25 красавiка 2024, Чацвер, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Беларусы самаізалююцца без карантыну ад уладаў

8
Reuters: Беларусы самаізалююцца без карантыну ад уладаў
ФОТА: REUTERS/ВАСІЛЬ ФЯДОСЕНКА

Людзі бяруць клопат пра сваё здароўе ва ўласныя рукі.

Пакуль Лукашэнка высмейвае эпідэмію каранавірусу як масавы псіхоз, прапаноўваючы праводзіць прафілактыку пры дапамозе гарэлкі і лазні, многія беларусы бяруць клопат пра сваё здароўе ва ўласныя рукі, паведамляе Reuters.

Беларусь, колькасць насельніцтва якой складае блізу 9,4 мільёна чалавек, на сёння паведаміла пра 152 інфікаваных каранавірусам новага тыпу, а ў аўторак зафіксавала першую смерць чалавека з вірусам.

Краіна не закрывала межы і не ўводзіла карантын для прадухілення распаўсюджвання эпідэміі.

Беларускія прадпрыемствы прадаўжаюць працаваць, а ўлады рыхтуюцца да вайсковага параду з нагоды 75-годдзя перамогі.

Дапамажы сабе сам

Аднак, прыватная школа Stembridge, у якой навучаецца амаль 150 вучняў, перайшла на дыстанцыйнае навучанне яшчэ з пачатку мінулага тыдня, пасля таго, як гэтую ідэю падтрымалі большасць бацькоў.

«Мы маніторылі міжнародную абстаноўку, і агульная сітуацыя выглядала так, што будзе больш адказным арганізаваць дыстанцыйную адукацыю», - сказала Яўгенія Гушчына, настаўніца, двое дзяцей якой таксама вучацца ў гэтай школе.

«Калі выбіраць паміж рызыкай для здароўя і рызыкай недаатрымаць адукацыі, я выбіраю здароўе».

Дзяржаўныя школы, якіх большасць, не маюць магчымасці прымаць такія пастановы, але ўжо на мінулым тыдні адміністрацыі большасці школ падалі бацькам магчымасць выбіраць вольнае наведванне.

У многіх класах менскіх школ у апошнія дні перад канікуламі на ўрокі хадзілі па некалькі вучняў.

Школы не самотныя - многія беларусы аддалі перавагу абмежаваць свае сацыяльныя кантакты. Менскі метрапалітэн паведаміў, што ў сакавіку штодзённая колькасць пасажыраў упала на чвэрць, да 600.000 чалавек.

Многія кінатэатры, кавярні і рэстарацыі аддалі перавагу закрыцца праз тое, што колькасць наведвальнікаў упала ў разы.

Лепш не заўважаць

Аднак, Лукашэнка высмейвае ўсеагульную занепакоенасць з нагоды эпідэміі, кажа, што не рабіў тэстаў на каранавірус і выхваляецца тым, што не мяняў звыклы лад жыцця.

У суботу, згуляўшы на аматарскім хакейным турніры, Лукашэнка сказаў, што «лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях».

Беларуская федэрацыя футбола, адзіная ў Еўропе, не стала ні касаваць матчы нацыянальнага чэмпіянату, ні абмяжоўваць прысутнасць на іх гледачоў. Гэта пастанова прынесла нечаканыя дывідэнды - да канца мінулага тыдня правы на трансляцыю беларускіх матчаў набылі ўжо дзесяць краін.

Беларускае Міністэрства аховы здароўя ў апошнія дзесяць дзён жорстка абмежавала падачу інфармацыі аб распаўсюдзе каранавірусу. Яно паведамляе звесткі пра колькасць новых выпадкаў раз на некалькі дзён і перастала публікаваць агульную колькасць інфікаваных.

Першую смерць хворага з каранавірусам улады пацвердзілі праз некалькі гадзін пасля таго, як шэраг мясцовых СМІ паведамілі пра гэта са спасылкай на сваякоў.

«Улады абралі савецкую тактыку замоўчвання. Але з цяперашнім узроўнем развіцця інфармацыйных тэхналогій гэта не працуе», - мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

«Улады абралі тактыку замоўчвання, бо баяцца, што карантын можа нанесці скрышальны ўдар па беларускай эканоміцы, якая і да пачатку эпідэміі перажывала праблемы», - мяркуе Класкоўскі.

Беларуская эканоміка атрымала моцны ўдар яшчэ ў пачатку года, калі большасць расейскіх кампаній спынілі пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

ВУП Беларусі за першыя два месяцы скараціўся на 0,6%, курс беларускага рубля да даляра знізіўся амаль на 20%.

«Але чым менш інфармацыі ад уладаў, тым больш чутак. І, вядома, гэтыя чуткі значна перабольшваюць маштабы праблемы», - сказаў Класкоўскі.

У пачатку тыдня абласны цэнтр Віцебск першым у краіне ўвёў мяккія абмежавальныя захады, і гэта спарадзіла чуткі пра мноства захварэлых і нават пра тое, што горад закрываецца на карантын.

«Проста скажыце нам праўду. Проста пачніце з намі размаўляць. Не бойцеся і не панікуйце. Праўда - гэта не страшна», - напісала ў блогу беларуская настаўніца і грамадская дзяячка Ганна Севярынец.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках