20 красавiка 2024, Субота, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Курэйчык: У Беларусі для віруса ідэальная абстаноўка

9
Андрэй Курэйчык: У Беларусі для віруса ідэальная абстаноўка
АНДРЭЙ КУРЭЙЧЫК

З вялікай колькасцю масавых мерапрыемстваў.

У якасці грамадскага дыягноста каранавіруса «Свободные новости» папрасілі выступіць аднаго з самых вядомых беларускіх сцэнарыстаў (мастацкія фільмы «Рух уверх», «Ёлкі», «Гараскоп на поспех», «Юленька», «Любоў-Маркоў» і шэраг тэатральных п'ес) Андрэя Курэйчыка.

- Ты быў адным з першых, хто пачаў біць у набат з нагоды каранавірусу. Ёсць нейкая карысць?

- Я мяркую, што чалавецтва сутыкнулася з надзвычайнай сітуацыяй. Вірус, які выклікаў беспрэцэдэнтны крызіс у свеце, - гэта глабальны выклік. Супраць яго няма лекаў, няма пратаколаў лячэння, няма вакцыны. Ён вельмі хутка распаўсюджваецца. Ён мае высокую смяротнасць сярод груп рызыкі. Самыя багатыя і арганізаваныя краіны свету пакуль не справіліся з пандэміяй. Італія і Гішпанія апярэджваюць Беларусь па каранавірусу на месяц ці на некалькі тыдняў, цяпер яны заваленыя трупамі. Іх не паспяваюць спальваць у крэматорыях.

Аналагічная сітуацыя пачынае складацца нават у вельмі багатым Нью-Ёрку. Што ж тады чакае краіны з менш багатымі і менш развітымі сістэмамі аховы здароўя? Адзіны спосаб у свеце запаволіць развіццё эпідэміі - гэта карантын. Але менавіта гэтыя захады наша краіна адмаўляецца ўжываць напоўніцу.

- У сваім «карантынаблогу» ты без асаблівага падбору слоў абяцаў, што з людзей «палезе дзярмо», маючы на ўвазе ўсё дрэннае. Палезла?

- Свет стаў іншым. Усе краіны вакол нас у той ці іншай меры закрыліся, увялі карантын, захады для прадухілення хуткага развіцця эпідэміі. У Беларусі ж, як заўсёды, паўстала пытанне: эканоміка або выратаванне жыцця людзей, перш за ўсё старых. Многія, і наша кіраўніцтва ў тым ліку, у гэтай сітуацыі зрабілі выбар - не чапаць эканоміку. Прыбыткі дыскатэк і аквапаркаў, кінатэатраў і метро ў нас важнейшыя, чым рызыка заразіць тысячы людзей, з якіх пэўны адсотак загіне.

Што тычыцца «дзярма»... Першае «дзярмо», з якім мы сутыкнуліся, - поўная адсутнасць сацыяльнай адказнасці як з боку ўлады, так і з боку, на жаль, асобных груп насельніцтва.

Другое «дзярмо», гэта скупка таго, што трэба і не трэба, абы перажыць магчымы дэфіцыт. Зразумела, што ў гэтым выпадку ўсім гэтых жа прадуктаў можа і не выстарчыць.

Ну, і трэцяе - стаўленне маладых. Мы ўжо, маўляў, выжывем, таму чаго сябе абмяжоўваць? У групе рызыкі ж старыя...

Заходняя Еўропа, ЗША, большасць цывілізаваных краін далі зразумелы адказ - эканамічныя страты менш важныя, чым жыццё і здароўе людзей. І цяпер ідуць на ўсякія ахвяры дзеля свайго насельніцтва. У нас пакуль усё наадварот.

- Некаторыя пачалі вінаваціць цябе ў заляцанні з уладай...

- Я не сачу за тым, хто і ў чым мяне абвінавачвае. Я наогул не марную свой час на дурняў.

- Ці не баішся, што ўлада ўбачыць у тваім відэа хлусню?

- Я выказваю сваё меркаванне. Так, я не веру ўладам, таму што параўноўваю графікі аналагічных краін у памерах і старце эпідэміі, бачу, што там карантын, а колькасць заражаных у разы большая, чым у нас. А ў нас для віруса ідэальная абстаноўка з вялікай колькасцю масавых мерапрыемстваў, і чамусьці ён амаль не заражае.

Чаму? У беларусаў нейкая адмысловая ДНК? Я задаю тыя пытанні, якія хвалююць кожнага.

- Чым займаешся на «самакарантыне»? Памятаецца, ты анансаваў сцэнар пра вядомую лыжніцу?

- Сцэнар пра Алену Вяльбе здымаецца, большую частку фільма рэжысёр Мікалай Хамерыке паспеў ужо зняць. Ён выйдзе ў налета. А на «самакарантыне» я напісаў новы сцэнар. Гэта драма пад назвай «Аўтобус». А наогул, «самакарантын» - гэта выдатная магчымасць не толькі для адпачынку, рэфлексіі, але і для самаразвіцця: паглядзець фільмы, якія вы не паспелі паглядзець праз занятасць, пачытаць кнігі, пагаварыць з дзецьмі і блізкімі, заняцца, нарэшце, сабою...

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках