Апублікаванае відэа вечарынкі з захварэлым Лешчанкам і іншымі расейскімі зоркамі
47- 27.03.2020, 16:19
- 62,005
Сваю прысутнасць на свяце пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Пяскоў.
Апублікаванае відэа вечарынкі з захварэлым на каранавірус народным артыстам РСФСР Львом Лешчанкам і іншымі расейскімі зоркамі. Пра гэта паведамляе Telegram-канал «НеМалахов», піша «Лента.ру».
«Большасць зорак тут вярнуліся з Амерык-Італій і радасна цалуюцца. Самаізаляцыя ў Расеі ўжо ідзе», - гаворыцца ў паведамленні.
У роліку можна ўбачыць Валерыя Лявонцьева, Ані Лорак, Алсу, Мікалая Баскава, Ігара Нікалаева, Уладзіміра Вінакура, Ірыну Алеграву і іншых зорак. Многія з іх абдымаюцца ў кадры і ціснуць адзін аднаму рукі. Акрамя таго, на відэа паказаны і кампазітар Ігар Круты, які ўстроіў вечарыну ў гонар свайго дня нараджэння.
Раней сваю прысутнасць на свяце пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў. Ён заявіў, што прыехаў на імпрэзу позна, таму не сустрэўся з Лешчанкам.
Раніцай 27 сакавіка галоўны лекар лякарні №40 у маскоўскай Камунарцы Дзяніс Працэнка заявіў, што Лешчанка заражаны каранавірусам. Напярэдадні з падазрэннем на каранавірус у лякарню даставілі іншага артыста - Ігара Нікалаева, які таксама наведаў дзень нараджэння Крутога.
Пра тое, што Леў Лешчанка наведваў вечарыну кампазітара, распавяла журналістка Ксенія Сабчак. Яна парэкамендавала гасцям мерапрыемства ўважліва ставіцца да свайго здароўя.