24 красавiка 2024, Серада, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр Смаленскай катастрофы

Прэзідэнт Польшчы ўшанаваў памяць ахвяр Смаленскай катастрофы
АНДЖЭЙ ДУДА
ФОТА: PAP/MATEUSZ MAREK

Сёння спаўняецца 10 гадоў з дня катастрофы самалёта Ту-154М пад Смаленскам.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшанаваў памяць ахвяр Смаленскай катастрофы. «Да сённяшняга дня мы смуткуем праз стратк гэтых унікальных людзей, якім мы шмат чым абавязаныя», - напісаў кіраўнік дзяржавы ў Facebook, паведамляе «Польскае радыё».

«Мне цяжка паверыць, што прайшло ўжо 10 гадоў з таго дня, як я даведаўся пра гэтую жахлівую навіну пра катастрофу ў аэрапорце ў Смаленску. Многія з 96 чалавек, якія тады загінулі, былі мне блізкія, у тым ліку прэзідэнт Польшчы прафесар Лех Качыньскі і ягоная жонка Марыя Качыньская, - напісаў прэзідэнт. «Яны сышлі, - нагадаў Анджэй Дуда, - выконваючы свой абавязак перад польскімі афiцэрамі, ахвярамі Катынскага злачынства, забітымі ў 1940 годзе».

«Сёння нельга сказаць, што там адбылося і чаму, бо ў самым пачатку былі прынятыя менавіта такія пастановы. Мне зусім незразумелая пастанова, чаму рэйс польскай дэлегацыі ў Смаленск на вайсковым самалёце, кіраваным вайсковым экіпажам 36-га Спецыяльнага транспартнага авіяпалка ВС Польшчы, быў прызнаны цывільным. У сувязі з гэтым не ўжывалася двухбаковае пагадненне паміж Польшчай і Расейскай Федэрацыяй датычнае надзвычайных здарэнняў і катастроф вайсковых самалётаў, а выкарыстоўвалася «Чыкажская канвенцыя» - Канвенцыя аб міжнароднай цывільнай авіяцыі. Гэта значна пагоршыла нашу сітуацыю ў расследаванні прычын катастрофы. Я мяркую, што гэта таксама стала прычынай таго, што да сённяшняга дня ў Польшчы няма чорных скрынь, абломкаў самалёта, а ўсё гэта знаходзіцца ў Расеі, хоць гэта ўласнасць Польшчы», - пракаментаваў кіраўнік дзяржавы расследаванне прычын катастрофы прэзідэнцкага самалёта Ту-154М.

Чальцы прэзідыума Сэйма Польшчы таксама ўшанавалі памяць ахвяр Смаленскай катастрофы. А 8.00 спікерка Сэйма Эльжбэта Вітэк, віцэ-спікерка Малгажата Кідава-Блоньская, Малгажата Гасеўская, Пётр Згажэльскі ўсклалі кветкі перад мемарыяльнымі табліцамі, што ўвекавечваюць трагічна загінулага прэзідэнта Леха Качыньскага, спікера Сэйма III склікання Мацея Плажыньскага і парламентарыяў.

У пятніцу, 10 красавіка, спаўняецца 10 гадоў з дня катастрофы самалёта Ту-154М пад Смаленскам. Галоўная частка жалобных мерапрыемстваў пройдзе ў Варшаве ў больш сціплай, чым звычайна, форме праз пандэмію каранавіруса.

10 красавіка 2010 года ў выніку авіякатастрофы загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Рэспублікі Польшча Лех Качыньскі разам з жонкай Марыяй Качыньскай, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, віцэ-спікеры Сэйма і Сэната, дэпутаты, камандзіры ўзброеных сілаў, высокапастаўленыя чыноўнікі, прадстаўнікі духавенства, сямейнікі Катынскіх ахвяр, а таксама экіпаж. Дэлегацыя ляцела на жалобныя мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны Катынскага злачынства. Трагедыя адбылася а 8.41 паводле цэнтральнаеўрапейскага летняга часу недалёка ад аэрадрома «Паўночны».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках