19 красавiка 2024, Пятніца, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскі выпусціў новы альбом «Амерыка»

2
Лявон Вольскі выпусціў новы альбом «Амерыка»
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ
ФОТА: JUSTĖ URBONACIČIŪTĖ

Гэтым разам музыка натхніўся эстэтыкай Дзікага Захаду.

Сёння на музычных пляцоўках адбылася прэм'ера новага сольнага альбома Лявона Вольскага «Амерыка». Гэты раз ён спявае пра прэрыі, вецер і каўбойскі капялюш, піша tut.by.

Як і ўсе альбомы Вольскага апошняга часу, дыск быў запісаны ў Вільні з нарвэжскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргэрудам. Але гэта зусім іншая праца, натхнёная амерыканскай музыкай 60-х і вестэрнамі. Музычныя рэферэнс альбома: The Byrds, Боб Дылан, Джоні Кэш, Creedence Clearwater Revival, The Beach Boys.

- Я з дзяцінства люблю вестэрны, - прызнаецца Лявон Вольскі. - Гэтыя чырвоныя выпаленыя землі, населеныя суровымі шукальнікамі прыгод; драўляныя мястэчкі з салунам, касцёлам, банкам і, час ад часу, чыгуначнай станцыяй. Мужныя героі, асляпляльныя спадарожніцы, вераломныя зламыснікі... Верны конь, паходнае вогнішча, дарожныя торбы... і хэпі-энд, ворагі глытаюць пыл, сілуэт героя знікае на фоне крывавага захаду.

Для аўтэнтычнасці гучання Снорэ Бэргэруд у запісе выкарыстаў спецыяльныя інструменты і нават кампаненты. Напрыклад, струны для бас-гітары без абмоткі і пластыкі для барабанаў, якія імітуюць старыя, зробленыя са скуры, як у 60-х. Таксама для інструментаў і голасу былі выкарыстаны выключна эфекты, якія былі модныя ў тыя часы.

Дзве песні з альбома - «Палон» і «Дзмухаўцовае віно» - былі прадстаўлены падчас онлайн-канцэрта да Дня Волі. Дарэчы, заўтра пачынаецца сусветны акустычны онлайн-тур Лявона Вольскага. Ужо абвешчаныя канцэрты для Польшчы (16 красавіка), Вялікабрытаніі (17 красавіка), ЗША (18 красавіка), Чэхіі (22 красавіка), Ізраіля (23 красавіка), Украіны (24 красавіка), Нямеччыны (25 красавіка), Літвы (29 красавіка ) і Беларусі (30 красавіка). Выступы пройдуць у фармаце хатняй акустыкі. Трансляцыя будзе весціся кожны раз толькі на названую краіну праз старонку Лявона Вольскага ў Facebook.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках