18 красавiка 2024, Чацвер, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Сацук: мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна

28
Сяргей Сацук: мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна

Тэкст галоўнага рэдактара "Ежедневника", які ён папрасіў апублікаваць у выпадку свайго затрымання.

Некалькі месяцаў таму галоўны рэдактар "Ежедневника" Сяргей Сацук пакінуў "Еўрарадыё" тэкст на выпадак свайго затрымання. У ім ён распавядае пра прычыны, на падставе якіх можа быць затрыманы, і пра пагрозы, якія атрымаў на свой адрас ад "ганца" - прадстаўніка бізнэсоўца са сферы аховы здароўя.

25 сакавіка 2020 года выпадак наступіў. Галоўнага рэдактара "Ежедневника" затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Сяргея падазраюць у хабары.

Як у Беларусі заказваюць журналістаў

Мяне замовілі, канкрэтна і сур'ёзна. Пішу пра гэта чыста ў мэтах самаабароны і таму пачну амаль з пачатку.

Пасля публікацыі артыкула "Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві", дзе распавядалася аб закупцы медвырабаў, коштам у 9-13 разоў вышэйшым за рэальны, да мяне прыйшоў "ганец". Спачатку ён абвінаваціў мяне ў публікацыі заказнога артыкула. Потым, пачаў сам сабе супярэчыць і ціснуць на мяне словамі: "Навошта ты ўсё гэта публікуеш?", "Навошта перашкаджаеш людзям працаваць?", "Ты ж з гэтага нічога не маеш, а мог бы жыць добра, а не боўтацца ў пазыках, не тануць у крэдытах", "Колькі ты змагаешся з карупцыяй, гадоў 20? І што, перамог?". Ну і гэтак далей.

Я запярэчыў, што мне дастаткова таго, што ў Беларусі спыняць набываць медыцынскія вырабы коштам, у 10 разоў вышэйшым за рэальны. "Ганец" сказаў, што не спыняць: маўляў, сістэма такая. Таму, калі сыдзе адна, другая, трэцяя кампанія, на іх месца прыйдуць іншыя, якія будуць працаваць такім жа чынам. "Ну, можа быць, будуць прадаваць не ў 10 разоў, а ў 5 разоў даражэй".

"Ужо добра, бюджэт зэканоміць мільёны", - адказаў я.

"А ты з гэтага нешта атрымаеш?"- спытаў "ганец".

"Нічога".

"Мажліва, ты думаеш, што медыцына наша лепшай ад гэтага стане?"

"Не ведаю, - шчыра прызнаўся я. – Спадзяюся, што стане".

"Не стане. Ён проста за гэтыя грошы пабудуе сабе яшчэ адзін палац", - заявіў "ганец", відавочна намякаючы на кіраўніка дзяржавы.

Так прадаўжалася з паўгадзіны. Зразумеўшы, што мяне не пераканаць, візіцёр перайшоў уласна да таго, для чаго прыйшоў. Ён перадаў мне, што людзі яму канкрэтна сказалі, што цярпенне ў іх скончылася, што ў Беларусі чалавечае жыццё і чалавечая свабода нічога не вартыя, што ім лягчэй замовіць чалавека, чым набываць квіткі на выспы. Тут трэба патлумачыць, што падчас апошняга расследавання я спрабаваў выклікаць на шчырую размову чалавека і ўзяць у яго генеральнае інтэрв'ю, каб захаваць аб'ектыўнасць. Для гэтага я крыху правакацыйна напісаў ёй у Linkedin, што магу перанесці дату публікацыі і даць ёй тыдзень на тое, каб набыць квіткі на які-небудзь востраў і жыць там нябедна да канца жыцця. І вось, менавіта пасля гэтага артыкула да мяне прыходзіць "ганец" і перадае словы людзей, якія страцілі цярпенне, што ім прасцей замовіць чалавека, чым набываць квіткі. Тым больш, як мне зноў жа, патлумачылі, у Беларусі я застаўся адзін такі парушальнік спакою.

Усе гранічна зразумела. Без якога-небудзь падвойнага тлумачэння. Асабліва калі папярэджанне падмацоўваюць словамі: "Падумай аб сваёй сям'і, што з імі будзе..." Я ведаю, што сям'і без мяне труба. Жонка - інвалід з парокам сэрца, з выдаленай шчытавіцай, ды яшчэ з анеўрызмай. Лекары яшчэ ў 2011-м не давалі гарантый, што яна дажыве да канца года. Я выдатна разумею, што калі што здарыцца са мной — яна не перажыве. Тут без варыянтаў. Таму я адклаў у скрыню практычна падрыхтаваны другі матэрыял, дзе распавядалася пра тое, хто з'яўляецца рэальным уладальнікам пасрэдніцкіх ангельскай і аўстрыйскай кампаній, якія прадаюць нам медвырабы коштамі, у 10 разоў вышэйшымі за рэальныя і ў 4,5 разы вышэйшымі, чым набывае Расея, у якой мы ўвесь час грошы клянчым. Сям'я важнейшая, падумаў я і сказаў сабе "СТОП".

Нейкі час было ціха, але потым махавік беларускай сістэмы закруціўся. Думаю, падставай стаў мой выступ на "Белсаце" ўсё на тую ж тэму — карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя.

Я 20 гадоў працую з праваахоўнікамі і добра ведаю, што, калі твае кантакты раптам усе разам знікаюць (не адказваюць на званкі і на лісты), гэта азначае, што цябе ўзялі ў аператыўную распрацоўку.

"Ну ўзялі і ўзялі, мне ўтойваць няма чаго, хай пасуць", - падумаў я.

Але вось у "СБ" выйшаў артыкул пра "Ежедневник" і мяне, дзе наўпроставым тэкстам гаворыцца, што я за грошы дапамагаю ліквідоўваць канкурэнтаў. Ніякіх довадаў, як і ніякіх зняпраўджванняў матэрыялу нашых расследаванняў няма. Проста галаслоўнае абвінавачванне ў тым, што я балюю на канкурэнтнай барацьбе бізнэсоўцаў. І далей: "Калі падазрэнні пацвердзяцца..." пацвердзіць у Беларусі не праблема, вядома ж.

Я выдатна ведаю, што гэта падрыхтоўка інфармацыйнага поля да майго затрымання. Я ведаю, чыіх гэта рук справа. Імя гэтага генерала, які "страхуе" сістэмную карупцыю Міністэрства аховы здароўя, вядомае ўсім, хто круціцца ў гэтым бізнэсе. Менавіта ён больш за дзесяць гадоў, спачатку ў Генпракуратуры, а потым у Следчым камітэце, выкараняў усякія спробы ўлезці ў гэты бізнэс з боку праваахоўных органаў. Цяпер вось яму зрабілі заказ на журналістаў.

"Белсат" - з той жа серыі. Камусьці вельмі хочацца, каб суд над былым намеснікам міністра аховы здароўя Ігарам Ласіцкім стаў верхавінай разборак з карупцыяй у сістэме аховы здароўя. Хоць ёсць людзі больш і ўплывовыя і недатыкальныя. Але іх чапаць нельга і таму трэба спыніць усе спробы журналістаў капаць далей.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках