6 чэрвеня 2020, Субота, 17:37
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольскі пра новы альбом і пандэмію: Хто ў нас чаму верыць у Беларусі афіцыйнаму?

Вольскі пра новы альбом і пандэмію: Хто ў нас чаму верыць у Беларусі афіцыйнаму?
ЛЯВОН ВОЛЬСКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Нават тыя, хто абагаўляе ўладу, ня вераць яе лічбам.

Лявон Вольскі пасьля выхаду свайго новага альбому «Амэрыка» расказаў «Радыё Свабода» пра крыніцы новага запісу, пра беларускі гераізм і пра жыцьцё ды канцэрты ў часы пандэміі COVID-19.

Пра Амэрыку музычную і сапраўдную

— Мы з [нарвэскім прадусарам] Снорэ [Бэргерудам] сустрэліся ў канцы мінулага лета, і ён сказаў, што скіне мне амэрыканскія песьні кантры-вэстэрн 60-х гадоў і што можна было б зрабіць такі альбом. Мне падалося, што гэта быў бы цікавы ход — такая стылістыка «старога Захаду», крыху ўцёкі ў іншы сьвет. Але наша рэчаіснасьць усё роўна туды пралезла, як у мяне заўсёды бывае. Запісвалі альбом мінулай восеньню.

Сама Амэрыка для мяне падчас першай паездкі ў 2005 годзе была як нейкі цуд — нібыта я трапіў у нейкую казку — новыя адчуваньні, новыя смакі. Я прачынаўся, глядзеў у акно і думаў: «Ну, гэта нешта неверагоднае!»

Але гэта была яшчэ дакрызісная Амэрыка — ніхто з нашых адтуль яшчэ не зьяжджаў, на будоўлі за месяц можна было зарабіць вельмі добрыя грошы. Потым гэта пачало зьмяняцца.

Вядома ж, у альбоме не зусім пра Амэрыку — да прыкладу, відэа для загалоўнай песьні мы здымалі ў сябе ў вёсцы зусім нядаўна, ужо «на каранавірусе». Там усё ж алюзіі на сёньняшні дзень, на тое, што ў нас адбываецца.

Пра жыцьцё і канцэрты падчас пандэміі

— З гэтым каранавірусам усё мяняецца — мяняюцца камунікацыі, невядома, як гэта адаб’ецца на людзях, якія потым будуць прыярытэты, чаго людзі будуць баяцца. Ніхто ня ведае, куды гэта ўсё паверне. Мне здаецца, некалькі месяцаў таму ніхто ня мог падумаць, што будзе так, як цяпер.

Для мяне ўсё памянялася — у нас плянаваліся канцэрты і тут, і за мяжой. Мы, напрыклад, плянавалі прэзэнтацыю гэтага альбому ў Нью-Ёрку, але ўсё «зьляцела». Перанесьлі на пачатак восені, але ўжо і на пачатку восені дакладна не атрымаецца.

Граць онлайн пакуль што ня вельмі звыкла, таму што ня бачыш вачэй, ня бачыш у вачах водбліскаў. Але падчас першага канцэрту быў нейкі кантакт, бо людзі задавалі пытаньні, можна было на іх адказваць. Далей я таксама буду спрабаваць, каб задавалі пытаньні. Трэба прызвычайвацца да такога фармату, бо ня ўвесь час атрымліваецца сапраўдны канцэртовы кантакт.

Яшчэ ў вёсцы ня вельмі добры інтэрнэт, як высьветлілася — раней хапала, але для канцэртаў онлайн малавата. Цяпер трэба ехаць у мястэчка, купляць нейкі кабэль.

Пра тое, як пандэмія закранула блізкіх людзей

— Мама ў мяне ў такім узросьце, што ёй лепей не хадзіць у краму. Калі ёсьць магчымасьць, я ёй нешта прывожу, пакідаю пад дзьвярыма. Яна глядзіць розныя тэлеканалы, той самы «Эўраньюз», баіцца, тэлефануе часта, распавядае, што робіцца ў сьвеце.

Дачка вымушаная была прыехаць з вучобы ў Польшчы — у іх там спыніліся заняткі, штосьці яшчэ адбываецца онлайн раз на два тыдні. Настаўнік дае заданьні, і яны займаюцца дзьве ці тры гадзіны.

Пра недавер да афіцыйных лічбаў наконт каранавірусу ў Беларусі

— Хто ў нас чаму верыць у Беларусі афіцыйнаму? Нават тыя людзі, якія абагаўляюць гэтую ўладу, ня вераць яе лічбам, бо яны ведаюць адкуль усё гэта бярэцца. Гэта як верыць вынікам выбараў. Дзяржава неяк несурʼёзна да каранавірусу паставілася, і гэта спарадзіла панічныя чуткі і плёткі.

Але на дзіва, хоць у нас ужо дзесяцігодзьдзямі зьнішчалі грамадзянскую супольнасьць і разьядноўвалі людзей, у гэтай небясьпечнай сытуацыі людзі кансалідуюцца. Актывісты займаюцца дапамогай лекарам, старым людзям, і гэта ўражвае.

Пра песьню «Палон», прысьвечаную вязьню Алесю Юркойцю, пра «Ролю героя» і пра цяперашніх беларускіх герояў

Шмат людзей годна паводзяцца, робяць добрыя рэчы, і гэта ўжо гераізм. Таму ня мае сэнсу вылучаць некага аднаго, двух ці трох. Я маю на ўвазе і цяперашнюю сытуацыю, і апошнія 25 ці болей гадоў. Ня ўсе героі сыходзяць зь нейкай ганьбай ці проста сыходзяць са сцэны. Шмат хто годна трымаецца і не зьяжджае. Можа быць, некаму яно і не зразумела, але гэта ўжо гераізм у нашай сытуацыі.