29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая ўгода АПЕК+ адкіне РФ на ўзровень нафтаздабычы 17-гадовай даўніны

9
Новая ўгода АПЕК+ адкіне РФ на ўзровень нафтаздабычы 17-гадовай даўніны
Фота: Reuters

Краіны-ўдзельніцы АПЕК+ узгаднілі план скарачэння глабальнай нафтаздабычы на 23%.

Краіны-ўдзельніцы абмежавальнага пакта АПЕК+ узгаднілі план скарачэння глабальнай нафтаздабычы на 23% з траўня ва ўмовах пандэміі каранавірусу і падзення попыту, і калі ў пятніцу сусветныя вытворцы дамовяцца пра імплементацыю ўгоды, гэта адкіне РФ на ўзровень вытворчасці 17-гадовай даўніны, паведамляе Reuters.

Напярэдадні група краінаў АПЕК+ паведаміла, што папярэдне дамовілася пра зніжэнне глабальнай нафтаздабычы на 10 мільёнаў бараляў за дзень, але канчатковае пагадненне залежыць ад удзелу ў пакце Мексікі, якая не пагадзілася на скарачэнне вытворчасці ў тым аб'ёме, пра які яе прасілі.

Удзельнікі ўгоды, уключаючы аднаго з ключавых гульцоў – Саудаўскую Аравію – не трацяць надзеі, што Мексіка адумаецца. У пятніцу ў другой палове дня пройдуць перамовы паміж міністрамі энэргетыкі краінаў "Вялікай дваццаткі".

Планаваныя АПЕК+ абмежаванні здабычы складуць 10% ад сусветнай прапановы, пры гэтым чакаецца, што такія краіны, як ЗША, Канада і іншыя, знізяць вытворчасць яшчэ на 5 мільёнаў бараляў за суткі, каб дапамагчы стабілізаваць рынкі.

Сусветны попыт на паліва ўпаў прыкладна на 30 мільёнаў бараляў за дзень, або 30% сусветнага прапановы, бо захады барацьбы з пандэміяй COVID-19 прывялі да спынення авіязносінаў паміж краінамі, скарачэння выкарыстання аўтамабіляў і зніжэння эканамічнай актыўнасці.

Нафтавыя катыроўкі адрэагавалі істотным падзеннем на ўчарашнюю пастанову АПЕК+, адлюстроўваючы скептыцызм удзельнікаў рынку ў тым, што нават беспрэцэдэнтнага скарачэння на 15 мільёнаў бараляў за дзень будзе недастаткова, каб спыніць хуткае запаўненне сусветных сховішчаў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не толькі не выказаў гатоўнасці падтрымаць угоду, але і прыгразіў Саудаўскай Аравіі санкцыямі і мытамі на нафту каралеўства, калі Эр-Рыяд не зменшыць здабычу ў дастатковай ступені, каб дапамагчы амерыканскай нафтавай прамысловасці.

Крэмль паведаміў у пятніцу, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, Трамп і саудаўскі кароль Салман абмеркавалі нафтавыя рынкі ў ходзе тэлефоннай размовы.

"Абмяркоўвалася становішча справаў на рынках нафты, у тым ліку з улікам перамоваў у рамках пазачарговага міністэрскага пасяджэння ў фармаце АПЕК+ і будучай відэаканферэнцыі міністраў энэргетыкі Групы дваццаці", – гаворыцца ў паведамленні на сайце Крамля.

"Пацверджаны настрой на каардынацыю дзеянняў у стабілізацыі сітуацыі ў глабальным гандлі нафтай і мінімізацыі негатыўнага ўплыву валацільнасці нафтавых катыровак на сусветную эканоміку".

Прадстаўнікі АПЕК і Расеі сказалі, што маштабы крызісу патрабуюць удзелу ўсіх вытворцаў.

Кіраўнік РФПІ Кірыл Дзмітрыеў сказаў Reuters, што іншыя вытворцы, магчыма, далучацца да скарачэнняў падчас перамоваў міністраў энэргетыкі G20 у пятніцу.

АМЕРЫКАНСКАЯ ДЫЛЕМА

Паводле дакументаў АПЕК+, група скароціць здабычу на 10 мільёнаў бараляў за дзень у траўні – чэрвені. Усе ўдзельнікі АПЕК+ знізяць вытворчасць на 23%, Саудаўская Аравія і Расея – на 2,5 мільёна бараляў за дзень кожная, Ірак – больш чым на 1 мільён бараляў за дзень.

З ліпеня і да канца года скарачэнне будзе зніжацца і складзе 8 мільёнаў бараляў за дзень, а са студзеня 2021 года да красавіка 2022 года – 6 мільёнаў бараляў, паказалі дакументы.

Беспрэцэдэнтнае скарачэнне здабычы адкіне РФ на ўзровень здабычы 17-гадовай даўніны. У 2003 годзе РФ зрабіла 421 мільён тонаў нафты – прыкладна 8,45 мільёна бараляў за дзень, зыходзячы з каэфіцыента бараляжу 7,33.

Паводле дакументаў АПЕК+, з траўня да чэрвеня 2020 года РФ скароціць здабычу нафты ад узроўню 11 мільёнаў бараляў за дзень на 2,508 мільёна бараляў за дзень да 8,492 мільёна бараляў за дзень. З ліпеня да снежня 2020 года РФ знізіць здабычу на 2,007 мільёна бараляў за дзень да 8,993 мільёна бараляў за дзень, а са студзеня 2021 года да красавіка 2022 года – на 1,505 мільёна бараляў за дзень да 9,495 мільёна бараляў за дзень, што прыкладна адпавядае ўзроўню нафтавытворчасці РФ у сярэдзіне 2005 года.

ЗША, чыя здабыча перасягнула Саудаўскую і расейскую, былі запрошаныя на перамовы АПЕК+ у чацвер, але незразумела, ці далучыліся яны да відэаканферэнцыі. Таксама былі запрошаныя Бразілія, Нарвегія і Канада.

Амерыканскія чыноўнікі ўжо казалі, што аб'ёмы вытворчасці ў ЗША скароцяцца натуральным чынам цягам двух гадоў, але так і не ўзялі на сябе абавязальніцтваў пра якія-небудзь скарачэнні.

Галоўная нафтавая правінцыя Канады Альберта паведаміла, што здабыча ўжо ўпала і што АПЕК не прасіла яе пра далейшае скарачэнне. Правінцыя таксама паведаміла, што падтрымлівае амерыканскую ідэю пра мыты на імпартаваную нафту.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках