19 красавiка 2024, Пятніца, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ заклікае неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара «Ежедневника»

10
БАЖ заклікае неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара «Ежедневника»

БАЖ апублікаваў заяву ў сувязі з затрыманнем Сяргея Сацука.

Галоўнага рэдактара «Ежедневника» затрымалі нібыта за атрыманне хабару.

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» апублікавала заяву ў сувязі з затрыманнем галоўнага рэдактара анлайн-выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука. Прыводзім яе цалкам.

«25 сакавіка 2020 году а 16.30 быў затрыманы Сяргей Сацук, сябра грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», журналіст і галоўны рэдактар анлайн-выдання «Ежедневник».

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Падставай для затрымання стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком грашовых сродкаў для ажыццяўлення журналісцкіх расследаванняў анлайн-выданнем «Ежедневник» больш за год таму. Гэтыя грашовыя сродкі яму інкрымінуюцца як «хабар» паводле ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару, за што прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).

Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацый у анлайн-выданні «Ежедневник» аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых службовых асоб Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць.

У жніўні 2019 года Сяргей Сацук у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы праз сваю журналісцкую дзейнасць. Затрыманне вядомага журналіста і выклікі на допыты супрацоўнікаў «Ежедневника», якія рушылі следам, могуць прывесці да запалохвання журналістаў і развіцця самацэнзуры ў СМІ, якія асвятляюць грамадска значныя праблемы (у тым ліку карупцыю i распаўсюджванне каронавіруса ў Беларусі).

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае ўлады краіны:

- неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і спыніць у дачыненні да яго крымінальны пераслед;

- выконваць гарантыі, дадзеныя журналістам беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязаннямі Рэспублікі Беларусь, спыніць пераслед, запалохванне і іншыя агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да журналістаў за выкананне імі прафесійных абавязкаў».

Нагадаем, што 26 сакавіка рэдакцыя «Ежедневника» выступіла з рэдакцыйным зваротам у сувязі з затрыманнем галоўнага рэдактара. Калегі расцэньваюць затрыманне Сяргея Сацука «не як фрагмент змагання беларускай праваахоўнай сістэмы з хабарнікам, а як фрагмент барацьбы карупцыянераў з чалавекам, які адважыўся паквапіцца на іх выбудаваную сістэму».

У той жа дзень у рэдакцыі «Ежедневник» прайшоў ператрус. Прадстаўнікі ДФР растлумачылі, што адбываецца «канфіскацыя» дакументаў.

У чацвер «Еўрарадыё» апублікавала ліст Сяргея Сацука, напісаны ім на выпадак ягонага затрымання. У ім ён распавядае пра прычыны, па якіх можа быць затрыманы, і пра пагрозы, якія атрымаў у свой адрас ад «ганца» - прадстаўніка бізнэсоўцы са сферы аховы здароўя.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках