19 красавiка 2024, Пятніца, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэтай уладзе маска не дапаможа

12
Гэтай уладзе маска не дапаможа
Владимир Халип

Падзеі разгортваюцца неяк дзіўна і збольшага загадкава.

Планета ў сутычцы з нечаканай пошасцю не выстаяла – упаў яе апошні бастыён. Годны. Вертыкальны. Ненахільны. У пачатку красавіка давялося выключыць недарэчнае выхвальства і прызнаць, што і Беларусь каранавірусу ўнікнуць не здолела. Пандэмія, якую так упарта не хацела прызнаваць мясцовае кіраўніцтва, узяла і гэтую мяжу...

Красавіцкая раніца. Цэнтр Менска. Аптэка. Звычайнае ў гэтыя дні пытанне: ці ёсць ахоўныя маскі? І толькі ўздых спагады ў адказ. Атрымліваюць штук сто на дзень. Разбіраюць імгненна. Парадкам прызабытае слова «дэфіцыт» сарамліва пагрукала ў глухія дзверы «краіны для жыцця». І трэба ж, усё гэта справакаваў нейкі дробны вірус. Ды яшчэ ў кароне. Шмат уяўляе пра сябе. Вось толькі нашай нястрымнай уладзе на ўсё гэта начхаць. У яе парад на носе. І галоўныя выбары на даляглядзе. Харчовая праграма ў стадыі асэнсавання. Гіпсавы завод на парадку неадкладных справаў.

І ўвогуле, падзеі разгортваюцца неяк дзіўна і збольшага загадкава. Быццам у піянерскім лагеры часоў бесклапотнага дзяцінства цяперашніх кіраўнікоў. Толькі што радасныя горны суправадзілі радасную вестку пра тое, што з дня на дзень лагерны кантынгент увальецца ў дружныя шэрагі ўсесаюзнай гульні «Зарніца». Або аднаго з яе правінцыйных клонаў. І вось тут, на ўрачыстай лінейцы, пры абвяшчэнні крылатай весткі, піянер Вася абуральна чхнуў. Услед за гэтым парушальнікам найстражэйшага парадку і іншыя звёны і атрады выявілі раптоўныя прыкметы прастуды. А ўзорны страявік Сярожа ва ўрачысты момант піянерскага салюту нават пачухаўся. Перспектыва пазначылася простая і канкрэтная – лазарэт і карантын.

І гэта ў той момант, калі самы малы промах мог парушыць напружаны рытм падлучэння да патрыятычнай і вельмі адказнай гульні. А заадно падарваць і бездакорную рэпутацыю з’яднанага калектыву. І пагасіць усякую надзею на ганаровую грамату або нават пераходны чырвоны вымпел цэнтральнага камітэта камсамола. Дык што ж, праз такую дробязь кіраўніку цалкам прэстыжнага і нават кіраўніцтвам назіранага лагеру згарнуць кар'еру і перакваліфікавацца ў простыя домакіраўнікі?..

А таму гучыць імгненна гучная каманда: не сумаваць, распаліць вялікае вогнішча. Стаць у цеснае кола. Дыхаць дымком, які ўсе немачы лечыць адным махам. Не хныкаць і не куксіцца. Раўненне на старэйшых! Вунь дворнік дзядзька Коля вывозіць смецце з тэрыторыі. Які ў яго трактар! Хто там яшчэ пасмеў чхнуць каля піянерскага вогнішча?

А сітуацыя ўжо такая, што хаваць наступствы і па-ранейшаму бадзёрыцца – смешна і недарэчна. Каранавірус крутых не прызнае. Захоплівае новая інфекцыя і нашу тэрыторыю. Узнікаюць усё новыя і новыя агмені заражэння. І прыкідвацца, што гэта ўсяго толькі ВРЗ, хаваць рэальную статыстыку позна і неабачліва. З кожным днём сітуацыя ўсё горшае. Гінуць людзі. А параўнанне ўжо апублікаваных лічбаў паказвае выразна хуткасць, з якой краіна татальнага спорту і ўсеагульнага здароўя няўхільна рухаецца да піку пандэміі.

Як магла пры такіх абставінах паўстаць яшчэ і недарэчная праблема аптэчнага дэфіцыту? Нават лекары адчуваюць востры недахоп элементарных сродкаў абароны. У інтэрнэце з'явілася паведамленне, што тэатр Янкі Купалы пачынае шыць такія маскі. Тэатрам можна толькі захапляцца. Але дзе ж дзяржава? Абываталю ўвесь час убіваюць у галаву легенду пра ягоную нечуваную моц і крутое кіраўніцтва.

Дык яно ўсё там жа. Проста не разменьваецца на справы другасныя, а канцэнтруе сілы і сродкі на галоўным кірунку. Вось у мінулы аўторак сабраліся чыноўнікі ў палацы, пабудаваным калісьці вакол вялікага глобуса кіраўніка. Праблемаў для мазгавога штурму было вышэй за дах. Як заўважыў некалі паэт, усё хвалявала пяшчотны розум. І пастаўкі нафты, і пасяўная, і нават каранавірус. У такім выпадку ўспомнілі і пра лекараў, якія змагаюцца з навалай.

Як звычайна ў такіх выпадках, кіпелі жарсці. А скразны маналог знаўцы ўсіх праблемаў народнага жыцця і вядучага спецыяліста ў справах адмысловай важнасці гучаў на ўсю моц і несціхана. Прыдворная тэлевізія разгарнула проста ашаламляльную панараму гэтай знакавай сустрэчы ў такі адказны для ўсёй краіны момант. Задума простая і зразумелая. Вертыкаль спадзявалася стварыць эфект магутнай сілы, якая ўсё трымае пад кантролем і з якой ніякі каранавірус ужо не страшны. Аднак даўно абкатаны сюжэт быў сапсаваны безнадзейна.

Дэжавю, дзень сурка і іншыя зрушэнні рэальнасці тут ні пры чым. Пры кожным павароце чыноўніцкай інтрыгі ўзнікала простае пытанне: каму яны ўсё гэта кажуць? Хіба не самі вертыкальнікі павінны былі заняцца ўсімі гэтымі праблемамі яшчэ ў першыя дні свайго з’яўлення народу? Але адступаць ад тухлага сцэнара небяспечна – усё прадумана, ухвалена і нават адрэпетавана неаднойчы. Галоўны ж выступоўца зазірае ў загадзя падрыхтаваную паперку. І агучвае думку, якая павінна проста спапяліць усе аргументы магчымых апанентаў і стаць цвіком праграмы.

«Як у нас тут базюкаюць вакол – карантын, каменданцкая гадзіна і іншае. Гэта прасцей за ўсё. Гэта мы зробім цягам дня. Але жэрці што будзем?»

І павеяла з экрана няўяўнай даўніной. Нейкія безнадзейна глухія часы. Лютая зіма. Цёмная пячора. Шматкроць абгрызеныя косткі. Азяблыя супляменнікі згрудзіліся вакол патухлага вогнішча. Пагражальны правадыр у звярыных шкурах апошняй неандэртальскай моды. І простае пытанне – на ўсе часы: што жэрці будзем?

Дарма яны задумалі гэты прапагандысцкі фокус. Пасыл не той. І грозны рык ужо не выклікае страху. А тым больш першабытнага жадання згуртавацца вакол ежы і персоны, якая яе размяркоўвае. Сутыкнуўшыся з новай небяспекай, усе зразумелі даўно, што спадзявацца цяпер можна толькі на сябе. Памятаць і клапаціцца пра родных і сяброў. Самаарганізавацца. Падтрымліваць адно аднаго. І спрабаваць знайсці выхад з тупіка. Каб не апынуцца аднойчы дзесьці ў мезазоі.

А ўлада, якая ніколі і ні за што не адказвала, будзе ісці сваім шляхам. Усё туды ж. І пакутліва развязваць праблему сродкаў абароны. Толькі гэта ўжо ніяк ёй не дапаможа. Стратэгі спазніліся. Безнадзейна. Назаўжды.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках