25 красавiка 2024, Чацвер, 16:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар з ЗША: Толькі ў Менску ад каранавірусу могуць памерці 6 тысячаў чалавек

48
Лекар з ЗША: Толькі ў Менску ад каранавірусу могуць памерці 6 тысячаў чалавек
ФОТА: belTa

Беларускія ўлады праводзяць эпідэміялагічны эксперымент над грамадзянамі.

Беларускія ўлады не ўводзяць карантын і не ўжываюць належных захадаў, каб стрымаць эпідэмію каранавірусу ў нашай краіне. Да чаго гэта можа прывесці?

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў Васіль Раманюк – беларускі лекар, які жыве і працуе ў амерыканскім штаце Агаё.

Медык сам звярнуўся ў рэдакцыю сайта, бо вельмі занепакоены тым, што адбываецца на радзіме і хацеў бы падзяліцца досведам. У 1988 годзе Васіль Раманюк скончыў Менскі медыцынскі інстытут і працаваў у Беларусі лекарам-хірургам, у 2008 годзе пераехаў у ЗША, добра знаёмы з арганізацыяй медыцынскай дапамогі ў абедзвюх краінах.

Як Вы ацэньваеце маштабы і дынаміку эпідэміі каранавірусу ў Беларусі?

– Пры адсутнасці вартых даверу звестак ацаніць маштабы хваробы ў Беларусі практычна немагчыма. І тут праблема не толькі ў тым, што кіраўніцтва краіны можа свядома ўтойваць гэтыя звесткі. Упэўнены, што дакладных лічбаў інфекцыявання не ведае ніхто, бо не праводзіцца масавага тэставання насельніцтва і адчувальнасць ужываных тэстаў – не 100%.

Я магу толькі меркаваць, якіх маштабаў можа дасягнуць гэтая эпідэмія ў Беларусі, грунтуючыся на параўнанні з звесткамі ў захворванні ў іншых месцах.

Напрыклад, амерыканскі Цэнтр кантролю захворвання (CDC) апублікаваў 23 сакавіка статыстыку захворвання і смяротнасці на круізным лайнеры Diamond Princess.

Аналіз гэтых звестак вельмі цікавы і важны, бо дае рэальнае ўяўленне пра магчымыя сцэнары развіцця эпідэміі каранавірусу ў закрытай папуляцыі. Сітуацыя, якая склалася на гэтым круізным лайнеры, практычна ўяўляла з сябе чысты навуковы эксперымент (invitro) у распаўсюдзе віруснай інфекцыі ў ізаляванай і статыстычна значнай групе людзей. І хоць на караблі ўжываліся захады карантыну, яны насілі частковы і шмат у чым умоўны характар. Таму можна меркаваць, што практычна ўсе, хто знаходзіўся на гэтым лайнеры, мелі шанец заразіцца вірусам. Тым цікавейшыя звесткі гэтай міні-эпідэміі.

Такім чынам, на круізным лайнеры былі абследаваныя ўсе пасажыры і чальцы каманды – 3 711 чалавек. У 712 (19,2%) быў атрыманы станоўчы тэст на наяўнасць каранавірусу. З іх у 331 (46,5%) было бессімптомнае носьбіцтва, а ў 381 чалавека (53,5%) была сімптаматыка рознай ступені цяжкасці. Інтэнсіўная (рэанімацыйная) дапамога спатрэбілася 37 хворым – гэта 9,7% ад усіх хворых з клінічнымі праявамі або 1% ад усіх, хто знаходзіўся на борце карабля. З іх ліку памерлі 9 чалавек, што складае 24% ад тых, хто знаходзіўся на інтэнсіўнай тэрапіі, або 2,4% ад тых, якія мелі клінічныя праявы (у такіх краінах, як Італія, Гішпанія, Бельгія, смяротнасць ад каранавірусу складае прыкладна 12% – рэд.).

Маючы такія статыстычныя звесткі, можна зрабіць прыблізны эпідэміялагічны прагноз, напрыклад для Менска. Калі ўлічваць, што ў горадзе дастаткова кампактна жыве блізу 2 мільёнаў чалавек, заразіцца маюць шанец блізу 400 тысячаў. Пры гэтым клінічныя праявы будуць у 200 тысячаў заражаных. Рэанімацыйная дапамога можа спатрэбіцца 20 тысячам хворым. Смерць ад віруснай пнеўманіі будзе пагражаць мінімум 5-6 тысячам захварэлым. Вядома, гэта вельмі прыблізны разлік...

У любым выпадку такі высокі ўзровень захворвання і смяротнасці за адносна кароткі часавы інтэрвал (2-3 месяцы) запатрабуе неверагоднага напружання ўсёй медыцынскай сферы горада. Унікнуць катастрафічнага сцэнара можна толькі пэўнымі карантыннымі мерапрыемствамі, мінімізаваўшы сацыяльны кантакт. Асабліва з улікам таго, што да сёння няма ніякага этыялагічнага лячэння каранавіруснай інфекцыі і рэальна працоўная вакцына з'явіцца яшчэ не хутка.

– Што можаце сказаць пра дзеянні беларускіх уладаў ва ўмовах эпідэміі?

– Асноўная праблема беларускіх уладаў – гэта адмова прызнаць наяўнасць праблемы каранавірусу. Іх не вучыць ні сусветны досвед, ні досвед суседніх краінаў, у тым ліку і Расеі. Прызнаўшы праблему, яе можна неяк развязваць. А пакуль міжволі над грамадзянамі краіны праводзяць эпідэміялагічны эксперымент і бравіруюць гэтым.

За выказваннямі Лукашэнкі стаіць упартае нежаданне прызнаць, што каранавірус прыйшоў у краіну і гэта – велізарная праблема. COVID-19 – гэта не сезонная ВРВІ і не грып, гэта зусім новы вірус, які ў даволі высокім адсотку выпадкаў дае такое ўскладненне, як цяжкая вірусная пнеўманія. Хворыя паміраюць ад двухбаковай татальнай пнеўманіі і выкліканай ёй лёгачна-сардэчнай недастатковасці, але прычына пнеўманій – каранавірус.

Этыятропнага лячэння супраць такой пнеўманіі няма, і не зусім зразумела, калі яно з'явіцца. Ёсць асобныя паведамленні пра паспяховае ўжыванне пералівання плазмы ўжо перахварэлых на каранавірус, або пра інгаляцыю аксіду азоту, або пра ўжыванне некаторых супрацьвірусных прэпаратаў (Remdesivir). Але ўсе гэтыя методыкі маюць вельмі нізкую доказную базу і пакуль праводзяцца ў выглядзе эксперыменту, а не агульнапрызнанага эфектыўнага пратаколу лячэння. Усё, што могуць цяпер лекары ва ўсім свеце – гэта рабіць сімптаматычную, падтрымальную тэрапію хворым на каранавірусную пнеўманію, асабліва падачу кіслароду. Я ўпэўнены, што ніякай «цуда-камбінацыі» лекаў ад каранавірусу ў Беларусі няма.

– Ці можа так здарыцца, што на пэўным этапе эпідэміі ў Беларусі не будзе хапаць лекараў і медыцынскага абсталявання?

– Такая пагроза, як высокая захворвальнасць сярод медыцынскіх супрацоўнікаў і недахоп рэанімацыйных ложкаў і ложкаў, забяспечаных кіслародам, цалкам рэальная.

Шмат у чым менавіта для прадухілення такіх праблемаў і ўжываюцца карантынныя мерапрыемствы.

У штаце Агаё да 30% сярод інфіцыраваных – гэта медыцынскія супрацоўнікі. І гэта пры тым, што забеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны ў амерыканскіх шпіталях вельмі добрае. На прыкладзе эпідэміі ў Італіі або Гішпаніі можна выказаць здагадку, што пры масавым паступленні хворых не вытрымлівае ніякая шпітальная база і хворыя апынаюцца ў калідорах або на падлозе лякарні, а не на ложку інтэнсіўнай тэрапіі.

Каб прадухіліць такія праблемы, трэба ўжываць захады сацыяльнай ізаляцыі сярод насельніцтва для зніжэння піка захворвання і забяспечыць медыцынскі персанал сродкамі індывідуальнай абароны.

– Што трэба рабіць, каб эпідэмія ў Беларусі не пайшла па самым негатыўным сцэнары?

– Прызнаць наяўнасць эпідэміі каранавірусу і, з улікам досведу іншых краінаў, увесці рэальныя карантынныя мерапрыемствы. Хоць бы такія, якія не запатрабуюць велізарных фінансавых выдаткаў. Вынаходзіць нічога не трэба: у свеце ўжо напрацаваны значны досвед барацьбы і кантролю эпідэміі. Трэба яго толькі ўмела скарыстаць.

– Як выглядае сітуацыя з эпідэміяй каранавірусу ў ЗША і вашым штаце Агаё?

– У ЗША эпідэмія яшчэ не дасягнула свайго піку і колькасць тых, хто захварэў, расце штодня. На стан 13 красавіка ў краіне было зроблена 1,9 мільёна тэстаў, выяўлена больш за 580 тысячаў хворых, з якіх памерла больш за 23 тысячы чалавек.

Больш цікавай для чытачоў вашага сайта будзе статыстыка з штата Агаё, бо гэты амерыканскі штат вельмі блізкі ў колькасці жыхароў, плошчы і клімаце да Беларусі.

На 2019 г. у штаце жыло 11,6 мільёна жыхароў. Да 13 красавіка было пратэставана 65 112 чалавек, каранавірус быў выяўлены у 6 975 і памерлі блізу 300 жыхароў штата.

Першыя тры выпадкі ў нашым штаце былі выяўленыя 9 сакавіка, на 27 сакавіка іх было ўжо 1000, а праз два тыдні – 6000.

24 сакавіка губернатар штата выдаў Stay-at-home order (загад «Заставайцеся дома»), які пакуль дзейнічае да 1 траўня і рэгулюе ўсе карантынныя мерапрыемствы ў штаце.

Гэтым распараджэннем усім жыхарам штата прадпісваецца заставацца дома, за выключэннем паездак у аптэкі, шпіталі і харчовыя крамы. Можна шпацыраваць у парках (акрамя дзіцячых пляцовак) і ў межах свайго раёна пражывання, з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі 1,5 метра, а таксама наведваць сваякоў для догляду за імі.

Усе прадпрыемствы і арганізацыі, якія не звязаныя з забеспячэннем жыццядзейнасці насельніцтва (рэстараны, спартзалы і г. д.) былі зачыненыя. Вельмі многія супрацоўнікі пераведзеныя на выдаленую форму працы з дому, у тым ліку і многія медыцынскія офісы перайшлі на выдаленую працу з пацыентамі – тэлемедыцыну.

Былі забароненыя ўсе масавыя мерапрыемствы з удзелам 50 і больш чалавек, потым гэты парог знізілі да 10 чалавек. Дадаткова рэкамендавана пры выхадзе з дома прыкрываць рот і нос шалікамі, хусткамі або самаробнымі маскамі. У нас у штаце няма рэкамендацый выкарыстоўваць медыцынскія маскі і рэспіратары, каб не ствараць іх дэфіцыт для медыцынскіх установаў. Але іх носяць на жаданне.

Абмежавальныя захады, ужытыя кіраўніцтвам штата, далі прыкметнае зніжэнне прыросту новых выпадкаў захворвання. Калі да ўвядзення гэтых захадаў прырост складаў больш за 30% за суткі, то праз два тыдні ён знізіўся да 10%, а на 14 красавіка склаў 4% за суткі. Пік захворвання ў нашым штаце чакаецца ў 20-х датах красавіка.

Я прыводжу гэтыя лікі, каб паказаць, што на пэўным этапе і пры сістэмным падыходзе эпідэмію каранавірусу можна прыпыніць і кантраляваць. Вядома, такія маштабныя эпідэміялагічныя мерапрыемствы патрабуюць велізарных фінансавых рэсурсаў, высокапрафесійнага мэнэджмэнту і выдатнай структуры кіравання.

Тэсты для вызначэння каранавірусу ў нас праводзяцца толькі пасля тэлефоннага званка сямейнага лекара і толькі хворым з выяўленай сімптаматыкай: тэмпература вышэйшая за 38°С і наяўнасць кашлю. Усім астатнім даюцца рэкамендацыі заставацца дома, максімальна абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі, прымаць пры неабходнасці гарачкапаніжальныя сродкі і звяртацца ў лякарні толькі пры наяўнасці ўскладненага дыхання. Пасля выздараўлення неабходна выконваць рэжым самаізаляцыі яшчэ два тыдні.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках