24 красавiка 2024, Серада, 1:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Голас Амерыкі»: У Беларусі вядзецца вайна супраць уласнага народа

70
«Голас Амерыкі»: У Беларусі вядзецца вайна супраць уласнага народа

У краіне тысячы хворых на каранавірус, карантын усё яшчэ не ўведзены.

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма ніводнага смяротнага выпадку ад каранавіруса. Цытату з выказвання Лукашэнкі падае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА: «Людзі баяцца. Таму я ім хачу сказаць наступнае: у нас у краіне не памёр ніводзін чалавек ад каранавіруса. Ніводзін! Яны памерлі ад букета хранічных хвароб, якія ў іх былі».

Са слоў беларускага правадыра, ва ўсім вінаватая атмасфера, у якой «развіваюцца хранічныя хваробы».

Між тым, толькі паводле афіцыйных звестак на 13 красавіка ў Беларусі было зафіксавана 33 смяротныя выпадкі ад каранавіруснай інфекцыі, а колькасць інфікаваных склала 3045 чалавек. Хоць яшчэ ў пачатку месяца колькасць заражэнняў складала 163 выпадкі пры двух смяротных выпадках.

Як пераканалася карэспандэнтка «Голаса Амерыкі», далёка не ўсе грамадзяне краіны падзяляюць «аптымістычны настрой» Лукашэнкі.

«Мы звыклі, што Лукашэнка ўвесь час супярэчыць сам сабе»

Адзін з арганізатараў руху «Зубр», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель у пачатку свайго каментара падаў фразу аднаго з беларускіх блогераў: «Заяўляць, што ў Беларусі ніхто не памёр ад каранавіруса - усё адно, што казаць, што ніводзін пасажыр «Тытаніка» не загінуў ад сутыкнення з айсбергам».

«Напраўду, - прадоўжыў грамадзянскі актывіст, - нават са звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі ад каранавіруса памерла больш за трыццаць чалавек. А са звестак няўрадавых СМІ, блогераў і незалежных аналітыкаў, якія збіраюць інфармацыю на гэту тэму, ахвяр каранавіруса значна больш».

Сумуючы гэтую інфармацыю, Яўген Афнагель заўважае, што ў шпіталях Беларусі значную частку пацыентаў цяпер складаюць шпіталізаваныя з сімптомамі Covid-19. А шматлікіх памерлых ад каранавіруса афармляюць, як памерлых ад двухбаковай пнеўманіі, ці ад ускладненняў, выкліканых гэтым захворваннем. «Хачу падкрэсліць, што лічбам, якія дае Міністэрства аховы здароўя, амаль ніхто ў Беларусі не верыць. Бо ў вельмі многіх жыхароў краіны ёсць знаёмыя, сябры, калегі ці сваякі, якія заразіліся каранавірусам. І мы мяркуем, што напраўду, хворых значна больш», - падкрэсліў суразмоўца «Голаса Амерыкі».

Пры гэтым Яўген Афнагель адзначае, што ўскосна гэта пацвярджаюць нават самі ўлады: «Напрыклад, пазаўчора міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік заявіў, што ў лякарнях Віцебска больш за тысячу чалавек ляжаць з пнеўманіяй. А Лукашэнка ўчора абмовіўся, што ў лякарні Віцебску штодня прывозяць блізу 280 чалавек з пнеўманіяй. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у такі ж час у іншыя гады. Мы ў Беларусі звыклі, што Лукашэнка ўвесь час супярэчыць сам сабе. Але тут ён кажа, што ў краіне ніхто не памёр ад каранавіруса, а нават Міністэрства аховы здароўя афіцыйна прызнае, што ёсць памерлыя».

Згаданы грамадскім актывістам міністр аховы здароўя днямі сказаў, што ў краіне не трэба ўводзіць «шырокія карантынныя захады», бо, са слоў Караніка, яны не здольныя прывесці «да ліквідацыі захворвання».

У той жа час, са сведчання Яўгена Афнагеля, «вельмі многія грамадскія дзеячы і практычна ўсе лекары заклікаюць да ўвядзення карантыну. Нават падначаленыя Караніка, як толькі з'явіліся першыя выпадкі заражэння каранавірусам у нас, далучыліся да сусветнага флэш-мобу «Stay at home» і сталі выкладваць у сацсетках свае фота з заклікам «Заставайцеся дома, пакуль мы працуем». І гэта працягваецца дагэтуль.

Шматлікія лекары кажуць пра тое, што студэнтаў і школьнікаў трэба пераводзіць на дыстанцыйнае навучанне, і шэраг школ і ВНУ з уласнай ініцыятывы, часта насуперак указанням міністэрства адукацыі пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне. Гэта значыць, усе разумныя людзі ў Беларусі разумеюць, што самы дзейсны спосаб калі не спыніць, то запаволіць распаўсюджванне віруса, гэта максімальна абмежаваць свае кантакты і сядзець дома. І адзіны хто гэтага не разумее - гэта сам Лукашэнка», -рэзюмуе адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» Яўген Афнагель.

«Каранавірус рэпрэсій не баіцца»

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў сведчыць, што ўлады краіны па-ранейшаму не ўвялі ніякіх карантынных захадаў для таго, каб засцерагчы сваіх грамадзян.

«Улада працягвае гуляць у футбол і хакей, рыхтуе вайсковы парад, і іншае, і іншае. Гэта значыць, сітуацыя - вар'яцкая і катастрафічная», -мяркуе Саннікаў.

Са слоў суразмоўцы «Голаса Амерыкі», у дзяржаўных СМІ Беларусі сітуацыя ў краіне апісваецца з пункту гледжання ўладаў. «Яны бяруць пад казырок і пішуць, што няма каранавіруса, а ёсць толькі псіхоз. У недзяржаўных СМІ высокая ступень самацэнзуры і самазахавання, бо на іх ціснуць і пагражаюць крымінальным пераследам і закрыццём. Таму яны пабойваюцца, але ўсё ж, паказваюць больш поўную карціну», распавядае ён. І працягвае: « Больш за ўсё пра сітуацыю можна сёння даведацца з сацыяльных сетак. Таму што там людзі дзеляцца набалелым.

Наогул, адмаўленне відавочнага ніколі раней не было. Былі неадэкватныя паводзіны ўладаў, але яны былі звязаныя з пераследам апазіцыі, незалежных СМІ і прадпрымальнікаў. А сёння паводле ўсіх прыкмет проста вядзецца вайна супраць уласнага народа», - перакананы Андрэй Саннікаў.

Такая палітыка ўладаў краіны, на думку лідара «Еўрапейскай Беларусі», у найбліжэйшай будучыні можа выклікаць міжнародны рэзананс. «Зразумела, што сёння ў адсутнасць вакцыны адзіная мера засцярогі, якая можа зберагчы чалавечыя жыцці, - гэта самаізаляцыя і карантын. Калі ў нейкай краіне гэта не выконваецца, то гэта можа ўдарыць і па міжнародных намаганнях. Думаю, што неўзабаве і на сусветным узроўні будзе паднятае пытанне пра шалёнага дыктатара ў Беларусі», - дапускае Саннікаў.

Ён таксама нагадаў, што яшчэ ў сакавіку беларуская апазіцыя прапанавала грамадству самому распачаць неабходныя намаганні, сярод іншага -арганізаваць «народны карантын». «І рух у гэтым кірунку ўжо пайшоў. Людзі прымаюць захады, дапамагаюць адзін аднаму, праяўляюць салідарнасць, клапоцяцца пра сваіх родных, асабліва сталага ўзросту. Зараз мы - некалькі лідараў апазіцыйных рухаў - працягнулі гэты карантын на ўвесь красавік. І нашы заклікі сустракаюць разуменне і падтрымку грамадства. Таму што няўзброеным вокам відаць, што ўлада нічога не робіць. Лекары нешта робяць, але і яны баяцца распавядаць пра рэальную сітуацыю.

Наогул жа ўлады ў Беларусі, ды і ў Расеі таксама не ўмеюць працаваць на карысць людзей. Яны могуць працаваць толькі ў рэжыме рэпрэсій. А каранавірус рэпрэсій не баіцца. Гэта апазіцыю можна біць па галовах, але не каранавірус», - падсумоўвае Андрэй Саннікаў.

«У будучыні з'явіцца яшчэ больш падстаў сумнявацца ў дакладнасці афіцыйнай статыстыкі»

Дырэктар у даследаваннях Цэнтра EAST Андрэй Елісееў напярэдадні апублікаваў на сваёй старонцы ў FB артыкул, дзе гаворыцца: «Трэба ўлічваць, што рэальная колькасць выпадкаў каранавіруснай інфекцыі можа шматкроць перавышаць колькасць пацверджаных выпадкаў - гэта актуальна для ўсіх краін, не толькі Беларусі. Навуковыя даследаванні выявілі, што, напрыклад, у Кітаі да ўвядзення забароны на перамяшчэнне недаацэнка складала 6-9 разоў. Гэта значыць, абсалютна крытычная сітуацыя пры дрэнным сцэнары можа ўзнікнуць раней, чым праз месяц».

У гутарцы з карэспандэнтам «Голас Амерыкі» экспэрт пацвердзіў: «Беларусь не ўводзіць карантынныя захады, акрамя гэтага ў краіне вельмі запознена і бессістэмна ўводзяцца іншыя захады сацыяльнага дыстанцыявання, якія не прадугледжваюць карантыну. У Беларусі дагэтуль не скасаваны агульнанацыянальны чэмпіянат у футболе, не было настойлівай рэкамендацыі аб спыненні велікодных царкоўных набажэнстваў, не ўсе навучальныя ўстановы пераведзены на дыстанцыйную форму навучання. Тут праводзіцца вельмі супярэчлівая інфармацыйная палітыка, калі беларускія дзяржаўныя тэлеканалы дэманструюць вялікую колькасць матэрыялаў, дзе высмейваецца і змяншаецца небяспека эпідэміі».

Агулам жа, на думку дырэктара ў даследаваннях цэнтра EAST, беларускія ўлады вядуць даволі рызыкоўную палітычную гульню, бо ніхто не можа даць дакладны прагноз што да працягласці сусветнай пандэміі і колькасці смяротных вынікаў.

Елісееў таксама пацвердзіў словы іншых суразмоўцаў «Голаса Амерыкі» аб тым, што ў шэрагу выпадкаў у апісанні прычын смерці ў апошнія тыдні адсутнічала каранавірусная інфекцыя. Што ў сваю чаргу дае падставу сумнявацца ў дакладнасці і аб'ектыўнасці афіцыйнай статыстыкі. «Таксама паказальна, што колькасць смяротных выпадкаў за апошнія пяць дзён складае больш-менш роўна адзін адсотак ад колькасці выяўленых выпадкаў каранавіруса.

У прынцыпе, статыстычная недаацэнка характэрная не толькі для Беларусі. Але асабліва ў сувязі з учорашняй заявай аб тым, што ад каранавіруса ў нас ніхто не памёр і не памрэ, у будучыні з'явіцца яшчэ больш падстаў сумнявацца ў дакладнасці афіцыйнай статыстыкі. Гэта значыць, сістэмай аховы здароўя гэтая заява можа быць успрынятая як непразрысты намёк наконт стратэгіі працы са статыстыкай», - мяркуе Андрэй Елісееў.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках