30 траўня 2020, Субота, 11:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекарка менскай 4-й клінікі: Пацыентка памерла за паўдня

63
Лекарка менскай 4-й клінікі: Пацыентка памерла за паўдня
4-я городская клиническая больница имени М. Я. Савченко
Фото «Белсат»

Пра што забараняюць казаць беларускім лекарам.

Хлусня ў эпікрызах, нястача спецыяльнай вопраткі, адсутнасць тэставання на каранавірус сярод лекараў. Belsat.eu пазнаёміўся з доктаркай менскай 4-ай гарадской клінічнай лякарні, якая на ўмовах ананімнасці распавяла пра працу ў час эпідэміі.

Людзям, інфікаваным каранавірусам, могуць паставіць дыягназ пнеўманія?

Да нас прывезлі адну жанчыну з іншай лякарні, адразу ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Праз паўдня яна памерла.

У эпікрызе напісалі «пнеўманія», але праз знаёмых лекараў я даведалася, што два тэсты на каранавірус у яе былі станоўчыя і толькі адзін адмоўны. Але ў выніку яны напісалі пнеўманію. Ёй было 72 гады.

23 сакавіка яна паступіла ўвечары, 24 сакавіка а 10:00 ужо памерла. Жанчына прыехала з Вільні. У кожнага ёсць нейкія хранічныя хваробы, але гэты вірус забівае імунітэт, прыгнятае функцыю лёгкіх, і гэтая пнеўманія вельмі хуткацечная і вельмі хутка бярэ чалавека. Калі пнеўманія звычайная, бактэрыяльная, можна дома тыдзень паляжаць, і такой сімптаматыкі не будзе. А ў гэтым выпадку, згодна з апісаннем хворых, яны на другі дзень адчувалі, што не могуць дыхаць, нібыта ім націснулі нагой на грудзі. Проста згараюць. Яшчэ адна жанчына была 83-гадовая, прыехала з Парыжу. Ёй таксама напісалі дыягназ «пнеўманія».

4-я гарадская клінічная лякарня імя М. Я. Саўчанкі. Фота «Белсат»

Быў таксама мужчына, 14–15 сакавіка. У яго бралі мазок і знайшлі свіны грып, COVID не знайшлі. 57 гадоў яму было, ён памёр. Але ў яго былі паталогіі, цукровы дыябет.

Як думаеце, гэта ўказ Мінздароўя – не ставіць дыягназу COVID-19?

Так. Лекар нічога не хавае. Ён піша тое, што бачыць. Няма прычыны хаваць. Аднак ёсць класіфікацыя, якой яны не пішуць, бо гэта забарона зверху. Згодна з Міжнароднай класіфікацыяй хваробаў (МКХ), ёсць шыфраванні, і кожная хвароба мае сваю градацыю паводле МКХ: звычайна літара англійскага алфавіту і лічбы. І для каранавіруса існуе свая градацыя: смерць звязаная з каранавірусам, напрыклад, або смерць у выніку ўскладненняў з-за каранавіруса. І я ведаю дакладна, што ёсць выпадкі адпаведна Міжнароднай класіфікацыі хваробаў, якіх у нас не пішуць.

Цяпер толькі ўсё пачынаецца. Не ведаю, калі будзе пік. Можа, у сярэдзіне красавіка – пачатку траўня.

Але ў нас будзе вельмі шмат смерцяў, і яны не змогуць маўчаць. Шмат якія дактары ўжо не маўчаць. Таму маральны ціск і нездаволенасць расце праз тое, што вымушаныя падманваць блізкіх людзей памерлых.

Пачнем з самага пачатку. Што змянілася цягам апошняга месяца ў вашай працы?

Тэхнічна нічога не змянілася, тая самая праца, але ўмовы іншыя. Мы цяпер працуем у касцюмах. Мы ізаляваныя, не можам выходзіць з корпусу. Пакуль не адпрацуеш, не сходзіш у душ, цябе не выпусцяць. Мы цягам дня мусім быць адмыслова адзетыя: касцюм, бахілы, шапка, акуляры, рэспіратар, пальчаткі. Пасля працы касцюмаў мы не выкідваем, яны шматразовага ўжывання, хоць ён і павінен быць аднаразовы.

4-я гарадская клінічная лякарня імя М. Я. Саўчанкі. Фота «Белсат»

Увесь корпус тэрапіі, а гэта 4 паверхі, пераабсталявалі пад пацыентаў з падазрэннем на COVID-19. Усе аддзяленні акрамя пульманалогіі расфармавалі. Частку сталых людзей з праблемамі сэрца, напрыклад, перавезлі ў кардыялогію.

Ці праўда, што дактары, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19, падпісваюць дакументы пра невыдаванне інфармацыі?

СКРЫНШОТ З ПЕРАПІСКІ Ў ПРАЦОЎНЫМ ЧАЦЕ МЕДЫКАЎ

Я пра такое не чула. Мы не падпісвалі такога, толькі згоду, што пагаджаемся працаваць ва ўмовах пандэміі з кантактнымі асобамі 1–2-га ўзроўню. Пра іншыя аддзяленні таксама не чулі. Можа, гэта датычыць дактароў, якія працуюць у інфекцыйнай лякарні.

Цяпер у вас ёсць пацыенты з COVID?

Іх вельмі хутка забіраюць. Учора было некалькі, аднаму мужчыне зрабілася кепска, яго завезлі ў рэанімацыю. Вельмі хутка прыехаў бокс, і яго забралі ў інфекцыйную лякарню. Але ў нас пацыенты ляжаць і па два чалавекі ў пакоі. Выходзіць, што другая асоба ў зоне рызыкі, бо ён з ёй кантактаваў. Агулам вынік тэсту на COVID няхутка прыходзіць, чалавек можа чакаць дзень. І гэты дзеь ён з кімсьці кантактуе ў аддзяленні.

У кожным аддзяленні ў нас 55–60 ложкаў. То бок 275 чалавек плюс рэанімацыя. Агулам каля 300 чалавек. І корпус ужо цалкам запоўнены. 22 сакавіка да нас прывезлі першых дзвюх жанчын, яны прыехалі з Польшчы і ЗША. І шпіталь ужо цягам тыдня быў цалкам запоўнены, больш нікога не прымаюць. Мы працуем толькі на абслугоўванне тых, хто ляжыць цяпер. Пакуль нікога не выпісалі. Цягам тыдня ў інфекцыёнку вывезлі каля 15 чалавек, а можа і больш.

Вам страшна працаваць?

Калі працуеш у такім тэмпе, то няма часу падумаць. Вядома, страшна, нават не за сябе, а за блізкіх людзей, каб іх не заразіць. Могуць закрыць у лякарні.

УВАХОД У 4-УЮ МЕНСКУЮ КЛІНІЧНУЮ БОЛЬНІЦУ. ФОТА «БЕЛСАТ»

Ці чулі вы, што ў Капыльскім раёне лякарню цалкам закрылі, і цяпер дактары 14 дзён павінны ў ёй жыць?

Нам загадчыца сказала, што калі хто-небудзь з персаналу захварэе, то нас закрыюць. Але на практыцы ў нас былі заражаныя, але нікога не закрылі. Можа, не хочуць пацвярджаць, што яны ёсць. Людзей вывозяць, яны не кажуць, дзе канкрэтна выявілі. Мы ўсе гэтага баімся і чакаем, але пакуль без каранціну.

Але ў вас ёсць умовы, калі гэта здарыцца, і давядзецца далей працаваць і жыць на працы?

Нам сказалі, што на 8-м паверсе пакой адпачынку, і там зробяць, але дзе спаць – не зразумела. У нас шмат людзей працуе. Я думаю, нас закрыюць, і будзем спаць у сваіх аддзяленнях.

Родным вы гаварылі пра такую магчымасць? Як яны рэагуюць?

Так. Хлопец сказаў, што калі трэба, то трэба. Бабулі не казала. Мама перажывае, вядома, але не паказвае. Нельга паказваць блізкім, што перажываеш. Я кажу, што ўсё будзе добра.

Колькі ў сярэднім заробкі лекараў у 4-й лякарні?

Сярэдняя – BR 950–1000. Гэта стаўка. 7 дзяжурстваў на месяц.

Ці абяцалі вам прэміі?

Так, нам казалі, што ёсць такі загад, як будзе ўсё арганізавана, што будзе ад 20 да 100 % ад акладу, але не вельмі разумею, як гэта будуць рабіць. Таму не ведаю, як будзе насамрэч.

4-я гарадская клінічная лякарня імя М. Я. Саўчанкі. Фота «Белсат»

Якія настроі ўвогуле ў калектыве і сярод дактароў, якія ў групе рызыкі?

Пенсіённага ўзросту ў нас працуе толькі некалькі асобаў. Агулам усе спакойныя, але ўсіх раздражняе хлусня, якую падае Мінздароўя, іх статыстыка, што ўсё ад усіх хаваюць. Усе ў шоку ад палітыкі, ад таго, што адбываецца, як намагаюцца маніпуляваць.

Як яны маніпулююць інфармацыяй? Чаму яны спачатку кажуць, што было выяўлена, пасля – не? Як гэта працуе з тэстамі?

Яны лічаць, што каб пацвердзіць адсутнасць ці наяўнасць віруса, трэба зрабіць тры тэсты. Што ўсе тры павінныя быць адмоўныя. Бывае, што два тэсты пазітыўныя і адзін адмоўны. То бок спачатку пішуць праўду, а пасля карткі сціраюць, як было з акторам, якому запісалі пнеўманію невядомай этыялогіі. Як такое магчыма, калі ў яго бралі мазок?

Пакуль улады не скажуць праўды пра захварэлых і памерлых, людзі далей будуць хадзіць на шашлыкі, у клубы, паводзіцца, нібыта гэта іх не датычыць.

Наколькі больш стала людзей з пнеўманіяй, чымся летась?

Я сказала б, што ў разы 2–3 дакладна. Напрыклад, у аддзяленні пнеўмалогіі 55 чалавек. Звычайна палова з іх з пнеўманіяй, палова – бранхіяльная астма. Цяпер усё пнеўманія.

Колькі мазкоў бяруць штодня?

У нас бралі ў кожнага, хто паступаў, то бок каля 290 штук.

Ці ёсць магчымасць, што мазкі губляюцца?

Можа, калі мазкі непадпісаныя.

Ці абароненыя самыя лекары?

У дактароў яшчэ ніхто не браў мазкоў. Ёсць загад, што калі нават мы заразімся, нас не шпіталізуюць. Калі не будзе сімптаматыкі або лёгкая, то трэба будзе працаваць. Чаму? Бо не будзе каму працаваць. Але нас не забяспечваюць патрэбнымі рэчамі, кажуць, што няма – і ўсё.

Давялося купляць самім рэспіратары і касцюм, малярны камбінезон. У рэанімацыі ўвогуле няма ані касцюмаў, анічога. Мне падаецца, што большасць дактароў перахварэе.

ПАСТАНОВА МІНЗДАРОЎЯ, ПАВОДЛЕ ЯКОЙ, З 25 САКАВІКА ШПІТАЛІЗАЦЫЯ МЕДЫКАЎ, КАНТАКТАЎ 1 УЗРОЎНЮ АЖЫЦЦЯЎЛЯЦЦА НЕ БУДЗЕ

І гаварыць пра іх, што яны не выконваюць захадаў бяспекі, – гэта як плявок у твар. Застаецца толькі мыць рукі. А рукі пасля 24 гадзін і працяглага мыцця антысептыкамі выглядаюць як шурпатыя дошкі. А ад кварцавых лямпаў былі апёкі сеткавіцы, бо нам выдаюць пластыкавыя акуляры, яны не абараняюць ад ультрафіялету.