19 красавiка 2024, Пятніца, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы патрабуюць аднавіць студэнтку, якая дамагаецца ўвядзення карантыну

9
Праваабаронцы патрабуюць аднавіць студэнтку, якая дамагаецца ўвядзення карантыну
ЛІЗАВЕТА ПРАКОПЧЫК

Пытанне можа быць вынесенае на міжнародны ўзровень.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" накіраваў зварот рэктарцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталлі Баранавай з нагоды выключэння студэнткі гэтай навучальнай установы Лізаветы Пракопчык, паведамляе сайт spring96.org.

Зварот ад імя арганізацыі падпісаў старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

"Праваабарончы цэнтр Вясна выказвае сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з выключэннем студэнткі МДЛУ Лізаветы Пракопчык з прычыны яе актыўнай грамадскай пазіцыі, накіраванай на ўкараненне дыстанцыйнага навучання праз распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ва ўніверсітэце", – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы мяркуюць, што неабходна браць да ўвагі кантэкст, пры якім была адлічаная студэнтка. Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвесціла пра пандэмію распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і заклікала ўсе дзяржавы ўжыць прафілактычныя захады для прадухілення яе распаўсюджвання. У той самы час у Беларусі не ўжываюцца актыўныя захады, накіраваныя на прафілактыку распаўсюджвання COVID-19, і не зачыняюцца навучальныя ўстановы на карантын, не ўкараняецца паўсюдна дыстанцыйнае навучанне студэнтаў.

Лізавета Пракопчык мела да гэтага шэраг захворванняў (пнеўманія, бранхіт), яе дзеянні былі прадыктаваныя клопатам пра сваё здароўе. Адпаведна прычына пропуску заняткаў павінна разглядацца ў гэтым выпадку як уважлівая, а пакаранне скасаванае як незаконнае.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікае скасаваць спагнанне Лізаветы Пракопчык і аднавіць яе ў правах студэнткі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

У адваротным выпадку праваабаронцы будуць вымушаныя інфармаваць міжнародную супольнасць пра парушэнне ўніверсітэтам нормаў Балонскага працэсу, пра пераслед студэнцкай актывісткі Пракопчык, якая абараняе свае правы і правы іншых студэнтаў падчас эпідэміі каранавірусу.

"Гэтак жа мы будзем вымушаныя падняць пытанне пра пераслед студэнткі Л. Пракопчык перад замежнымі ўніверсітэтамі і іншымі ўстановамі, якія маюць адукацыйныя і працоўныя кантакты з вашым універсітэтам, каб яны сур'ёзна разгледзелі далейшыя перспектывы супрацоўніцтва", – заяўляюць праваабаронцы.

Акрамя таго, паплечнікі Лізаветы запусцілі на сайце petitions.by онлайн-петыцыю за аднаўленне студэнткі ва ўніверсітэце. Яны мяркуюць, што адлічэнне дзяўчыны з'яўляецца неабгрунтаваным і супярэчыць палажэнням Кодэкса аб адукацыі і правілам унутранага распарадку МДЛУ. Далучыцца да петыцыі можа кожны ахвотны.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках