19 сакавiка 2024, aўторак, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары, не маўчыце, дапамажыце прадухіліць катастрофу!

46
Лекары, не маўчыце, дапамажыце прадухіліць катастрофу!
АНДРЭЙ ВОЙНІЧ

Стаўка – жыцці тысячаў нашых суайчыннікаў.

Ну што, людзі, мы ўсе разам дачакаліся, дацягнулі, датрывалі да таго моманту, калі Лукашэнка фактычна стаў масавым забойцам. Сённяшняя сітуацыя з каранавірусам не проста жахлівая, яна трагічная, а для Беларусі – удвая. Чалавек, які ўсё вызначае, не зрабіў нічога для стрымання распаўсюду эпідэміі, паспадзяваўшыся на авось.

Праблемаў хапала і без таго. Нястача грошай і падзенне кошту на нафту моцна ўдарылі па эканоміцы, а тут яшчэ гэтая праклятая эпідэмія на галаву звалілася. Здавалася б, трэба тэрмінова глядзець на чужы досвед і рыхтавацца да катастрофы, набываць апараты ШВЛ, антысептыкі і спецсродкі, якасныя лекі, раздаваць вітаміны дзецям у школах. Але мы будуем флагштокі, праводзім спаборніцтвы і рыхтуемся да славянскага базару.

Шкурная цікавасць аднаго чалавека перамагла здаровы сэнс. Плаціць за гэта нам, толькі на гэты раз – сваім жыццём.

Першая афіцыйная ахвяра каранавірусу ў Беларусі – актор Віцебскага нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Даведаліся мы пра гэта толькі таму, што ён быў вядомым чалавекам.

Колькі беларусаў памерлі ад каранавірусу да яго? Колькім сем'ям забаранілі расказваць пра тое, як яны страцілі сваіх блізкіх? Колькі цяпер людзей знаходзіцца ў перапоўненых лякарнях з сімптомамі каранавірусу і дыягназам «пнеўманія».

Да нас даходзяць толькі чуткі, лекары маўчаць, скаваныя падпіскай пра невыдаванне інфармацыі і пагрозай звальнення. Ведаю пра гэта з першых вуснаў. Адзінкі гатовыя гаварыць праўду і нават той мізэрнай інфармацыі, якую яны падаюць, дастаткова, каб зразумець, што адбываецца.

Невуцтва Лукашэнкі будзе каштаваць нам тысячаў чалавечых ахвяраў. Стаўка – жыцці тысячаў нашых суайчыннікаў. Да дыктатара звяртацца бессэнсоўна. Да запалоханых чыноўнікаў, якія даўно звыкліся думаць толькі пра сябе, таксама.

Звяртаюся да лекараў. Вы на перадавой барацьбы з заразай, і мы ўдзячныя вам за тое, што вы робіце. Але можна зрабіць больш. Баязлівая ўлада цяпер шантажуе і запалохвае вас, але потым яна вас зробіць крайнімі. Паверце, пагроза звальнення – нішто ў параўнанні з стратай блізкага чалавека. Без працы вы не застаняцеся. Не маўчыце, раскажыце нам пра рэальную сітуацыю. Дапамажыце прадухіліць катастрофу.

Андрэй Войніч, прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках