17 красавiка 2024, Серада, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Улады да апошняга марудзілі, баяліся жорсткіх захадаў»

7
«Улады да апошняга марудзілі, баяліся жорсткіх захадаў»

Аповед крымчанка пра каранавірус у Італіі.

Італія, горад Сан-Ладзара-ды-Савэна. Маладая мама з маленькай дачкой два тыдні не выходзіць на двор, ежу ім прыносіць муж, які не пакідае працу. У акно даносяцца гукі з гучнамоўніка - іх папярэджваюць пра небяспеку, а з Бэргама, што за 240 кіламэтраў ад іх, вязуць целы на крэмацыю, паведамляе Крым.Реалии.

Альбіна Ахмадзеева дзесяць гадоў таму пераехала ў Італію з Крыма, яна крымская татарка, на паўвыспе застаюцца жыць ейныя сваякі. Маладзіца бачыла наступствы COVID-19 і цяпер звяртаецца да крымчукоў.

- Вірус хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Італіі. Чаму так адбылося, з Вашых назіранняў?

- Рэч у тым, што шмат хто першапачаткова несур'ёзна паставіўся да сітуацыі, нават медыкі. Калі вірус прайшоў па Кітаі, тут і не думалі, што ўсё абернецца пандэміяй. 21 лютага дыягнаставалі першы выпадак заражэння ў Італіі. Тады таксама падумалі, што гэта лакальная праблема: 10 мястэчак абвясцілі чырвонай зонай і ўздыхнулі спакойна. Але калі масава пачалі рабіць тэсты на каранавірус, даведаліся, што хворыя ёсць ва ўсёй Італіі. І толькі недзе пасля 8 сакавіка людзі пачалі задумвацца сур'ёзна, і тады ўжо забаранілі выходзіць з дому.

- А ў перыяд з 21 лютага да 8 сакавіка праходзілі карнавалы, былі нейкія масавыя акыі і ўсе актыўна ў гэтым удзельнічалі...

- Так, італійцы не могуць без сацыяльных кантактаў, для іх гэта важная складовая частка жыцця. Карнавалы праходзілі ў кожным мястэчку ва ўсёй Італіі і, збольшага, людзі ішлі на бавенні. Можа, хтосьці і застаўся дома, хто сур'ёзна ўспрыняў небяспеку, але гэта - адзінкі.

ФОТА: REUTERS

- А вы з мужам і дзіцем засталіся дома?

- Мы выйшлі толькі на закупы. Мы не рабілі запасаў на год, купляем харчы раз на два тыдні. З таго часу сядзім дома, я баюся, шчыра кажучы. Баюся я не столькі захварэць, кажуць, у нашым веку хвароба пераносіцца лягчэй, колькі трапіць у шпіталь, дзе цяпер няма месцаў і вельмі напружаная сітуацыя.

- Гэта значыць, толькі муж для вас - сувязь з вонкавым светам цяпер? Ён ходзіць у крамы, ён ездзіць на працу...

- Так, мой муж займаецца кур'ерскай дастаўкі прадуктаў, і нам у гэтым сэнсе пашанцавала, ён можа дакупіць нешта неабходнае для дома.

- Муж апавядае, якіх тавараў цяпер не стае, якая сітуацыя на дарогах, што змянілася?

- На дарогах спакойна, аўтамабіляў вельмі мала, выязджаюць толькі тыя, хто працуе. У крамах усё ёсць, бывае, што ў маленькай краме разабралі ўсё, не паспелі выставіць тавар. Перш за ўсё заканчваюцца, вядома, макарона, рыс, мука і дрожджы.

- Інгрэдыенты нацыянальных італьянскіх страў.

- Так, менавіта так. Але ўвогуле з харчамі ўсё добра, калі пад вечар разабралі, то з раніцы ўсё ўжо выставілі на прылаўкі зноў.

ФОТА: REUTERS

- А як вы ацэньваеце дзейснасць дзеянняў улад у барацьбе з эпідэміяй?

- Мне здаецца, Італія баялася рабіць жорсткія захады. Тут доўга не важыліся спыняць вытворчасць, далей шылі адзенне, выраблялі тавары, без якіх, на мой погляд, цалкам можна абысціся на час карантыну. Улады баяліся падзення эканомікі, напэўна, трэба было хутка пераняць схему Кітая: зачыніць усё, што не тычыцца рэчаў першай неабходнасці і пераседзець пару тыдняў. У тым жа Бэргама і Брэшыа - гэта вытворчыя зоны - там 70 адсоткаў прадпрыемстваў дагэтуль працавалі. Гэта колькі тысяч насельніцтва хадзілі ў крамы, рэстарацыі, кантактавалі! Улады да апошняга марудзілі, гэта, вядома, цяжкая развязка, але, напэўна, трэба было рабіць жорсткія захады раней.

ФОТА: REUTERS

Людзі ж да апошняга выходзілі на двор і выходзяць цяпер, шукаюць нагоду. Мой муж часам на адзін і той жа адрас дастаўляе харчы два разы на дзень, чалавеку проста сумна сядзець дома. Гэта нядбалае стаўленне.

ФОТА: REUTERS

У Італіі сярэдняя працягласць жыцця 82 гады, тут ужо траціна насельніцтва - старыя. Ад паджылых людзей часта можна пачуць: «Мы шмат што бачылі, мы перажылі вайну і гэта перажывём» або «Ну, памру і памру, я ўжо стары, мой час прыйшоў». Але, калі шчыра, нікому не зычыш памерці так, бо немагчыма развітацца з блізкімі: у шпіталь крэўных не пускаюць, родзічаў нават да труны не падпусцяць. Людзей, якія паміраюць з дыягназам «каранавірус», забаронена хаваць традыцыйным чынам, іх крэмуюць. Сваякі не могуць развітвацца, ім аддаюць толькі прах.

- Альбіна, у вашым родным Крыме і сёння шмат хто да небяспекі ставіцца несур'ёзна, улады не ўводзяць жорсткі карантын, тлумачачы гэта тым, што няма вялікай колькасці заражэнняў...

- У мяне ў Крыме жывуць дзве сястры, бацька, пляменнікі, сем цётак і яшчэ стрыечныя браты, сёстры – мы маем вельмі вялікую сям'ю. Я прашу іх сцерагчыся. Абмяжуйце стасункі з іншымі людзьмі, заставайцеся дома, мыйце рукі часцей. Калі ласка, сур'ёзна задумайцеся пра сітуацыю, вірус закрануў увесь свет, няўжо ў вас няма небяспекі заразіцца?! Я не думаю, што крымская сістэма аховы здароўя можа даць рады масавай хваробе. Клапаціцеся пра сябе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках