25 красавiка 2024, Чацвер, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяць рэчаў, якія абавязкова трэба зрабіць з машынай пасля зімы

7
Дзесяць рэчаў, якія абавязкова трэба зрабіць з машынай пасля зімы

Беларускім кіроўцам для ведання.

Многія мяркуюць, што ўзімку машыне дастаецца напоўніцу, а летам умовы цяплічныя, а раз так, чаго да іх рыхтавацца? Гэта не зусім так, піша abw.by.

Летняя спякота азначае дадатковую нагрузку для рухавіка, трансмісіі і тармазоў, а моцныя ліўневыя дажджы тое яшчэ выпрабаванне для шклоачышчальніка. Ды і сістэмам вентыляцыі і кандыцыянавання ў гэты час несалодка. Увогуле, праверак на трываласць "тонкіх месцаў" хапае.

Таксама не варта забывацца, што аўтамабіль у прынцыпе варта праверыць пасля зімовай эксплуатацыі, нават калі абышлося без маразоў, снегу і саляных раствораў, як у гэтым сезоне. Бо такія негатыўныя чыннікі, як высокая вільготнасць і перапады тэмператураў, усё роўна былі, ды і слупок тэрмометра перыядычна апускаўся ніжэй за нулявую адзнаку. Так што зіма хоць і была нашмат мякчэйшая за звычайную, зусім без нагрузак матчастку не пакінула.

Праверыць і абслужыць рухавік

Як ні круці, а зімой рухавік меў больш "халодных" пускаў, даўжэй праграваўся, адпаведна больш працаваў у неаптымальных тэмпературных рэжымах. Так што замена алею і фільтраў пасля заканчэння сезону – нядрэнная ідэя. Зрэшты, тут трэба браць да ўвагі і закладзены міжсэрвісны інтэрвал.

Але перад пачаткам летняй эксплуатацыі не перашкодзіць як мінімум візуальны агляд матора на прадметвы, а таксама праверка стану сістэмы астуджэння, бо менавіта ад яе эфектыўнасці будзе залежаць "здароўе" рухавіка ў гарачыя месяцы. Таму пераконваемся ў цэласнасці і чысціні радыятара, адсутнасці выцечак антыфрызу, працаздольнасці тэрмастата і вентылятара сістэмы астуджэння. Дарэчы, вы памятаеце, што антыфрыз мае абмежаваны тэрмін службы?

Не забыцца пра акумулятар

Халодныя пускі нават гэтай цёплай зімой усё ж былі, кароткія гарадскія паездкі напэўна таксама. Ці дакладна акумулятар паспяваў аднаўляць выдаткаваную энэргію? Як мінімум варта праверыць узровень зарада, а таксама пераканацца ў тым, што сам корпус батарэі і клемы знаходзяцца ў чысціні. Калі ёсць доступ да банкаў батарэі, варта праверыць узровень і шчыльнасць электраліта.

Ці працуе кандыцыянер?

Звычайна з надыходам цёплых дзён выяўляюцца праблемы з кандыцыянерам – калі ім нарэшце пачынаюць карыстацца. У мінулым зімовым сезоне кандыцыянер мог працаваць значна часцей, так што павінна абысціся без нечаканак. Тым не менш прыгледзьцеся-прыслухайцеся, як функцыянуе сістэма: ці няма пабочных гукаў, вібрацый? Пададзенае з вуліцы паветра ў любым выпадку будзе халодным, але з таго, як хутка яно распраўляецца з запатнелым шклом, можна зразумець, падсушваецца яно сістэмай ці не.

Як вядома, пры адсутнасці холадагенту ў сістэме адна толькі запраўка праблемы не развяжа – трэба шукаць месцы выцечак. Мае патрэбу ў перыядычнай праверцы і кандэнсар, які пакутуе ад агрэсіўнага навакольнага асяроддзя. А ад дойгай бяздзейнасці кандыцыянера можа ўзнікаць унутраная карозія асобных вузлоў, напрыклад кампрэсара. Увогуле, вясна – самы час праверыць і, калі трэба, прывесці сістэму кандыцыянавання ў парадак.

Як там "дворнікі"?

У летні перыяд эксплуатацыі "дворнікам" даводзіцца працаваць не менш, чым зімой, таму варта звярнуць увагу на стан шчотак. А ў выпадку з аўтамабілем ва ўзросце яшчэ і пераканацца ў тым, што трапецыя шклоачышчальніка знаходзіцца ў цалкам працаздольным стане. У некаторых мадэляў гэта ў прынцыпе балючае месца, а з узростам "закісання" шарніраў – звычайная справа на многіх старых машынах. Галоўны сімптом – запаволенне працы шклоачышчальніка, асабліва "на сухую". "Лечыцца" разборкай, ачысткай, распрацоўкай і змазкай механізму.

Ганяем "жукоў"

Дарэчы пра карозіі. Узімку яна запавольваецца за кошт нізкай тэмпературы навакольнага паветра, а з надыходам цяпла працэс пажырання металу актывізуецца і паскараецца. Таму, калі вылезлі новыя "жукі", самы час імі заняцца. Ну, і нагадаем, што найлепшая прафілактыка – перыядычная старанная мыйка кузава, лепш за ўсё ручная.

Падвеска і рулявое кіраванне

На сухім асфальце хуткасці ўзрастаюць – падвесцы і рулявому трэба будзе працаваць з вялікімі нагрузкамі. Раз не было моцных маразоў і моцных перападаў тэмператураў, ёсць шанец, што гэтай вясной абыдзецца без разбітых дарог і славутых ямачных рамонтаў, а значыць, ужо можна заняцца хадавой часткай. Правяраем цэласць пылавікоў і наяўнасць люфтаў, мяняем пры патрэбе дэталі.

Тормазы ў парадку?

Абышлося без снегу, адпаведна практычна не было на дарогах солі, а значыць, і тармазам лягчэй, чым у папярэднія гады. Тым не менш варта пераканацца ў тым, што тросы "ручніка" не закіслі, а накіроўвальнікі супортаў не падкліньваюць, бо гэта адбіваецца і на рэсурсе калодак і дыскаў, і на эканамічнасці аўтамабіля.

Да таго ж наперадзе летні сезон, падчас якога тармазная сістэма таксама будзе працаваць з падвышанай тэмпературнай нагрузкай. Таму глядзім тармазы і не забываемся пра тое, што тармазная вадкасць патрабуе перыядычнай замены ці прынамсі праверкі на прадмет утрымання ў ёй вады.

"Лета" пачакае

Пераходзіць на летнюю гуму рэкамендуецца, калі тэмпература цягам усіх сутак, то-бок і ў начны час, стабільна трымаецца вышэй за +4... 5°С, а цяпер якраз блізка да гэтага. Увогуле, ёсць спакуса адправіцца на шынамантаж, тым больш што і ПДР дазваляюць "пераабувацца" ў сакавіку. Тут бы спаслацца на досвед ранейшых гадоў, калі мы бачылі снег у красавіку і замаразкі ў траўні, але гэтым разам увогуле ўсё інакш.

Тым не менш наша парада: пачакаць яшчэ пару тыдняў, калі і начамі будзе далёка ад нулявых тэмператураў. Калі ж пастанавілі перайсці на летнія шыны ўжо цяпер, проста ўважліва сачыце за прагнозамі надвор'я і ўжывайце захады засцярогі ў выпадку падзення тэмпературы.

Можа, час на развал-сыходжанне?

Правяраць вуглы ўстаноўкі колаў у прынцыпе рэкамендуецца хоць бы раз на год ці кожныя 15–20 тыс. км, асабліва калі допускі ў параметрах у аўтамабіля мінімальныя, а ў працэсе эксплуатацыі былі не толькі роўныя дарогі. Зразумела, на развал-сыходжанне варта ехаць пасля дыягностыкі і рамонту падвескі, ужо на летніх шынах.

"Летняя" камплектацыя

Асабіста ў аўтара гэтых радкоў камплектацыя аўтамабіля залежыць ад сезону. Зімой у багажніку рыдлёўка, дошка, каністра з "незамярзайкай" і сродак для ачысткі шкла ад лёду. Улетку замест гэтага з’яўляецца каністра з вадой, сонцаахоўныя фіранкі і крэсла-складанка. Ну а трос, правады для "прыкурвання", набор інструментаў, пластыкавыя сцяжкі і армаваны скотч знаходзяцца на борце ўвесь час.

Наш вердыкт

Некаторыя з захадаў могуць здацца залішнімі, некаторыя з парадаў – банальнымі. Але з улікам досведу эксплуатацыі розных аўтамабіляў, а таксама ўспамінаючы выпадкі дапамогі на дарозе іншым кіроўцам, прыходзіш да высновы, што лішняй праверка і падрыхтоўка тэхнікі да чарговага сезону не будзе. Роўных дарог!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках