19 красавiка 2024, Пятніца, 20:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка сам можа стаць ахвярай каранавірусу

65
Лукашэнка сам можа стаць ахвярай каранавірусу

Цярпенне нацыі можа лопнуць.

Падчас каранакрызісу падзел працы і ўзаемныя чаканні рацыянальнага ўрада і адказных грамадзян будуюцца на простай і важнай аснове. Місія ўлады заможных палягае ў прыняцці эфектыўных папераджальных захадаў, а роля грамадзян палягае ў іх выкананні, каб супольнымі намаганнямі перамагчы смяротную заразу, піша ў славацкай газеце «Pravda» экспэрт Нямецкага фонду Маршала, былы міністр замежных спраў Славаччыны Павал Дэмеш і журналіст Міраслаў Чапловіч (пераклад - Charter97.org).

Больш чым праз месяц пасля таго, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла аб пандэміі, мы ўбачылі, што ў некаторых краінах месцамі бракуе адказнасці, а дзесьці - дысцыпліны. З часам гэта зліваецца ў адно цэлае. Аднак ёсць выключэнні з правілаў.

Шукаць параўнанні з Беларуссю - гэта ўсё адно, што шукаць іголку ў стозе сена.

Аляксандр Лукашэнка, які трымае краіну ў цісках больш за чвэрць стагоддзя (кіруе з ліпеня 1994 года), заплюшчыў вочы на відавочны прывід каранавірусу. Небяспечную сітуацыю пачала ратаваць дэмакратычная апазіцыя, якая стала плячом да пляча з сотнямі тысяч разважных беларусаў.

Дарэчы кажучы, падыход Лукашэнкі павінен расплюшчыць вочы кожнаму, хто захапляецца жорсткімі рэжымамі, калі ўсе пастановы прымае толькі адзін чалавек; незалежна ад таго, ці выкарыстоўваем мы тэрмін аўтакрат або дыктатар. За самавольства такіх кіраўнікоў, іх недаацэнку рызыкі, ігнараванне эпідэміёлагаў або легкадумнасць у сур'ёзным пытанні могуць заплаціць сваімі жыццямі простыя людзі (што, на жаль, ужо пачалося ў Беларусі).

Гэта адбылося ў выпадку Лукашэнкі - выпадку, у якім, з аднаго боку, ён мог жорстка разагнаць апазіцыйныя дэманстрацыі за свабоду, аднак, з іншага боку, у яго няма сіл (ці, хутчэй, волі) захаваць здароўе ўсіх беларусаў. Наадварот, ён ім параіў пацець у сауне, катацца на трактары (працаваць у полі), піць гарэлку для павышэння імунітэту. Ён таксама настойліва рэкамендуе гуляць у хакей.

На 13 красавіка ў Беларусі было афіцыйна пацверджана 2919 выпадкаў захворвання COVID-19, 29 чалавек памерлі ад каранавіруснай інфекцыі і 55 знаходзіліся на штучнай вентыляцыяй лёгкіх. Аднак гэтай інфармацыі нельга давяраць у той час, калі лідар ігнаруе інфекцыю. Лякарні і медыцынскія ўстановы працуюць у стандартным рэжыме, і статыстыка таксама знаходзіцца пад поўным кантролем. Нагляд міжнароднымі інстытутамі вітаецца, як і ў выпадку маніторынгу правоў чалавека. Умяшанне ва ўнутраныя справы не дапускаецца.

Узровень ігнаравання пандэміі Лукашэнкам з'яўляецца беспрэцэдэнтным у свеце, за выключэннем Туркменістана і Паўночнай Карэі. Дагэтуль антыэпідэміялагічныя захады ў краіне не выконваюцца, крамы адкрытыя, людзі ходзяць на працу, у школы, грамадскія, спартовыя і культурныя мерапрыемствы не забароненыя. Хакейная і футбольная ліга дагэтуль прадаўжаюцца, а нашэнне масак - гэта проста добраахвотная справа.

Рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя таксама ігнаруюцца, бо ўрад кажа, што яны прытрымліваюцца іх. Пыха Лукашэнкі відавочна выявілася 11 красавіка, калі ён гуляў у хакей са сваёй камандай у Менску з гледачамі на трыбунах. Вядома, ягоная каманда перамагла ў аматарскім турніры. Карона -некарона, чорт з табой, вірус.

Аўтакрат вядзе сваю краіну да трагедыі, створаная ім сістэма пазбаўляе людзей розуму. Міністр абароны рыхтуе публічнае травеньскае святкаванне перамогі над фашызмам, на якім Лукашэнка традыцыйна плануе надзець сваю маршальскую форму і вітаць парад з удзелам грамадскасці. Вядома, нішто не можа перашкодзіць падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў, на якіх ён хоча быць зноў «абраным» у канцы жніўня. Выбарчая машына запушчаная.

Аднак Беларусь, размешчаная па суседстве з Еўразвязам, можа стаць эпідэміялагічнай бомбай запаволенага дзеяння. Лукашэнка сваімі хамскімі паводзінамі пагражае нам і суседнім краінам былога Савецкага Саюза. Ніхто яму не зычыць «каранабудзільніка», які разбудзіў брытанскага лідара Борыса Джонсана, які таксама пераменшыў небяспеку інфекцыі некаторы час таму. Аднак ад авантуры і ўпартасці Лукашэнкі паміраюць людзі, грамадзяне ягонай краіны, якія, пакуль што могуць выказаць боль і гнеў толькі ў сацыяльных сетках.

Беларусь не з'яўляецца ізаляваным востравам, дзе не выкарыстоўваюцца законы біялогіі. Калі міжнародная супольнасць не распачне адэкватных дзеянняў, краіна можа стаць сур'ёзнай пагрозай з далёка ідучымі наступствамі. Міжнародны валютны фонд і іншыя інстытуты, якія гадамі «дояць» аўтакратаў, імкнучыся паказаць паспяховасць сваёй кансерватыўнай мадэлі кіравання, таксама пачалі варушыцца.

Калі маштаб эпідэміі зойдзе занадта далёка, нельга выключаць, што сам Лукашэнка можа ў канчатковым выніку стаць ахвярай каранавіруса ў Беларусі. Палітычнай. Таму што гэта будзе ўжо не барацьба дыктатара з апазіцыяй, а выжыванне нацыі, у якой лопне цярпенне. Безадказная парада Лукашэнкі змагацца з каранавірусам гарэлкай можа паставіць кропку на ягонай уладзе.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках