19 сакавiка 2024, aўторак, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палымянае сэрца Алеся Мары

9
Палымянае сэрца Алеся Мары
АЛЕСЬ МАРАЧКІН
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Да 80-годдзя творцы.

30 сакавіка мы адзначаем 80-годдзе Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) — выбітнага беларускага творцы і грамадскага дзеяча.

Без шматбаковай дзейнасці гэтага пасіянарнага грамадзяніна, мастака і літаратара немагчыма ўявіць беларускае нацыянальнае Адраджэнне апошняй траціны XX — пачатку XXI стагоддзяў. У розныя гады Марачкін — сябра аргкамітэту БНФ «Адраджэньне», першы старшыня суполкі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў, старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», адзін з заснавальнікаў грамадзянскіх ініцыятываў «Рада беларускай інтэлігенцыі» і «Эксперты ў абарону Курапатаў».

Творчасць мастака Алеся Мары вылучаецца надзённасцю, узнёсласцю вобразаў, нечаканасцю кампазіцый, эксперыментамі ў матэрыяле, стрыманасцю і гармоніяй колераў, вытанчаным густам. Адданасць нацыянальным мастацкім традыцыям і цвёрдая грамадзянская пазіцыя прынеслі творцу шырокую вядомасць у Беларусі і за яе межамі. Майстра і яго працы неаднойчы пераследаваліся. Кожная новая выстава творцы становіцца падзеяй у культурным жыцці краіны.

Зараз Алесь Мара разам з іншымі беларускімі мастакамі знаходзіцца на пленэры ў гарах Чарнагорыі. Уяўляю, як ён хвалюецца, што з-за пандэміі адрэзаны ад Бацькаўшчыны. Аднак, ведаючы незвычайную працавітасць творцы, упэўнены: па вяртанні на Радзіму Аляксей Антонавіч арганізуе чарговую цікавую выставу з шматлікіх твораў, напісаных пад час пленэру, што так нечакана зацягнуўся.

Паколькі сябрую з Алесем Марай амаль чвэрць стагоддзя, хацеў бы прыгадаць некаторыя асаблівасці гэтай неардынарнай асобы.

Як чалавек, што жыццё прысвяціў справе пабудовы вольнай і дэмакратычнай Бацькаўшчыны, мой сябра штораз рэфлексуе сваімі жывапіснымі і графічнымі творамі на ўсе важныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця краіны і свету. Так, на адкрыццё таямніцы Курапатаў вясною-летам 1988 года і асэнсаванне грамадствам гэтай падзеі творца адказаў эскізам Крыжа Пакуты, усталяванага ў Курапатах на Дзяды 1989 года, а таксама абразом Маці Божай Курапацкай усіх бязвінна расстраляных, выява якога неўзабаве з’явілася каля Крыжа Пакуты. Дзякуючы гэтым знакавым творам мастак стаў першапраходцам курапацкай тэмы ў нацыянальным мастацтве. У мінулым годзе Алесь Мара напісаў актуальнае палатно «Навала-2. Сённяшнія Курапаты», прысвечанае абароне Народнага мемарыялу ахвярам чырвонага тэрору ва ўрочышчы, і серыю сатырычных малюнкаў на гэтую ж тэму.

Аляксей Антонавіч — цікавы паэт і празаік, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. У свой час з вялікім задавальненнем прачытаў ягоны паэтычны зборнік «Калодзеж у жыце». У вершы «Дзядзька Язэп» — прысвячэнні свайму духоўнаму настаўніку, класіку беларускага выяўленчага мастацтва Язэпу Драздовічу, паэт прарочыць:

Жыве Беларусь, покуль мы не знямелі!

Жыве! Покуль з намі адчай і адвага.

І будзе да нас, як да іншых, павага.

Жыве! Хай паўторыцца,

нібы замова.

Жыве Беларусь, покуль жыць

будзе мова!

Апошнюю кніжку творцы — «Ад Магніта-Балабуя да Готланда», ілюстраваную аўтарскімі малюнкамі, склалі дзіцячыя і юнацкія ўспаміны, развагі пра жыццё і творчасць, дзённікавыя запісы, што зроблены ў горадзе Вісбы — на шведскай выспе пасярод Балтыкі. Прачытаў гэтую кніжку, як кажуць, на адным дыханні. А потым перачытаў, зачараваны светам яе вобразаў і незвычайнай — вельмі вобразнай мовай аўтара.

Ён вядзе чытача ад дзеда Магніта-Балабуя, які лютай зімой 1941 году травамі ды замовамі ратаваў гадавалага Лёксіка, якога знайшлі змёрзлым пад снегам, праз гісторыю сваёй роднай вёскі Папоўшчына (пазней Нова Слабада) на Чэрыкаўшчыне з яе дзіўнымі насельнікамі. Сярод іх — матка Хадора і бацька Антон — бібліятэкар, тыповы вясковы інтэлігент і рамантык, душа якога ірвалася паглядзець свет. Менавіта бацькі народнымі песнямі і паданнямі, сваім лёсам, думкамі і паводзінамі фарміравалі душу будучага мастака. Кранальна ўзгадвае аўтар старога Логіна і ягоную жонку Маланню, якая не магла паверыць, што загінуў на вайне яе адзіны сынок Васіль і ўсё чакала яго — выходзіла на край вёскі і ўглядалася ў далячынь на дарогу… Запалі ў душу расповеды Алеся Мары пра ўнікальнага вясковага майстра-вынаходніка Адама Смаленкіна, які амаль зрабіў верталёт і пабудаваў аэрасані, на якіх катаў дзяцей, пра настаўніка беларускай мовы і літаратуры Пётру Рыгоравіча Плісікава, які адкрыў хлопчыку ўсю прыгажосць паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» і падтрымаў цягу свайго вучня да роднай мовы.

І некалькі словаў пра Алеся Мару — харызматычнага выступоўцу і палеміста. Часам ён — артыст з тонкім пачуццём гумару, які сваім густым барытонам, прывабнай усмешкай і чароўнымі аповедамі заварожвае слухачоў. Тады ён можа выцягнуць са сховішчаў сваёй памяці старадаўнюю песню ці невядомы жарт, каб пацешыць сяброў. Шчырая лагодная ўсмешка майстры сведчыць, што цёплы і светлы Алесь Мара — чалавек добрай і вялікай душы.

Але, як сам пра сябе напісаў творца, «бываю часам дужа колак». Тады, калі гаворка ідзе пра прынцыповае адстойванне каштоўнасцяў беларускага нацыянальнага жыцця і ўвогуле спрадвечных чалавечых каштоўнасцяў. У такіх варунках наш герой — востры палеміст. Ягоны голас набірае рашучасці і металу, а сам творца ідзе ў мазгавы бой за праўду і справядлівасць для свайго народу. Памятаю, як на заўвагу Алесю Мары паберагчы сваё гарачае сэрца пачуў ад яго ў адказ: «Толькі халоднае сэрца б’ецца спакойна»…

На фота: Алесь Мара знаёміць са сваімі творамі ўдзельнікаў адкрыцця III дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні» (Мінск, Палац мастацтва, 13 лістапада 2019 года). Сярод экспануемых — абраз Маці Божай Курапацкай усіх бязвінна расстраляных, «Пасланне», «Навала-2. Сённяшнія Курапаты» (гэтае палатно мастака прадстаўлена і ў фрагментах).

Віншуем Аляксея Марачкіна з Днём народзінаў! Жадаем моцнага здароўя, плёну і сілаў для далейшага служэння на глебе беларушчыны!

Марат Гаравы, «Новы Час»

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках