18 красавiка 2024, Чацвер, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Антысептык для пацыентаў разбаўлены вадой, бо сказалі эканоміць»

38
«Антысептык для пацыентаў разбаўлены вадой, бо сказалі эканоміць»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У многіх лякарнях краіны бракуе элементарных сродкаў абароны.

Tut.by спытаў у медыкаў з розных лякарняў і паліклінік краіны, ці стае ім цяпер сродкаў абароны. Выявілася, не ўсё ідэальна: маскі, якія трэба мяняць праз кожныя дзве гадзіны, медыкі ў некаторых клініках носяць даўжэй, а аднаразовыя камбінезоны становяцца шматразовымі.

«Аднаразовыя камбінезоны, хутчэй за ўсё, будзем насіць як шматразовыя»

Лекар адной з лякарняў у Віцебску (клініка на гэты момант не надае медыцынскую дапамогу пацыентам з пнеўманіяй, але рыхтуецца іх прымаць) кажа, што калі яны пачнуць працаваць з пнеўманіяй, ім у тым ліку спатрэбяцца і рэспіратары высокай ступені абароны ад віруснай нагрузкі.

Такіх рэспіратараў, якія асабліва патрэбныя анестэзіёлагам-рэаніматолагам, цяпер блізу 20 штук. Плануецца, што ў корпус, дзе будуць надаваць дапамогу хворым з пнеўманіяй, будуць заходзіць у змену блізу 40 супрацоўнікаў.

- Напэўна, на гэты момант рэспіратараў не выстарчыць. Вытворцы сцвярджаюць, што рэспіратары аднаразовыя, але, як нам тлумачылі калегі з Менска, маскі пасля апрацоўкі ультрафіялетавымі прамянямі і кварцавымі лямпамі абеззаражваюцца, гэта дапушчальна. Адміністрацыя лякарні спрабуе цяпер набыць шмат рэспіратараў, але іх быццам бы няма ў краіне і складана.

Таксама для працы з пнеўманіяй патрэбныя ахоўныя камбінезоны. Такіх, са слоў лекара, 100 штук. Яны аднаразовыя, але пакуль іх, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўваць як шматразовыя.

Цяпер масак лекарам выдаюць менш, чым раней.

- Выдаюць мізер масак на 15 лекараў. Каб цяпер усяго выстарчала, трэба было гэта закупляць месяцы два таму, адкуль цяпер гэта ўсё ўзяць? Ва ўсім гэтым маюць патрэбу ўсе краіны свету. Цяпер пры ўсім жаданні ўсім усяго не выстарчыць, але ніколі раней мы не мелі патрэбу ў гэтым. Я практычна першы раз у сваім жыцці буду адзяваць ахоўны камбінезон.

Медык кажа, што цяпер ім вельмі моцна сталі дапамагаць спонсары, сярод іх шмат менчукоў.

- Нам дапамагаюць з закупкай сродкаў індывідуальнай абароны, закупілі маскі, мы чакаем пастаўку халатаў. Нас людзі не кінулі і нам моцна дапамагаюць, беларусы - малайцы.

«Кожны дзень у нас усё новае, акрамя акуляраў, іх апрацоўваюць антысептыкам»

Лекар адной з лякарняў Менска, дзе надаюць меддапамогу заражаным каранавірусам і кантактам першага ўзроўню, распавядае, што ў іх у клініцы экіпіроўкі і сродкаў дэзінфекцыі дастаткова. Пры гэтым інфекцыяністамі працуюць і лекары іншых спецыяльнасцяў — гастраэнтэролагі, кардыёлагі, рэўматолагі.

- Калі мы прыходзім на працу, спачатку ідзем у санпрапускнік і там здымаем усё адзенне, пакідаем усе свае рэчы, пераапранаемся ў аднаразовы хірургічны касцюм. Зверху адзяваем халат, які завязваецца ззаду, бярэм новую маску, шапачку і ідзем у аддзяленне, там нам выдаюць рэспіратары высокага класа абароны і акуляры. У кожным крыле аддзялення ёсць свой санпрапускнік, дзе яшчэ ляжаць ахоўныя камбінезоны. І калі мы ідзем да інфікаваных каранавірусам і іх кантактаў, то адзяваем яшчэ і гэтыя камбінезоны, акуляры, бахілы, нарукаўнікі, дзве пары пальчатак, а замест маскі — рэспіратар.

Спачатку ідзем да кантактаў інфікаваных, затым ужо да іх саміх. На месцы ў палатах ёсць танометры, стэтаскопы, ручкі. Пасля агляду пацыентаў усё гэта адразу ж апрацоўваем антысептыкам, усяго для дэзінфекцыі ў нас дастаткова. На касцюм таксама распыляем антысептык, а затым яго здымаем і ўтылізуем. Кожны дзень у плане абароны ў нас усё новае акрамя акуляраў, яны, як і танометры, стэтаскопы і ручкі апрацоўваюцца. Раз на тыдзень нам выдаюць новы рэспіратар. Пасля працы прымаем душ і пераапранаемся ў сваю вопратку.

Лекар кажа, што самі медыкі нічога страшнага ў сваёй працы не бачаць, раз на тыдзень ім робяць мазкі на каранавірус. У нашага суразмоўцы кожны раз ён быў адмоўным.

І калі на забяспечанасць лякарні сродкамі абароны нараканняў няма, то вось інфармацыя з РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (там робяць аналіз на каранавірус), з назіранняў лекара, прыходзіць уроскід і гэты момант можна было б палепшыць.

- Хворых трэба шукаць у спісах, якія прыходзяць па факсе ці электроннай пошце, а лепш каб файл быў у Word і можна было хуценька ўсё паглядзець. Часам возьмуць мазок і адказ нейкі час не прыходзіць, можа згубіцца, мабыць, нагрузка вялікая на РНПЦ.

Як адзначае суразмоўца, у маладых пацыентаў з каранавірусам сімптомаў захворвання звычайна няма, хоць па мазку ў іх вынік станоўчы. Пнеўманіі на фоне каранавіруса пачынаюць узнікаць у пацыентаў, якім прыкладна ад 50 гадоў.

— Такія пацыенты з пнеўманіяй і цяпер ёсць, але ў кагосьці пнеўманія і няма каранавірусу, а ў кагосьці ён ёсць. Пацыенты старэйшыя ўжо хварэюць на сэрцава-судзінныя захворвані і рызыка таго, што вірус ударыць па слабым месцы, узрастае.

«Мы пра ўсё даведаемся з тэлеграм-каналаў, а адкуль нам яшчэ браць інфармацыю?»

Лекар аднаго з рэспубліканскіх цэнтраў, дзе не працуюць з пацыентамі з каранавірусам і ВРВІ, распавёў, што ў дзень ім выдаюць па адной аднаразовай масцы, а старэйшая медсястра з марлі шые дадатковыя. Маскі трэба мяняць раз на дзве гадзіны, на рабочы дзень іх трэба чатыры штукі. Са сродкамі дэзінфекцыі ў клініцы праблем няма.

- Раней маскі проста ляжалі і ніхто іх не лічыў, бралі, колькі трэба для працы.

З ягоных слоў, цяпер незразумела, што рабіць, калі сярод пацыентаў у кагосьці ёсць падвышаная тэмпература і тэарэтычна ён можа быць носьбітам каранавірусу. У гэтым выпадку адпрацаваных механізмаў пакуль таксама няма.

- Ніхто нічога не пазначыў: як паступаць з такімі пацыентамі, іх выпісваць ці не? Мы цяпер будзем неяк самі вызначаць. Цяпер медыкі ўсхваляваныя тым, што і яны, і грамадства ў недасведчанасці: што вось цяпер у Віцебску адбываецца? Мы пра ўсё даведаемся з тэлеграм-каналаў, а адкуль нам яшчэ браць інфармацыю? - кажа ён.

«Сказалі, што хірургічныя маскі выдадуць толькі тады, калі да нас прыедзе праверка»

Лекар адной з менскіх паліклінік распавядае, што ў іх таксама не стае масак. З пальчаткамі і антысептыкамі праблем не было і няма і цяпер.

- Нейкі час таму сказалі, што масак не чакайце, выдаюць па некалькі штук - тры маскі на паўтары-два тыдні. Пры гэтым цяпер выдаюць толькі марлевыя маскі, а хірургічныя, сказалі, выдадуць толькі тады, калі да нас прыедзе праверка. Я думаю, недахоп масак паўстаў праз тое, што іх у асноўным цяпер перадаюць лякарням.

У выніку лекар набывае маскі для працы сам.

- Адзінае, што радуе: з цяжарнымі як напісалі, так і зрабілі. Іх цяпер максімальна абзвоньваюць, каб яны лішні раз не прыходзілі ў паліклініку, аналізы замест іх прыносяць родныя. З цяжарнымі ўсё як трэба. Прыходы пераносяцца на тэрміны як мага далей.

Лекар кажа, што мяркуючы з ягоных размоваў з калегамі з лякарняў, пнеўманій цяпер, сапраўды, стала больш, чым было ў гэты ж час летась. Чаму? Сказаць цяжка.

- Калі б рабілася больш тэстаў, то можна было б разважаць, а так у нас, наколькі я ведаю, зрабілі больш за 32 тысячы тэстаў за ўвесь час, але гэта вельмі мала. Не магу сказаць, што ў нас маленькае насельніцтва ў гарадах, пры гэтым кантактам 2 узроўню тэсты не робяцца. Ва ўсіх нас ёсць родныя ва ўзросце, і я напраўду хвалююся.

«Сказалі эканоміць»

Медрэгістратар адной з менскіх паліклінік распавядае, што ім выдаюць па дзве хірургічныя маскі на дзень, а змена — восем гадзін. Паводле правілаў маскі трэба мяняць раз на дзве гадзіны, а яны носяць іх па чатыры-пяць гадзін.

- Антысептык у іх на працы ёсць: для супрацоўнікаў ён добры і неразведзены з вадой, а для пацыентаў разбаўлены, таму што сказалі эканоміць. На паліклініку ў іх шэсць ахоўных касцюмаў для медыкаў, якія прымаюць пацыентаў з ВРВІ і тых, у каго пад пытаннем каранавірус. Такія пацыенты заходзяць праз асобны ўваход.

Нарады ў паліклініцы цяпер імкнуцца не праводзіць, каб было менш кантактаў. Людзі часта тэлефануюць у паліклініку і пытаюцца, ці можна сюды прыходзіць, як паліклініка працуе, у чым прыходзіць? Я заўсёды раю апрацоўваць рукі антысептыкам.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках