20 красавiка 2024, Субота, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Пакуль свет змагаецца з каранавірусам, у Беларусі ўзгадалі аб «дармаедах»

27
«Нямецкая хваля»: Пакуль свет змагаецца з каранавірусам, у Беларусі ўзгадалі аб «дармаедах»
МАРЫЯ ТАРАСЕНКА

Для беспрацоўных беларусаў гарачая вада падаражэла ў пяць разоў.

Атрымаўшы рахунак за камунальныя паслугі, хатняя гаспадыня з Гомеля Марыя Тарасенка здзівілася: у рахунках за студзень і люты адразу ў 5,5 разы падаражэла гарачая вада. З 1 траўня для такіх, як яна, у Беларусі падаражэюць яшчэ і газ і ацяпленне, паведамляе «Нямецкая хваля».

Прычына - жанчына не працуе і падпадае пад дэкрэт Лукашэнкі «аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Гэтая новая рэдакцыя скандальнага дэкрэта Лукашэнкі «аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», празванага ў народзе «дармаедскім», была спешна прынятая ў 2018 годзе. Першапачаткова беспрацоўных хацелі прымусіць плаціць спецыяльны - высокі паводле беларускіх мерак - збор. Але пасля хвалі масавых пратэстаў ва ўсёй Беларусі «садзейнічаць занятасці насельніцтва» ўлады наважылі падвышэннем тарыфаў ЖКГ для беспрацоўных. Дзейнічаць гэты парадак пачаў толькі цяпер.

Як хатняя гаспадыня з Гомеля стала «дармаедкай»

Хатняй гаспадыняй Марыя Тарасенка стала блізу 10 гадоў таму. Да гэтага жанчына працавала швачкай, а затым брыгадзірам і майстрам на адной з гомельскіх фабрык. Умовы былі настолькі цяжкімі, распавядае Марыя, што яны з мужам наважылі: ім выстарчыць і ягонага заробку.

Цяпер жа непрацуючую жанчыну ўнеслі ў базу «працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы». Марыя мяркуе, што тым самым былі парушаныя яе правы, гарантаваныя Канстытуцыяй: «Дзяржава ўмяшалася ў маё асабістае жыццё, прымушае мяне да працы і дыскрымінуе паводле прыкметы сацыяльнага статусу».

Хлусіць уладам пра «цяжкую жыццёвую сітуацыю» і рэгістравацца ў якасці фэйкавага прадпрымальніка, як рабілі некаторыя беспрацоўныя беларусы, каб іх выдалілі з базы, жанчына не стала прынцыпова. Яна наважыла дамагацца права заставацца хатняй гаспадыняй праз суд.

Тарыфы ЖКГ для беспрацоўных беларусаў

Камунальныя аплаты за стандартную двухпакаёвую кватэру каштуюць сярэднестатыстычнаму гамельчуку прыкладна 40 беларускіх рублёў (блізу 16 еўраў). У гэтую суму ўваходзяць усе жыллёва-камунальныя паслугі: ад водазабеспячэння да вывазу смецця.

Марыя Тарасенка ж павінна цяпер плаціць удвая больш. Такім чынам, мяркуе яна, дзяржава хоча ўтрымаць грамадзян на нізкааплатных працоўных месцах. Паўмільённы Гомель - другі па велічыні горад Беларусі, але заробкі тут зусім невялікія. Многія вымушаныя працаваць за «мінімалку» 375 рублёў (амаль 135 еўраў). Каб іншым не было спакусы звольніцца, беспрацоўным паказальна выставілі звышрахункі рахункі, перакананая жанчына.

Так званы «ліст шчасця» - папярэджанне раённай адміністрацыі, што з другога квартала 2020 года камунальныя паслугі будуць налічваць паводле падвышанага тарыфа, атрымаў і гомельскі блогер Максім Філіповіч. 22 сакавіка ён апублікаваў яго на сваім канале ў YouTube. Каб пазбегнуць гэтай долі, мужчына павінен даць чыноўнікам «звесткі, якія пацвярджаюць занятасць».

Колькі ўсяго людзей павінны будуць плаціць за «камуналку» паводле новых тарыфаў - сказаць складана. На просьбу ўдакладніць іх колькасць у камісіі садзейнічання занятасці насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе пражывае Марыя Тарасенка, адказалі, што «ў гэтым пытанні ніякіх каментароў для СМІ мы не даем». Але яшчэ год таму тут агучвалі лічбу 170 чалавек. Можна меркаваць, што ва ўсім Гомелі іх амаль тысяча.

Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што пакуль улады наважыліся ўдарыць не па ўсіх беспрацоўных, а толькі па уласніках жылля. Менавіта яны павінны будуць аплачваць частку «камуналкі», як паказана ў лукашэнкаўскім дэкрэце, «коштамі, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх наданне (паслуг ЖКГ. - Рэд.)».

Але што рабіць такім людзям, задаецца пытаннем юрыст, як адзін з ягоных падапечных? Беларусу, які працуе ў Падмаскоўі, таксама прыйшоў «ліст шчасця». Але вярнуцца дадому, каб разабрацца з «камуналкай», ён не можа праз карантын - нават калі яму ўдасца ўехаць у Беларусь, назад у Расею шлях яму будзе закрыты. Ва ўмовах пандэміі каранавіруса сітуацыя падвісла, паціскае плячыма Судаленка, ніякага развязання няма.

Рэгіянальны прадстаўнік незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак адзначае, што «дармаедскі» дэкрэт зарабіў у самы няўдалы момант: курс беларускага рубля за апошні тыдзень значна ўпаў, і так невысокія заробкі абясцэньваюцца. Найбуйнейшае прадпрыемства горада «Гомсельмаш» яшчэ да крызісу, распавядае ён, скарачала штат супрацоўнікаў. Тыя, у сваю чаргу, шукалі працу ў Польшчы і Расеі. Адпаведна, у Беларусі іх таксама могуць прылічыць да «дармаедаў». Але цяпер межы закрытыя, і сітуацыя выглядае патавай. «Абсурдны па сваёй сутнасці дэкрэт сёння выглядае яшчэ больш абсурдным», - мяркуе Андрэй Стрыжак.

Што ж тычыцца Марыі Тарасенкі, то яна аднесла ў Гомельскі гарвыканкам заяву з патрабаваннем праверыць палажэнні дэкрэта Лукашэнкі на канстытуцыйнасць і выключыць яе з базы «не занятых у эканоміцы». Пакуль гэта спроба дасудовага развязання праблемы. Далей яна мае намер бараніць свае правы з дапамогай цяжбы. Яе мэта - дамагчыся поўнага скасавання «дармаедскага» дэкрэта.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках