20 красавiка 2024, Субота, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер з Віцебска пра каранавірус: Шпіталі перапоўненыя, нават у калідорах месцаў няма

52
Блогер з Віцебска пра каранавірус: Шпіталі перапоўненыя, нават у калідорах месцаў няма
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА MINSKNEWS.BY

Віцебская вобласць можа стаць другой Ламбардыяй?

Сітуацыя з каранавірусам у Віцебску становіцца ўсё больш драматычнай. У СМІ з'явіліся ўжо неаднаразовыя сведчанні віцебскіх лекараў аб тым, што мясцовыя шпіталі перапоўненыя і эпідэмія можа выйсці з-пад кантролю паводле прыкладу Паўночнай Італіі.

31 сакавіка стала вядома, што ад каранавіруса памёр Віктар Дашкевіч, актор Віцебскага нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Улады не змаглі схаваць гэтую смерць, бо гаворка ідзе пра вядомага актора. У той жа час ёсць сведчанні, што напраўду ў Віцебску ад каранавіруса памерла ўжо 22 чалавекі, а заражаныя блізу 1000.

Пра тое, што адбываецца цяпер у горадзе на Дзвіне, сайт Charter97.org пагаварыў з віцебскай блогеркай Вольгай Жураўскай.

- Што цяпер адбываецца ў вашым горадзе? Ці сапраўды лякарні перапоўненыя людзьмі, якім ставяць дыягназ «ВРВІ» і «пнеўманія», але ў якіх відавочныя сімптомы каранавіруса?

- На жаль, гэта так. Калі мне 20 сакавіка забралі з падазрэннем на каранавірус, то высветлілася, што пакінуць тэрыторыю бальніцы не так проста. Яна ў нас закрытая, на выхадзе стаяць два супрацоўнікі міліцыі - калі ў форме, калі цывільным.

Калі я выходзіла з лякарні, каля ўваходу стаялі менавіта людзі ў цывільным. Яны схапілі мяне за руку і пачалі цягнуць у шпіталь, хацелі высветліць, як я туды трапіла і чаму сыходжу. Я сказала, што прыехала на «хуткай дапамозе», і мяне адпусцілі. Калі супрацоўнік пачаў мяне прыцягваць за руку, я сказала, што выклічу міліцыю, а ён адказаў, што сам міліцыя, і паказаў мне пасведчанне. З вялікай цяжкасцю мне ўдалося пакінуць тэрыторыю шпіталя. Перад гэтым мне зрабілі аналізы і адпусцілі дадому чакаць вынікаў, якія адправілі ў Менск. Сказалі: калі праз два дні вам не ператэлефануюць, значыць вы здаровыя.

Людзей, якія прыносяць перадачы, не пускаюць далей брамы ў шпіталь. Я сама бачыла, як у мужчыны забралі мяшок каля брамы і адправілі дадому.

У шпіталях велізарная колькасць людзей, якія ляжаць там з дыягназам «пнеўманія». Бальніцы перапоўненыя, нават у калідорах месцаў няма, там таксама ляжаць пацыенты. Лекараў, якія заступаюць на змены, нікуды не выпускаюць. Калі лекарам у прыёмных пакоях выдаюць экіпіроўку ў выглядзе белага камбінезона і маскі на твары, то малодшы медыцынскі персанал такім не забяспечаны. Многія адзяваюць звычайныя накідкі і маскі без рэспіратараў.

Лекары не хочуць паведамляць падрабязнасці: маўляў, усё добра, заставайцеся дома і старайцеся пазбягаць людных месцаў. Мне здаецца, што ў іх ёсць загад не выдаваць звесткі.

У выхадныя ў Віцебску было цёплае надвор'е, свяціла сонца. Людзі выйшлі на пікнікі, шашлыкі, дзеці ездзілі на роварах, тым больш што цяпер вакацыі. Пасля гэтага ў нас адбыўся рэзкі скачок захворванняў, якія афіцыйна дыягнастуюць як «пнеўманіі».

Увогуле гэта - эпідэмія.

- Блогер NEXTA паведаміў аб 22 памерлых і блізу 1000 хворых ў Віцебску. А афіцыйную смерць ад каранавіруса зафіксавалі толькі ў актора Віцебскага тэатра. Як вы думаеце, колькі людзей на напраўду магло заразіцца і памерці ў Віцебску ад COVID-19?

- Наконт памерлых, на жаль, дакладных лічбаў сказаць не магу, але тое, што ў Віцебску і раёне ўжо блізу 1000 хворых - гэта факт. Людзей з падазрэннем кладуць у адну палату з амаль ачунялымі людзьмі.

Усім, хто захварэў ставяць дыягназ «запаленне лёгкіх». Пры гэтым людзей наглуха закрываюць у палатах, яны не могуць выйсці. Калі б гэта была звычайная пнеўманія, не было б такіх абмежаванняў.

- Ці можа ўсё пайсці паводле найгоршага сцэнару, і Віцебская вобласць стане «беларускай Ламбардыяй»?

- Мы, відавочна, ідзём да гэтага. Віцебская вобласць сапраўды можа стаць другой Ламбардыяй. І гэта ўсё больш імаверна, чым даўжэй ўлады нічога не робяць і не раскрываюць рэальныя факты пра каранавірус.

Я вельмі баюся, што такая ж сітуацыя, як на Поўначы Італіі, можа паўтарыцца менавіта ў нас. Тым больш, што нядаўна сюды прыехалі турысты расейскім самалётам. У мясцовых памералі тэмпературу, у каго не было - адпусцілі, а расейцы паехалі ў горад адразу і аналізы ў іх ніхто не браў.

Сітуацыя з эпідэміяй у нас жудасная. Калі супрацоўнікам МУС забаранілі пакідаць Віцебскую вобласць і заязджаць у яе, то гэта ўжо пра штосьці кажа.

- Як вы пракаментуеце тое, што ўлады спалохаліся вашага відэароліка, дзе дзіцяці робяць тэст на каранавірус?

- Пачнем з таго, што за відэаздымку мне далі максімальныя 30 базавых адзінак, хоць парушэння як такога не было.

Я хацела паказаць і расказаць людзям, як усё адбываецца, бо ў горадзе паніка, ніхто не ведае, як і дзе здаваць аналізы, што рабіць далей, як сябе засцерагчы.

Атрымалася, што я першая паказала, як напраўду ўсё адбываецца, паказала галечу і ўбогасць у медычных установах. Гэта быў туберкулёзны дыспансер, дзе ўсё павінна быць крышталёва чыстае. А ў іх падае і сыплецца дах, ганак развальваецца, дзверы, шчыльна не зачыняюцца, не замянялі з таго часу, калі гэтую лякарню пабудавалі.

Унутры ўсё абшарпанае. Замест таго, каб вырабляць апрацоўку, медыцынскі персанал вымушаны заклейваць прарэхі скотчам. Яны апранаюць марлевыя павязкі і ходзяць, а iм патрэбныя менавіта рэспіратары. Потым гэтыя людзі прыходзяць дадому да сваіх сем'яў, родных і сяброў.

Каранавірус нікога не шкадуе, не выбірае ахвяр паводле прафесіі. Калі я ездзіла ў РУУС на мінулым тыдні, прыехала хуткая і забрала аднаго іх супрацоўніка. У яго быў стан, як апісваюць лекары ў хворых каранавірусам: кашаль, лёгкія гараць, высокая тэмпература. Ён сядзеў у машыне хуткай, думалі, куды яго везці, падазрэнне было. Я гэта бачыла.

Я думаю, што даўно пара ўводзіць жорсткія меры. Афіцыйна абвясціць карантын і абавязаць людзей сядзець дома нейкі перыяд часу. У нас ужо цяпер бальніцы перапоўненыя, вельмі шмат тых, хто захварэў, медыкі не спраўляюцца з усім гэтым. Нават баюся ўявіць, што будзе далей.

Вяртаючыся да відэа: мой ролік падліў алею ў агонь. Улады хацелі паказаць, што нельга казаць праўду пра каранавірусе, і мяне надумалі пакараць. Але я папрасіла тых, хто можа, дапамагчы распаўсюдзіць гэтую інфармацыю. Адной змагацца вельмі складана.

- Што вашы знаёмыя ў Віцебску думаюць аб рэальнай сітуацыі з каранавірусам і пра бяздзейнасць уладаў?

- У нас усё цудоўна бачаць, што адбываецца. Людзі хварэюць, ходзяць у масках. Усе бачаць, як не спраўляецца медыцынскі персанал, бо яны стаяць па 18, а то і па 20 гадзін на нагах.

Усе спрабуюць нешта высветліць: хтосьці тэлефануе ў Міністэрства аховы здароўя, хтосьці праз знаёмых сваіх знаёмых. Людзі знаходзяцца ў інфармацыйнай пастцы. Шмат хто не ведае, адкуль узяць дакладную інфармацыю, улады нам яе не падаюць, а хацелася б ведаць рэальныя факты.

Афіцыйна кажуць, што адзін чалавек памёр, але складана паверыць, што ён - адзіны.

- Што вы думаеце пра кампанію Народны карантын, абвешчаную лідарамі апазіцыі? Што трэба рабіць у сітуацыі, калі ўлада фактычна адмовілася абараняць грамадзян ад эпідэміі?

- Атрымліваецца, што мы прадстаўленыя самім сабе, таму падтрымліваю Народны карантын. Трэба самім грамадзянам арганізаваць супраціў эпідэміі: застацца дома, па мінімуму выходзіць на двор.

Улады нас кінулі на волю лёсу. У выніку Лукашэнка скажа, што «ўсё выдатна», маўляў, ніякай панікі, гэта ўсяго толькі плёткі і хлусня - а ў рэальнасці ўсё атрымаецца па-іншаму.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках