26 красавiка 2024, Пятніца, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент: Заклікаем неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара «Ежедневника»

5
Еўрапарламент: Заклікаем неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара «Ежедневника»

Дэлегацыя Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю заклікала зняць з Сяргея Сацука ўсе абвінавачанні.

Дэлегацыя Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю заклікае неадкладна вызваліць рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука, а беларускія ўлады - выконваць адпаведнае заканадаўства і міжнародныя абавязанні Беларусі ў галіне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, выпушчанай дэпутатамі Еўрапарламента, паведамляе tut.by.

- Мы з трывогай даведаліся, што быў арыштаваны вядомы журналіст-даследчык і галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук, якому пагражае крымінальны пераслед паводле сумнеўнага абвінавачання ў дачы хабару - злачынства, за якое караюць паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў, - гаворыцца ў заяве.

Еўрапарламентарыі адзначаюць, што на працягу многіх гадоў Сацук актыўна займаўся журналісцкімі расследаваннямі, «нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы для незалежных СМІ, якія дагэтуль пераважаюць у Беларусі». Летась ён апублікаваў карупцыйную схему з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў сістэмы аховы здароўя, шэраг з якіх пасля сапраўды былі асуджаныя.

- Мы ўважаем, што сённяшнія абвінавачванні, выстаўленыя ў адрас спадара Сацука ў прамой сувязі з гэтым расследаваннем, тым больш абсурдныя. Спадар Сацук неаднаразова атрымліваў пагрозы, і, што дзіўна, яго арышт адбыўся пасля таго, як ён публічна раскрытыкаваў легкадумны падыход уладаў да стрымлівання эпідэміі COVID-19 у Беларусі. У момант глабальнай надзвычайнай сітуацыі ў галіне аховы здароўя сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць вырашальную ролю ў асвятленні пандэміі і прадастаўленні дакладнай інфармацыі насельніцтву, - уважаюць у Еўрапарламенце.

Дэпутаты заяўляюць: арышт Сацука можа прывесці да далейшага запалохвання або самацэнзуры незалежных журналістаў, якія працуюць над такімі сацыяльна значнымі пытаннямі, як карупцыя ці грамадская ахова здароўя.

- Па ўсіх гэтых прычынах мы заклікаем да безумоўнага і неадкладнага вызвалення спадара Сацука і зняцці ўсіх выстаўленых яму крымінальных абвінавачванняў, а таксама заклікаем беларускія ўлады выконваць адпаведнае заканадаўства і міжнародныя абавязанні Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі, - гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта Дзяржкантролю затрымалі галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука 25 сакавіка праз падазрэнне ў нібыта атрыманні хабару. 27 сакавіка супрацоўнікаў «Ежедневника» дапыталі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК, Сяргея Сацука перавялі ў СІЗА №1.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках