25 красавiка 2024, Чацвер, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У краіне катастрофа

39
У краіне катастрофа
ДЗЯНІС КАЗАКЕВІЧ

Да гэтага прывялі злачынная бяздзейнасць Лукашэнкі і некампетэнтнасць Караніка.

У Беларусі эпідэмія каранавіруса ў разгары. Дзеянні Міністэрства аховы здароўя нагадваюць фільм «Чарнобыль». Упартае нежаданне заўважаць відавочнае і запозненая рэакцыя прывялі да шматлікіх ахвяр, якіх можна было б пазбегнуць.

Пасля тыдняў адкрытай хлусні міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік прызнаў нарэшце, што карантынныя мерапрыемствы эфектыўныя: «У большасці выпадкаў, захады сацыяльнага дыстанцыявання — яны працуюць», — заявіў міністр падчас прэс-канферэнцыі 17 красавіка.

«Мы бачым у некаторых рэгіёнах [ёсць] выразная сувязь: спачатку каталіцкая Вербніца, а потым праз 7-11 дзён сярод вернікаў мы рэгіструем павелічэнне колькасці інфікаваных», - дадаў Уладзімір Каранік.

Міністр не сказаў пра тое, што прыкладна праз тры тыдні пасля ўсплёску захворвання на каранавірус немінуча рушыць услед усплёск смяротнасці, і што своечасовае ўвядзенне карантыну магло б гэтыя жыцці захаваць.

На выходныя 25-28 красавіка Уладзімір Каранік фактычна заклікаў беларусаў самастойна ўвесці часовы карантын: «Мы б прасілі ўсіх заставацца ў месцах пражывання і максімальна абмежаваць стасункі».

Міністр распавёў аб магчымых страшных наступствах невыканання карантынных захадаў: «І ў праваслаўі, і ў каталіцтве ёсць яшчэ іншыя дні, калі можна ўзгадаць памерлых, калі можна прывесці ў парадак магілы без рызыкі для таго, каб гэтых магіл стала больш». Праўда, потым фразу аб магчымым з'яўлення новых магіл выразалі з цытаты, прыведзенай у афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя.

Прэс-канферэнцыя 17 красавіка канчаткова пацвердзіла, што лічбы аб «зарэгістраванай колькасці чалавек з наяўнасцю каранавіруснай інфекцыі», якія праводзіць Міністэрства аховы здароўя, ніяк не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю, бо яны не ўключаюць хворых з «пнеўманіяй».

Падчас размовы аб успышках каранавірусу ў Віцебску і ў Докшыцах міністр неаднаразова ўжываў слова «пнеўманія». Гэтак жа і ў сваім загадзе ад 15 красавіка Каранік піша пра пацыентаў з «пнеўманіяй», для працы з якімі медработнікам неабходныя сродкі індывідуальнай абароны.

Афіцыйная статыстыка аб каранавірусу выкарыстоўвае эўфемізм «колькасць пацыентаў з пнеўманіяй і колькасць пацыентаў з пацверджанай COVID інфекцыяй». Рэальныя лічбы захворвання і смяротнасці, якія ўключаюць у сябе «пнеўманію», Каранік утойвае. Ён сказаў толькі, што «ў Докшыцах колькасць пнеўманій вышэйшая, чым агулам у іншых раёнах».

Каранік не пацвердзіў, што медработнікі забяспечаныя сродкамі аховы, замест гэтага ён сказаў: «Мы рэгулярна атрымліваем зводку з усіх рэгіёнаў».

Міністр паведаміў, што самалёт са сродкамі аховы прызямліўся ў Менску 17 красавіка і, што гэта «адна фактычна з першых паставак для таго, каб абараніць медыцынскіх работнікаў».

Эпідэмія ў разгары, а сродкі аховы для медыкаў з'яўляюцца ў краіне толькі ў другой палове красавіка. Для працы з каранавірусам неабходныя FFP2 і FFP3 рэспіратары, якія трэба было закупіць загадзя. Аднак, дзяржава кідае медработнікаў як гарматнае мяса на барацьбу з каранавірусам, без аховы.

Рэспіратары набытыя за кошт прыватных ахвяраванняў, а таксама падораныя Кітаем у якасці гуманітарнай дапамогі.

«Найбліжэйшым часам будзе развязанае пытанне аб аднаразовых медыцынскіх масках, як для медыцынскіх работнікаў, так і для магчымасці набыцця грамадзянамі», - паведаміў міністр. Атрымліваецца, што, на сёння, Міністэрства аховы здароўя не забяспечыла медработнікаў нават аднаразовымі маскамі?

Калі не забяспечаная, хоць бы, мінімальная бяспека працы, то шматлікія смерці сярод медперсаналу, на жаль, непазбежныя.

Трагічнай памылкай было прымусіць не забяспечаных элементарнымі сродкамі абароны медработнікаў транспартаваць і змяшчаць у лякарні здаровых кантактаў першага ўзроўню, і хворых на каранавірус. Калі заражаюцца медыкі, то лякарні, паліклінікі, машыны хуткай дапамогі ператвараюцца ў рассаднікі інфекцыі.

Цяпер, адпаведна з новым загадам міністра, пацыенты з няцяжкім цячэннем хваробы павінны будуць лячыцца дома - Каранік спрабуе змагацца з грознай праблемай, якую сам жа і стварыў.

А што з цяжкімі хворымі? Каранік казаў пра экспрэс-тэсты: «Яны будуць выкарыстоўвацца ў прыёмных аддзяленнях стацыянараў для таго, каб падзяліць плыні руху пацыентаў са звычайнай бактэрыяльнай пнеўманіяй ці з іншай віруснай інфекцыяй і пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй для таго, каб не дапускаць перасячэння плыняў пацыентаў». Гэта правільныя словы, але гэта ўсё ў будучым часе: са слоў міністра, пастаўка экспрэс-тэстаў плануецца «на наступным тыдні», ды і то ў сціплай колькасці 100 000 (трэба ў дзясяткі разоў больш).

На сёння, калі ў лякарні трапляюць пацыенты з пнеўманіямі без COVID-інфекцыі, то яны заражаюцца вірусам ад іншых пацыентаў і ад медперсаналу.

У краіне катастрофа. Карантын не ўведзены, час выпушчаны, жыцці, якія можна было б выратаваць, не выратаваныя. Міністэрства аховы здароўя не падрыхтавалася да эпідэміі і нязграбна вучыцца на сваіх памылках. Злачынная бяздзейнасць Лукашэнкі, некампетэнтнасць Караніка прывялі да такой сітуацыі, калі гарантавана будуць тысячы ахвяр.

Чыноўнікі могуць называць гэта па-рознаму: смерць ад «пнеўманіі», ад «хранічных захворванняў» або ад чаго-небудзь яшчэ. Пытанне ў тым, ці пяройдзе колькасць ахвяр на дзясяткі і сотні тысяч.

Міністэрства аховы здароўя вядзе цяпер страшную гонку з часам: галоўная задача ў тым, каб паспець забяспечыць рэспіратарамі і іншымі сродкамі абароны медработнікаў і абслугоўваючы персанал да таго, як пачнецца калапс сістэмы аховы здароўя.

Дзяніс Казакевіч, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках