18 красавiка 2024, Чацвер, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Круткін: Лукашэнка павінен стаць на калені перад лекарамі

39
Алесь Круткін: Лукашэнка павінен стаць на калені перад лекарамі
АЛЕСЬ КРУТКІН

І прасіць прабачэння за смерці іх калегаў, жабрацкія заробкі і прыніжэнне.

Новае відэа з'явілася на YouTube-канале вядомага блогера і актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алеся Круткіна:

– У першую чаргу хацелася б выказаць словы падтрымкі беларускім лекарам, – кажа Алесь Круткін. – Вы цяпер на лініі фронту, на перадавой, вы несяце страты, мы ведаем пра гэта, вы здзяйсняеце подзвіг кожны дзень, ратуючы жыцця.

Змагацца, не маючы элементарных сродкаў абароны, зброі і інфармацыі вельмі цяжка. Нашы лекары сёння ў вельмі складаным становішчы. Не хапае масак, сродкаў індывідуальнай абароны, тэстаў... Ды што там казаць, на ўвесь раён – пару апаратаў ШВЛ. Многія лекары ўжо і самі заразіліся гэтай чумой 21 стагоддзя.

Пры гэтым Лукашэнка мае нахабства вінаваціць лекараў у непрафесіяналізме, а кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя – пагражаць звальненнем за інфармацыю блогерам і журналістам. Баюся, што пасля перамогі над каранавірусам, калі ён не забярэ з сабой вар'яцкага дыктатара, лекары проста ўцякуць за мяжу. Такога стаўлення з боку ўладаў яны не даруюць. Лукашэнка і чыноўнікі павінны стаць на калені перад медыкамі і прасіць прабачэння за сваё стаўленне да іх, за смерці іх калегаў, за жабрацкія заробкі і прыніжэнне.

Але гэта потым. А сёння наша задача – забяспечыць надзейны тыл нашым лекарам, дапамагчы забяспечыць іх усім неабходным. Пад гэтым відэа – спасылкі, на якіх можна падтрымаць тыя лякарні, якія маюць патрэбу.

Усё для фронту, усё для перамогі – гэтыя словы зноў сталі актуальныя.

Навіны, якія паступаюць да нас, блогераў, падобныя на франтавыя зводкі. Віцебская вобласць у агні. Тысячы людзей у шпіталях, мы рэгулярна атрымліваем паведамленні пра смерці. Лічбам афіцыйнай статыстыкі даўно ніхто не верыць. Знаёмыя, якія падхапілі каранавірус, ёсць ужо практычна ў кожнага. Пра што казаць, калі сярод заражаных – былыя недатыкальныя – лукашэнкаўскія чыноўнікі. Захварэў на каранавірус старшыня Бешанковіцкага райвыканкама. На карантыне прадстаўнікі раённых уладаў у Наваполацку і Докшыцах, супрацоўнікі міліцыі ў Оршы і Глыбокім. Сярод тых, хто захварэў – кіраўнікі прадпрыемстваў і сілавікі.

Бачыце, вірус не шкадуе нікога – ні працоўных з завода, ні чыноўніка. Перад ім усе роўныя, смерць пагражае кожнаму. Дарэчы, чыноўнікі ўжо пачалі гэта разумець і сабатаваць загады вар'ята ктраўніка. На дыстанцыйную працу пераходзяць дзяржаўныя органы.

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь паведамляе пра тое, што да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі асабістыя прыёмы грамадзянаў (вусныя прыёмы) арганізуюцца пры дапамозе тэлефоннай сувязі.

У выканкамы Мінвобласці абмежавалі доступ пабочных, дакументы з прахадной забіраюць у пальчатках.

У Менску прыпынілі працу міжраённы рэгістрацыйны аддзел УДАІ на аўтарынку «Малінаўка» і міжраённы рэгістрацыйна-экзаменацыйны аддзелы ДАІ на вуліцы Сярова.

У многіх гарадах зачыняюцца дзяржаўныя ўстановы, кавярні, бары. «З тэхнічных прычынаў», вядома. Але хоць так, ужо добра.

На дыстанцыйную працу нават пераводзяць частку супрацоўнікаў міліцыі. Напрыклад, у Мядзеле і Оршы мясцовыя РУУС фактычна на карантыне.

Учора вірус захапіў новыя тэрыторыі Берасейшчыны і Гарадзеншчыны, адкуль раней паступала інфармацыя пра адзінкавыя выпадкі. Новыя агмені ў Стоўбцах і Ждановічах Менскай вобласці, Бабруйску і Асіповічах Магілёўскай вобласці, Рэчыцы і Светлагорску Гомельскай вобласці.

Уся Беларусь нібы гарыць у агні. Мае тэмпературу пад 40 і свісцячыя смяротныя хрыпы ў лёгкіх.

Мы ўжо не спадзяемся, што вар'ят дыктатар, вінаваты сваімі дзеяннямі ў фактычным генацыдзе беларусаў, увядзе карантын. Мы яго ўвялі самі. І цяпер важна пераканаць у неабходнасці заставацца дома тых, хто пакуль яшчэ занадта легкадумна ставіцца да небяспекі. Патэлефануйце 10 сваім знаёмым, раскажыце ім, што трэба рабіць, папрасіце заставацца дома. Наша выратаванне – у нашых руках. Наша выратаванне – народны карантын.

Апаратаў ШВЛ, месцаў у лякарнях, тэстаў на ўсіх не хопіць. Лекары ўжо працуюць 18 гадзінаў на дзень, многія начуюць у лякарнях, іх шэрагі скарачаюцца. Ужо зусім хутка медыкам давядзецца выбіраць, каго адключаць ад вентыляцыі – маладога чалавека 30 гадоў або пажылога, якому ўжо за 60. Каб было больш зразумела – вас ці вашу пажылую маці. З такім выбарам ужо сутыкаюцца лекары ў Італіі і Гішпаніі. І яны адключаць вашу маці. Не хочаце быць міжвольным забойцам – прытрымвайцеся карантыну! Сядзіце дома! Не слухаеце мяне, паслухайце лекараў.

Пад відэаролікам, як заўсёды, самыя актуальныя матэрыялы пра сённяшнюю цяжкую сітуацыю.

Беражыце сябе і да хуткай сустрэчы!

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках