19 красавiка 2024, Пятніца, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У дваіх вучняў менскай танцшколы каранавірус

6
У дваіх вучняў менскай танцшколы каранавірус
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА REUTERS

У тым ліку – у медычкі з аддзялення пульманалогіі.

Адна са сталічных танцавальных школаў сыходзіць на карантын. Прычына – пацвердзіўся каранавірус у дваіх вучняў. Спачатку забралі ў лякарню вучаніцу, якая працуе ў адной з менскіх лякарняў, у пульманалагічным аддзяленні, паведамляе tut.by.

Пра тое, што ў адной з вучаніцаў танцавальнай школы пацвердзіўся дыягназ COVID-19, трэнер Валерый Юруць папярэдзіў іншых вучняў яшчэ 29 сакавіка на сваёй старонцы ва «Укантакце». У танцшколы два філіялы – спачатку інфекцыя праявілася ў дзяўчыны, якая займаецца на вуліцы Кальварыйскай.

Вучаніца працуе ў адной са сталічных лякарняў у аддзяленні пульманалогіі, дзе займаюцца дыягностыкай і лекаваннем захворванняў лёгкіх і дыхальных шляхоў. Пакуль няма інфармацыі, на якой пасадзе.

«Да 27 сакавіка (пятніца) у іх не было хворых на каранавірус. Таму яна не бачыла прычынаў не хадзіць на заняткі», – адзначае выкладчык танцаў.

Ён дадае, што ў апошнія разы на групавых занятках мянчанка была ў сераду 25 сакавіка і ў чацвер 26 сакавіка. Акрамя таго, у дзяўчыны ёсць хранічнае захворванне, якое суправаджаецца кашлем, так што яна не расцэньвала гэты сімптом як прыкмету хваробы.

29 сакавіка выкладчык адзначаў, што санслужба бярэ на кантроль усіх, хто кантактаваў з дзяўчынай, а частка школы танцаў з засцярогі сыдзе на двухтыднёвы карантын. Зрэшты, да аўторка 31 сакавіка сітуацыя ўскладнілася – COVID-19 пацвердзіўся і ў хлопца, які займаўся з дзяўчынай у адной групе.

– У нас ужо два інфіцыраваныя і 28 кантактаў першага ўзроўню, якія пад наглядам санстанцыі – нехта ў лякарні, нехта на самаізаляцыі. Плануем сыходзіць на карантын – з скасаваннем групавых заняткаў у парных танцах на месяц, дамаўляліся з арэндадаўцамі, – растлумачыў Валерый Юруць.

Суразмоўца дадае, што іх школа не адзіная ў Менску, якая цяпер сыходзіць на карантын.

– Школы, якія плацяць пагадзінную арэнду за памяшканні, зачыніліся, хоць там і няма хворых – мала людзей ходзіць і ім нявыгадна здымаць залы. Некаторыя пастанавілі перастрахавацца і скасавалі заняткі. Пры пагадзіннай арэндзе яны прынамсі не ўваходзяць у страты. У нас поўная арэнда, таму да апошняга даводзілася працаваць. Ды і прамых пагрозаў не было: у студыі ўжываліся захады санапрацоўкі і дэзынфекцыі, Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што кантралюе сітуацыю.

Адзначым, што раней пра выпадкі заражэння медыкаў не паведамлялася. На днях лекары ў Беларусі абмяркоўвалі паміж сабой новае правіла – пра тое, што з 25 сакавіка медыцынскіх супрацоўнікаў, якія кантактавалі з заражанымі каранавірусам пацыентамі, не шпіталізуюць. Яны павінны заставацца на працы, пры гэтым у іх возьмуць мазкі на каранавірус і будуць вымяраць тэмпературу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках