18 красавiка 2024, Чацвер, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тыповы паліцай

64
Тыповы паліцай
Ірына Халіп

Гнаць яго трэба ад свайго парога і са сваёй зямлі.

Здаецца, у нас у краіне ўпершыню наспеў канфлікт, як у савецкай літаратуры, – паміж добрым і лепшым. Паміж перадавым токарам, які выконвае дзве нормы за дзень, і яшчэ больш перадавым, якi выконвае тры нормы. Ва ўсякім разе менавіта так трымаліся доўгія гады Лукашэнка і высокія прадстаўнікі РПЦ у Беларусі – сябры, аднадумцы, якія спяваюць ва ўнісон, якія ідуць да адной мэты, удала распараджаюцца сваім жыццём і лёсамі грамадзянаў і вернікаў. І раптам перад праваслаўным Вялікаднем яны ўпершыню загаварылі па-рознаму.

У свеце да гэтага часу ўжо не засталося нікога, хто казаў бы «не сядзіце, людзі, дома, ідзіце куды хочаце, няма ніякай пандэміі». Гэта значыць, малалікія «знаўцы» вяшчаюць нешта падобнае, але, на шчасце, выключна на сваіх старонках у сацыяльных сетках. А з высокіх трыбунаў – ужо ніхто ва ўсім свеце. Нават калі ў глыбіні душы нехта з асядлалых тыя трыбуны і мяркуе, што пандэміі няма і ўвогуле ўсё гэта іншапланетнікі з рэптылоідамі выдумалі, пра свае ўнутраныя перакананні лепш маўчаць, таму што выказваць такое сёння не толькі недарэчна, але яшчэ і непрыстойна. А пра прыстойнасць надзеленыя ўладай у апошнія гады прывыклі думаць. Ну, за малым выключэннем. І ўсё гэтае малое выключэнне – ляжыць сабе купкай акурат на нашым парозе, быццам мы сапраўды на нейкай выспе нешанцунку.

Патрыяршы экзарх Беларусі мітрапаліт Павел заклікаў праваслаўных не хадзіць у велікодную нядзелю ў храм. Заклікаў, зразумела, услед за патрыярхам Кірылам, але не гэта важна. Царква раіць прыслухацца да меркавання лекараў і нікуды не хадзіць. Мітрапаліт просіць маліцца дома і называе тых, хто прадаўжае агітаваць за паход у царкву, «псеўдапастырамі, зласліўцамі і падбухторнікамі». Яно і зразумела: мітрапаліт палётаў на шрубалёце над краінай, акрапіў яе святой вадой супраць каранавірусу – і зразумеў, што больш эфектыўна будзе сінхранізаваць намаганні з медыкамі, таму што шрубалёт з вадзіцай ва ўмовах пандэміі неяк кепска працуе. І добра, што зразумеў. І дзякуй, што папрасіў не хадзіць у храм.

Але ў гэты самы час на амбон лезе «праваслаўны атэіст», які кажа, што забараніў кіраўнікам усіх канфесій, прысутных у Беларусі, зачыняць храмы на час эпідэміі. І што дарогу да храма ніхто не закрывае, і што трэба ісці маліцца, і што сам абавязкова пойдзе ў нядзелю ў царкву. Потым яшчэ і пачаў даваць парады святарам, як арганізоўваць працу храмаў падчас эпідэміі, якой няма: «Свечку паставіў, выйшаў і пайшоў».

Вядома, хочацца адразу ж «аддаптацца» на сітуацыі, тым больш што каментары ў духу «Ты хто такі, каб забараняць святарам зачыняць або адчыняць храмы? Ты хто такі, каб заклікаць людзей маліцца ці не маліцца? Ты хто такі, каб расказваць і тым, і іншым, што трэба рабіць пасля таго, як свечку паставіў?» самі напрошваюцца. Але гэта другаснае, хоць і ляжыць на паверхні. Першасная ж мадэль паводзінаў. Гэта ўсё ўжо было ў беларускай гісторыі.

23 ліпеня 1942 года карны атрад, які складаўся з немцаў і паліцаяў, сагнаў жыхароў вёскі Доры, што ў Валожынскім раёне, у царкву. Ім загадалі памаліцца і сказалі, што ўсіх адпусцяць. А калі вяскоўцы ўвайшлі ў храм і пачалі маліцца, царкву падпалілі. Тых, хто апынуўся бліжэй да вокнаў і спрабаваў вырвацца з ахопленага полымем храма, расстрэльвалі. У Дорах загінулі 257 чалавек. Вам гэта нічога не нагадвае?..

Дык вось, заклікаць сёння людзей ісці ў храмы і маліцца – тое самае, што замыкаць іх у царкве і падпальваць. Адзін і той modus operandi. Таму што Лукашэнка – тыповы паліцай. Гэта ж не пасада, не заробак, не кола абавязкаў – проста пакліканне, якое не дазваляе дзейнічаць інакш. Паліцай рэдка губіць суайчыннікаў пад руляй пісталета – часцей з натхнення. Паліцай прыходзіць у ваш дом з любым акупацыйным рэжымам. Часта паліцай страшнейшы за акупанта. Паліцаю ўсё роўна, ацалееце вы ці не: у яго няма ніякай эмацыйнай сувязі са сваім народам і ўжо тым больш з зямлёй, на якой гэты народ жыве. Калі памраце – нават лепш: паліцаю лішнія сведкі ні да чаго.

Так што гнаць трэба паліцая ад свайго парога і са сваёй зямлі. І, вядома, не паддавацца на правакацыйныя прапановы ісці ў храм і маліцца: падпаліць і не падавіцца.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках