24 красавiка 2024, Серада, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У Лукашэнкі пайшла суцэльная паласа паразаў»

46
«У Лукашэнкі пайшла суцэльная паласа паразаў»

Што кажуць жыхары вобласці, дзе выдалі заробак па $ 50?

На днях працаўнікі аграпрадпрыемства «Шчадрынскае» ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці атрымалі разліковыя ведамасці з новымі заробкамі. За цяжкую працу на ферме практычна без выходных людзі атрымалі $ 50–100 на рукі.

«Сын прыйшоў, трымае разлікоўку і плача: мама, не магу больш так, звальняюся, еду на Расею. Сыночку 21 год», – расказала журналістам працаўніца фермы.

Што адбываецца з заробкамі ў беларускіх рэгіёнах і як гэта адбіваецца на настроях людзей? На пытанні Charter97.org адказвае актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» са Светлагорску Зміцер Савіч.

– Як Вы пракаментуеце сітуацыю з заробкамі ў гаспадарцы Жлобінскага раёна?

– Сітуацыя залежыць ад тыпу прадпрыемстваў. Напрыклад, ёсць ведамасныя гаспадаркі, якія адносяцца да «Беларусьнафты». У іх, магчыма, сітуацыя лепшая і з паліва-змазачнымі, і з усімі астатнімі неабходнымі матэрыяламі. Але ёсць прадпрыемствы камунальнай формы ўласнасці. Яны не атрымліваюць такога аб'ёму падтрымкі, як ведамасныя.

Таксама ёсць чыннік сезоннасці. У зімовы перыяд заробкі, натуральна, ніжэйшыя, а ў летні – вышэйшыя. Ёсць і чалавечы чыннік: многае залежыць ад кіраўніка і нават ад раёна.

У цэлым у эканоміцы склалася непрыемная сітуацыя. У Лукашэнкі ёсць праблема з пастаўкамі нафты, чаму павялічыліся кошты на энэргарэсурсы і гаспадаркам не хапае грошай на закупку неабходных матэрыялаў: паліва-змазачных, рамонтных, запчастак.

Усе прадпрыемствы завязлі ў крэдытах, у людзей адсутнічае стымул для працы. Дарэчы, механізатары з «Шчадрынскага» самі сказалі, што калі б прадпрыемства было прыватнае, то ўсё было б па-іншаму. Яны расказалі: «Мы паводле спісу выпісалі неабходнае, усе запчасткі і матэрыялы, а прыйшло 20% ад таго, што прасілі».

Яшчэ адна важная асаблівасць дзяржсектару ў Беларусі: у ім няма роўных умоваў, якія павінны быць у суб'ектаў гаспадарання, у калгасаў, у сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Атрымліваецца, калі ёсць блат у банкаўскай сферы, то табе могуць даць крэдыт і ты будзеш трымацца. Але гэта тычыцца ў асноўным прывілеяваных гаспадарак, звязаных асабіста з Лукашэнкам ці ягонай наменклатурай.

У нас жа, у Светлагорскім раёне, сельгасвытворцы не шыкуюць. Нельга сказаць, што нехта атрымлівае па $ 500, такіх людзей проста няма. Можа, у «Шчадрынскім» таму людзі самі паклікалі журналістаў, што сітуацыя ступіла ўжо праз край. 100 рублёў атрымліваць – гэта як жыць? Увогуле, у большасці гаспадарак такая ж сітуацыя, як у Шчадрыне, проста людзі пакуль маўчаць. Таму што ёсць вагары ціску як непрадаўжэнне кантракта. Людзі баяцца, што не змогуць дзяцей у садок уладкаваць або будуць ціснуць праз дзяцей-студэнтаў. Такое ў Светлагорску было, калі хадзілі людзі з выканкама і складалі «чорныя спісы».

У нас амаль уся краіна жыве, як у Шчадрыне. Тысячаў сто чалавек, можа, на ўсю Беларусь добра жывуць, па-еўрапейску, але астатнія недалёка сышлі ад «Шчадрынскага».

– А Лукашэнка ж калісьці прыйшоў да ўлады на абяцаннях «палепшыць жыць сельскага працаўніка»...

– Ён прыйшоў у сярэдзіне 90-х, калі ўсе чакалі значна горшага. Але ў іншых постсавецкіх краінах паступова пачалося самааднаўленне рынку: абнавілася эліта на ўсіх узроўнях, з'явіліся новыя ўласнікі. Лепш бы і ў нас ішоў гэты працэс натуральнага рынкавага развіцця – у выніку цяпер было б зусім іншае грамадства.

Цяпер жа сістэма зацыкленая толькі на ўзбагачэнні вузкай групы асобаў на чале з Лукашэнкам. Так, ён шмат чаго абяцаў, але чаканні, мякка кажучы, не апраўдаліся. Тое, як жывуць людзі ў той жа Польшчы, і тое, як жывуць у нас – гэта дзве вялікія розніцы. Нам трэба, каб эканоміка пачала развівацца паводле іншых механізмаў і каб раскрыўся творчы патэнцыял народа.

– Што кажуць людзі ў Светлагорску і іншых рэгіёнах пра свае прыбыткі і перспектывы працы ў Беларусі?

– Падчас «парламенцкай» кампаніі я, як прадстаўнік «Еўрапейскай Беларусі», праводзіў пікеты і прапаноўваў выказацца ўсім, хто на іх прыходзіў. Атрымаўся адкрыты народны мікрафон. У асноўным людзі выказвалі сваю незадаволенасць уладай. Усе бачаць, што ёсць чысценькая, прыгожая абгортка звонку, але сама «цукерка» ўнутры зусім нясмачная, прэсная – як кавалак гліны. Людзі казалі, што няправільна аднаму чалавеку столькі быць ва ўладзе, павінна быць змяняльнасць – тады і будзе большы рост эканомікі і ўзроўню жыцця. У нас ёсць патэнцыял, але ён не раскрываецца, таму што спосаб кіравання застаўся савецкім, прадпрыемствы знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем, навукова-тэхнічная школа разбураная.

Людзі выказваліся на адрас Лукашэнкі ў такім ключы: «У цябе было 25 гадоў. Ты не мог нічога зрабіць тлумачальнага? Вынік кіравання Лукашэнкі – гэта паглынанне рэшткаў спадчыны Савецкага Саюза».

Пару пенсіянераў нават адкрытым тэкстам казалі, што гэтую «сямейку з Драздоў» трэба прыбіраць, што Беларусь – гэта надоўга, а лукашэнкі – часовыя». Ён сапраўды ўжо заседзеўся, усе тэрміны выйшлі. Бо гэта сямейка, якая проста села на ўладу і канкрэтна ўкаранілася ў Менску, і абсалютна плюе на ўсіх астатніх.

Няма нават намёку на нейкае спачуванне да таго ж самага Светлагорску. Замест развязання праблемы з «прасмердлым заводам» ён стварыў тэатральную сцэнку: «Як!? Ды я ж нічога не ведаў. Я разбяруся! Пах, смурод, усё выправім». І што ў выніку? Ён паехаў 14 лютага, яшчэ ж дзень такі абраў, каб у людзей настрой быў больш добры і набывалі падарункі. Я думаю, што ён і 8 сакавіка прыехаў бы папросту. Уключыў завод, а Юры Назараў пайшоў на павышэнне: быў старшынёй «Беллеспаперапрама», а цяпер стаў віцэ прэм'ерам.

– Дарэчы, пра завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску... Як паўплывала будаўніцтва «прасмердлага» завода на стаўленне людзей да ўладаў?

– Гэты завод – гэта вельмі сур'ёзная параза Лукашэнкі. Вядома, у яго ўжо шмат падобных фіяска: гэта і Берасцейскі акумулятарны, і «Омск карбон» у Магілёве, і «Крычаўцэмент», і Добрушская фабрыка. Можна сказаць, што ў Лукашэнкі пайшла суцэльная паласа паразаў

Ён усюды да «мадэрнізацыі» ці пабудовы зноўку запрашае кітайцаў. У кожным месцы гэта скончылася фіяска. Гэтыя прадпрыемствы не сталі тым, што ўсе чакалі. Такія пралікі, прамашкі – гэта ўдар па ўладзе Лукашэнкі.

– Што, на Вашу думку трэба рабіць, каб беларускія працоўныя перасталі плакаць над разліковымі лісткамі пасля «заробку»? Як памяняць сітуацыю ў краіне?

– Асабіста я думаю, што павінен уключыцца нейкі калектыўны розум у людзей. Павінны ўсе зразумець, што трэба мяняць абстаноўку, калі хочуць жыць лепш. І трэба не баяцца, гэта вельмі важна.

Адзін з ключоў да развязання праблемы – гэта масавыя мітынгі, 100-тысячныя або 200-тысячныя. Людзі павінны групавацца, аб'ядноўвацца. Павінна быць добрая інфармацыйная і агітацыйная кампанія. Уласна, мы, «Еўрапейская Беларусь», гэтым і займаемся. Мы размаўляем з людзьмі, распаўсюджваем матэрыялы, тыя ж улёткі, артыкулы пішам.

Я думаю, што ў Беларусі спачатку павінен памяняцца палітычны і эканамічны лад – тады людзі пачнуць жыць лепш.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках