-19 ва ўмовах неразвітай медыцынскай сістэмы і дэфіцыту медыкаментаў, таму яна была вымушаная звярнуцца да МВФ, які раней Мадура называў інстытутам дзікіх нэалібералаў. У сваю чаргу, МВФ не задаволіў просьбу, заявіўшы, што ўлада адміністрацыі Мадуры не прызнаная міжнароднай супольнасцю.

Ірак, дзе заразілася больш за 20 тысяч чалавек, таксама папрасіў у МВФ пяць мільярдаў даляраў на барацьбу з каранавірусам. Гэта - другая нафтаздабываючая краіна ў АПЕК пасля Савудаўскай Арабіі, аднак праз амерыканскія санкцыі яна не можа нармальна экспартаваць нафту, таму эканамічная сітуацыя там пагоршылася, і ў гэты момант распаўсюдзіўся вірус. Паводле інфармацыі агенцтва «Франс-Прэс», апошні раз Ірак прасіў дапамогі ў МВФ у далёкім 1962 годзе яшчэ да Ісламскай рэвалюцыі.

Афрыканскія нафтаздабываючыя краіны таксама пакутуюць ад падзення коштаў і COVID-19. Вірус распаўсюдзіўся ў больш, чым 40 краінах з 54, аднак з улікам адсталай медыцынскай сістэмы заражэнне толькі пачынаецца. Нігерыя з найбуйнейшым насельніцтвам і эканомікай у Афрыцы ўмацоўвае пільнасць у дачыненні да масавага заражэння. Гэта - самая вялікая нафтаздабываючая краіна ў Афрыцы. 90% аб'ёмаў экспарту прыпадае на нафту. Таму для Нігерыі аднаўленне коштаў на нафту - найважнейшая задача.

«Магчыма, чальцам АПЕК і краінам, якія не ўваходзяць у гэтую арганізацыю, неабходна зноў абмеркаваць скарачэнне здабычы» — заявіў міністр Нігерыі ў нафтавых рэсурсах Тыміпрэ Сільва. Ён выказаў надзею на аднаўленне дамоўленасцяў аб скарачэнні здабычы паміж Савудаўскай Арабіяй, якая ўзначальвае АПЕК, і Расеяй, якая прадстаўляе краіны, што не ўваходзяць у АПЕК.

Алжыр, які старшынюе ў АПЕК сёлета, выказаў гатоўнасць абмеркаваць пытанне з іншымі чальцамі АПЕК. Мексіка, якая не знаходзіцца ў АПЕК, гатовая выступіць пасярэдніцай паміж Расеяй і Савудаўскай Арабіяй. Нафтаздабываючыя краіны, чыя ўнутрыпалітычная сітуацыя можа дэстабілізавацца, калі кошт нафты не будзе аднаўляцца цягам доўгага часу, спрабуюць знайсці выйсце як мага хутчэй.

Савудаўская Арабія незадаволеная тым, што падчас дзеяння пагаднення аб скарачэнні здабычы, толькі яна выконвала дамоўленасці, пакуль іншыя краіны парушалі іх. Напраўду, Савудаўская Арабія, хутчэй за ўсё, не зменіць проста так сваю пастанову трываць да тых часоў, пакуль Расея не «пойдзе на дно».

Пры гэтым прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пільна назірае за амерыканскай сланцавай нафтай. Наўрад ці ён стане збліжацца з Савудаўскай Арабіяй. Пакуль «тройца» спаборнічае ў тым, хто даўжэй пратрымаецца, чальцы АПЕК могуць пачаць адколвацца ад арганізацыі, бо яны не змогуць падтрымліваць гэты тэмп.

У гэтым выпадку можа рэалізавацца сцэнар, агучаны прафесарам Універсітэта Тэйкё Хэйсэй Сігэру Судо (Shigeru Sudou): «АПЕК можа зноў перафарматавацца ў арганізацыю, якая складаецца толькі з нафтаздабываючых краін Персідскай затокі, у якіх вялікія запасы нафты і нізкі сабекошт вытворчасці».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках