18 красавiка 2024, Чацвер, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт расейскай нафты ў Еўропе абрынуўся да $17

39
Кошт расейскай нафты ў Еўропе абрынуўся да $17

Кошты нафты працягваюць апусканне на глыбіні, якіх сусветны рынак не бачыў амаль 20 гадоў.

На таргах у пятніцу каціроўкі гатунку Brent абнавілі мінімумы з 2003 года - травеньскія ф'ючэрсы на паўночнаморскі гатунак падалі да адзнакі 24,21 даляра за барэль, страчваючы ў моманце больш за 7%, піша finanz.ru.

Ф'ючэрсы на WTI у Нью-Ёрку абрынуліся на 5,3% - да 21,41 даляра за бочку, крыху не дацягнуўшы да антырэкорду тыднёвай даўнасці (19,46 даляра 20 сакавіка).

Сітуацыя на рынку фізічнай нафты, тым часам, яшчэ горшая, чым на ф'ючэрсным. Цана расейскага гатунку Urals у Еўропе ўпала ніжэй за 18 даляраў за барэль. У порце Ротэрдама, паводле звестак Reuters, каціроўкі апускаліся да 17,7 даляра - узроўню канца 1980-х, сярэдзіны 1990-х і пачатку 2000-х.

Кошт цяжкай канадскай нафты абрынуўся да гістарычнага мінімуму: гатунак Western Canadian Select, які каштаваў 32 даляры за барэль у лютым, у пятніцу прадаецца па 6,45 даляра за бочку.

Нігерыя, найбуйнейшы вытворца нафты ў Афрыцы, прадае сваю марку Qua Iboe са зніжкай у 3,1 даляра да Brent - максімальнай прынамсі за два дзясяткі гадоў. Калумбійская нафта Vasconia каштуе на 7,75 даляра танней за Brent упершыню за чатыры з паловай гады.

Венесуэла прапануе нафту па цане ніжэй за 5 даляраў за барэль, і не можа знайсці пакупнікоў, бо рынак асцерагаецца санкцый.

«Фізічны рынак перажывае цяжкія часы, і далей будзе толькі горш, - сказаў Bloomberg Торб’ёрн Торнквіст, сузаснавальнік трэйдара Gunvor Group. - Праз пару тыдняў мы ў поўнай меры адчуем наступствы залішняй прапановы».

Паводле вынікаў паўгоддзя лішак нафты ў свеце дасягне 1,8 мільярда барэляў, i ўсе сховiшчы будуць запоўненыя цалкам, ацэньвае IHS Markit. «Вытворчасць прыйдзецца скарачаць або спыняць. Пытанне толькі ў тым, дзе і на колькі», - кажа кіраўнік даследаванняў рынку нафты IHS Markit Джым Бурхард.

Надзеі на тое, што Расея і Савудаўская Арабія «склеяць разбіты кубак» пагаднення АПЕК + растаюць з кожным днём. Міністэрства энэргетыкі каралеўства не абмяркоўвала з расейскімі калегамі пытанні аб аднаўленні сумесных дзеянняў на рынку нафты, паведаміў ТАСС прадстаўнік ведамства.

На фоне абвалу нафты расейскі «рынак на нагах не выстаяў, і наперадзе тонкі лёд», канстатуе старшы аналітык ІАЦ «Альпари» Ганна Бадрова.

Да 20.24 паводле беларускага часу курс даляра з разлікам заўтра вырас на 1,63 рубля (2,19%), да 79,1625 рубля. Еўра падаражэў на 2,17 рубля, да 87,6350 рубля.

Замежныя інвестары працягваюць эвакуацыю з расейскага рынку: пасля рэкордных 1,4 млрд даляраў на мінулым тыдні нерэзідэнты забралі яшчэ 860 млн даляраў за панядзелак-чацвер.

«Улічваючы раптоўны прыпынак эканомікі, у найбліжэйшыя пару тыдняў можа паўстаць больш праблематычны шок у сувязі са статыстычнымі звесткамі. Даляр працягне выйграваць ад прытоку інвестыцый у ахоўныя актывы і іншых сіл, якія садзейнічалі яго ўздыму дагэтуль», кажа Зак Пандл, кіраўнік стратэгіі глабальных валют і рынкаў, якія развіваюцца ў Goldman Sachs.

Цалкам магчыма, што адток капіталу прымусіць краіны, якія развіваюцца, уводзіць абмежаванні на валютныя аперацыі ў выглядзе кантролю за рухам капіталу, мяркуе эканаміст Citigroup па краінах EM Дэвід Лабінаў.

Згодна з класічнай эканамічнай тэорыі, для абароны ўнутранай эканомікі патрабуецца зніжэнне працэнтных ставак, але для прадухілення маштабнага адтоку капіталу патрэбныя больш высокія стаўкі, асабліва калі пазыковая нагрузка расце, што стварае невырашальную задачу для цэнтрабанкаў.

«Адзіны спосаб ліквідаваць гэта супярэчнасць - у прынцыпе, закрыць рахунак аперацый з капіталам. - піша Лабінаў. - Чым даўжэй вірус будзе з намі, тым больш пад пагрозай можа быць мабільнасць капіталу ў EM».

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках