6 чэрвеня 2020, Субота, 17:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Мастачка з Бабруйска стала лаўрэаткай прэстыжнага міжнароднага фестывалю

1
Мастачка з Бабруйска стала лаўрэаткай прэстыжнага міжнароднага фестывалю
ЮЛІЯ КРАВЕЦ

Перамогу Юлій Кравец прысвяціла сваёй маме, якая працуе медсястрой.

Юлія Кравец стала лаўрэаткай 1-й ступені міжнароднага фестывалю «ArtFest», прадставіўшы сваю працу «Супрацьстаянне» на тэму пандэміі ў намінацыі «Выяўленчая творчасць», піша «Вечерний Бобруйск».

Юліі 30 гадоў, нарадзілася і вырасла ў Бабруйску. Маляваць пачала даўно, але ніякіх спецыяльных курсаў і навучання не праходзіла, ва ўсім разбіралася сама. Работы назапашваліся, але браць удзел у конкурсах дзяўчына не спяшалася.

- Раней я сумнявалася ў сваім узроўні майстэрства, думала, яшчэ год-два і тады ўжо сапраўды паўдзельнічаю ў якім-небудзь конкурсе або выставе, - узгадвае Юлія. - Свае работы пачала прадаваць яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. А ўпершыню ўзяць удзел у выставе наважылася ўсяго пару гадоў таму.

Фестываль «ArtFest» праходзіў дыстанцыйна 10-11 красавіка, Юля і не думала ўдзельнічаць, але загадчыца аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Наталля Кулікова ўгаварыла і дапамагла аформіць заяўку.

- Напэўна, мне патрэбен быў штуршок або нават «выспятак», - смяецца Юлія. - Да апошняга я не спадзявалася на перамогу, але спакойна чакала вынікаў. Будзь што будзе, затое атрымаю досвед - думала я. Адзінае, пра што шкадую, што праз дыстанцыйны ўдзел не змагла пазнаёміцца і пагутарыць з іншымі ўдзельнікамі, убачыць, з кім я спаборнічала.

РАБОТА ЮЛІІ КРАВЕЦ «СУПРАЦЬСТАЯННЕ»

Юлія прызнаецца, што яе заўсёды прыцягвала тэма медыцыны. Вось і ў сваёй карціне «Супрацьстаянне» яна адлюстравала сярэднявечнага доктара, які змагаецца з эпідэміяй чумы.

- Гэтую перамогу я прысвячаю сваёй маме, яна медсястра ў лякарні. Ёй цяпер цяжка, яна патрапіла на перадавую, - распавядае Юлія. - Заўсёды захаплялася ёю, часам здаецца, што яна гатовая выратаваць увесь свет. Вельмі крыўдна, калі паўсюды кажуць «дзякуй лекарам», «дапаможам лекарам» і забываюць аб астатніх медыцынскіх работніках. Бо ўсю брудную і самую цяжкую працу робяць медсёстры, яны больш за ўсё знаходзяцца з хворымі, працуюць практычна без сну і адпачынку. Хочацца, каб усё гэта хутчэй скончылася, і мама змагла адпачыць. Яна была рада маёй перамозе нават больш, чым я...