25 красавiка 2024, Чацвер, 17:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус у Гішпаніі: Мы нібыта ў страшным сне

6
Беларус у Гішпаніі: Мы нібыта ў страшным сне
ТАК У САКАВІКУ 2020 ВЫГЛЯДАЕ ХАРЧОВАЯ КРАМА Ў ГІШПАНІІ.
ФОТА: АНАТОЛЬ САДОЎСКІ

Ураджэнец Баранавічаў, які жыве ў Гішпаніі, распавёў, як краіна змагаецца з каронавірусам.

Эмігрант з Баранавічаў Анатоль Садоўскі, які шмат гадоў жыве ў Гішпаніі, распавёў intex-press.by, што адбываецца ў краіне праз пандэмію каронавіруса.

Анатоль Садоўскі шмат гадоў жыве ў горадзе Севілья ў Гішпаніі. Гэтая краіна цяпер уваходзіць у пяцёрку краін свету з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў COVID-19.

- Маю сям'ю, дзякуй Богу, гэтая зараза наўпрост не закранула. Але ўскосна каронавірус закрануў кожнага чалавека ў Гішпаніі, - кажа суразмоўца. - Гэтая тэма цяпер найбольш абмяркоўваецца, таму што наша жыццё змянілася па пстрычцы пальцаў. Мы быццам заснулі і знаходзімся ў нейкім страшным сне, не ведаючы, як прачнуцца і зрабіць так, каб усё вярнулася на кругі свая.

У Гішпаніі ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі, распавядае Анатоль. Людзям забаронена выходзіць на вуліцу, у горадзе працуюць толькі харчовыя крамы, аптэкі і некалькі аўтамайстэрняў.

- Нельга нават проста прагуляцца і падыхаць свежым паветрам. Дазволена толькі выходзіць у краму па прадукты, і то пры сабе лепш мець чэк. Я працую ў аўтамайстэрні, і мой шэф склаў для мяне адмысловую паперу, дзе ўказаны мой час працы. Калі я затрымаюся, мяне могуць аштрафаваць. Штрафы пачынаюцца ад 600 еўраў, і штрафуюць людзей вельмі моцна, - кажа Анатоль.

Меры, якія вядзе дзяржава ў прадухіленні распаўсюджвання інфекцыі, на думку суразмоўцы, не зусім адназначныя і своечасовыя.

- Я, спартовец, не магу ў адзіночку выйсці і пабегаць. Але курцам дазваляюць выходзіць па цыгарэты, дзе яны ўтвараюць часам чаргу і з 15 чалавек. У аўто дазваляецца ездзіць толькі паасобку, але грамадскі транспарт пры гэтым працуе. Сітуацыя абсурдная, - распавядае Анатоль. - І меры дзяржава прыняла позна, як мне здаецца. У суседняй Італія ўжо ва ўсю моц распаўсюдзіўся вірус, а ў нас смяяліся з гэтага. А нешта рабіць пачалі толькі тады, калі людзі пачалі паміраць адзін за адным.

Нягледзячы на тое, што сітуацыя ў краіне вельмі сур'ёзная, людзі паводзяць сябе стрымана, кажа суразмоўца. Як і ўлады, якія пакуль не спяшаюцца дапамагаць тым, хто вымушаны сядзець без працы ў карантыне. Анатоль кажа, што ніякіх ільгот па аплаце падаткаў і крэдытаў пакуль не ўводзілі і нават гаворка пра гэта адкрыта не вядзецца.

- Наш сэрвіс працуе толькі таму, што ў нас сабралася праца. Але калі яна скончыцца, мы пойдзем на карантын. І шэф, хутчэй за ўсё, часова ўсіх звольніць, каб не плаціць заробак. На дапамогу па беспрацоўі ў 700 еўраў таксама асабліва не разгуляешся, таму што я толькі за арэнду дома без камуналкі плачу 550 еўраў, - кажа Анатоль. - Магчыма, у будучыні ўвядуць нейкія захады, але пакуль будучыня выглядае гнятліва. І яна такая ва ўсіх.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках