19 красавiка 2024, Пятніца, 11:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Лукашэнка дзейнічае абсалютна неадэкватна

49
Леанід Заіка: Лукашэнка дзейнічае абсалютна неадэкватна
ЛЕАНІД ЗАІКА
ФОТА: ONLINER.BY

Пачатак заняткаў у школах - гэта стымуляцыя масавага забойства людзей.

Сусветная арганізацыя здароўя заявіла, што беларускім уладам трэба рыхтавацца да найгоршых сцэнароў праз пандэмію каранавіруса. Аднак Лукашэнка сказаў, што «ВРВІ ўжо скончылася» і з 20 красавіка дзецям пара вяртацца ў школу.

Больш за тое, ён абвясціў, што дзеці павінны будуць вучыцца і ў суботу, і ў выходны дзень - 1 траўня.

Для параўнання, ва ўсіх краінах-суседках Беларусі дзеці вучацца дыстанцыйна.

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка пракаментаваў сайту Charter97.org дзеянні ўладаў падчас разгару пандэміі каранавірусу ў Беларусі.

- Леанід Фёдаравіч, у вас дзіця школьнага ўзросту. Як вы ставіцеся да таго, што падчас пандэміі каранавіруса ўлады надумалі аднавіць навучальны працэс?

- Няхай сваіх дзяцей і адпраўляюць у школы. Камуністы на чале з Карпенкам павінны быць наперадзе. Няхай і ідуць, а мы дома пакуль пабудзем.

Гісторыя разбярэцца ва ўсім. Ніхто не мае права распараджацца здароўем і бяспекай дзяцей, ніякае міністэрства ды іншыя. Ёсць кампутары, ёсць аддалены доступ. Чацвёртая чвэрць у школах - гэта наогул паўтор.

Я паглядзеў на склад настаўнікаў у школах у Менску (у маленькіх гарадах - яшчэ горш), там шмат выкладчыкаў ва ўзросце. Гэта рэальная пагроза для іх. Дзеці лёгка могуць перанесці хваробу, але яны будуць разносчыкамі.

Прапаную ўладам надзець на дзяцей чорныя плашчы, як у кінафільмах пра Гары Потэра, выдаць косы - хай ходзяць і распаўсюджваюць вірус.

Калі сістэма адукацыі патрабуе зборышча людзей - то гэта ўчарашні дзень. Пытанне ж не проста ў дзецях, а ў тым, што падвышаецца сама сінхроннасць перадачы віруса і павялічваецца колькасць кантактаў.

Я выступаю ў жорсткай апазіцыі да дзецюкоў з урада, прычым, раблю гэта як выкладчык, які працаваў у ВНУ розных краінах. Калі б я проста сядзеў у горадзе пад назвай Слуцк або Ворша, тады, напэўна, я б думаў як камуністы ва ўладзе.

- Што гавораць настаўнікі ў школе і іншыя бацькі з гэтай нагоды?

- Настаўнікі ў жаху. Яны самі з дзецьмі працуюць на адлегласці. Настаўнікі проста ненавідзяць свае мясцовыя ўлады і міністэрствы. Я не перадам усяго багацця мовы, якое яны выкарыстоўваюць у дачыненні да пазіцыі Міністэрства адукацыі і Лукашэнкі. Апошні, як вядома, выкладчык і скончыў педагагічны інстытут. Праўда, потым пайшоў працаваць у камсамольскую арганізацыю гархарчпрамгандлю. Так што бацькі і выкладчыкі супраць. Ва ўладаў няма аргументаў, а ў нас ёсць - зменшыць кантактнасць і імавернасць перадачы каранавіруса пры дапамозе дзяцей.

- Як бы вы адказалі на пытанне, якое сёння стаіць перад палітыкамі ўсяго свету: эканоміка ці людзі? Лукашэнка заявіў, што галоўнае - гэта эканоміка. Ці выйдзе ў яго што-небудзь?

- Гэта глупства, якое можна казаць людзям недасведчаным. У Беларусі з пачатку года на 1% зменшыўся ВУП, а заробак намінальна павялічыўся на 12% і рэальна на 8%.

Хлопцы ўжо грошы выдалі, цяпер чакайце. У Расеі (нават Пуцін быў здзіўлены) на 35% упалі закупы ў гандлёвых сетках. Людзі менш заходзяць у крамы і менш набываюць.

У Беларусі пакуль набыткі павялічыліся на 6%, гэта значыць, попыт спажывецкі прастымуляваў нашых вытворцаў. Але гэта чыста факталогія. Але што вы робіце: ВУП падае, вы грошы кідаеце на 12% больш, падштурхоўваеце інфляцыю, людзі бягуць у крамы і павялічваюць на 6% набыткі.

Цяпер глядзіце, дапусцім, я - прэм'ер-міністр краіны і кажу: «Два месяцы нічога не будзе працаваць, толькі мінімальная колькасць патрэбных структур для падтрымання інфраструктуры».

Мы спыняем на два месяцы вытворчасць. У нас за месяц мінус 8% гадавога ВУП. Спынім на два месяцы - будзе мінус 16% ВУП.

Я не ўспрымаю фразы ў стылі «жэрці не будзе чаго». Я ўважліва прааналізаваў усе запасы прадуктаў харчавання і адзення гандлёвых сетак і на складах прадпрыемстваў. Не вешайце мне локшыну. Цяпер пытанне: хто памятае 2015 год, калі ў нас упаў ВУП? Ніхто не памятае і ніхто не заўважыў.

Гледзячы на гэты год, можна катэгарычна і проста сказаць, што за два месяцы будзе мінус 16%, потым мы прастымулюем прадпрыемствы і яны раскруцяцца дзесьці на 6%. У выніку падзенне ВУП складзе 10% за год. Я паглядзеў на сваіх калег немцаў. Яны таксама ацэньваюць падзенне ВУП на 10%. І што з гэтага?

Ставіць на парадак дня, што важней: людзі ці эканоміка? Хай ідуць на сухі лес са сваёй эканомікай. Навошта вы палохаеце людзей, што «жэрці не будзе чаго»? Думаеце, я паверу, што прэм'ер-міністру і Лукашэнку не будзе чаго жэрці з ягонымі агародамі і кавунамі? Дайце слова прафесіяналам!

- Як зменіцца свет у выніку пандэміі? Ці знойдзецца ў новай рэальнасці месца для Лукашэнкі ці ён будзе выкінуты на ўзбочыну гісторыі?

- Ён усё робіць для гэтага. Упершыню за ўвесь час Лукашэнка дзейнічае абсалютна неадэкватна. У яго ўжо пачаўся «комплекс Напалеона» і комплекс «глядзення наперад». Нічога ён не зразумеў. Лукашэнка думае, што людзі такія дурныя, будзе зноў заклікаць да чаркі і скваркі. Будзе казаць, што ніхто не памрэ праз каранавірус. Годзе абдурваць, пара задумацца, пачытаць і паглядзець.

Ёсць лекары, якія выказваюць розныя пункты гледжання, маўляў, каранавірус - гэта не так страшна, але мае калегі - гэта біёлагі. Я скажу толькі адно, хай на мяне крыўдзіцца ўся лячэбная медыцына: няма больш непісьменных у дачыненні да навукі біялогіі і біяхіміі людзей, чым лекары. Яны абараняюць шмат дысертацый, але гэта самыя непісьменныя з пункту гледжання біялагічнага інтэлекту людзі.

Паглядзіце, хто там выступаў у Беларусі. Каго можна слухаць? Нікога.

Міністэрства аховы здароўя павінна само легчы ў інфекцыйныя лякарні, даўно пара падлячыцца. Яны выштурхнулі выступаць нейкую маладую дзяўчынку, якой прысвоілі пасаду намесніцы міністра. Яна ўвогуле спалоханая была першыя дні. Тое, што яны гавораць - гэта праз усе інтэрнэт-каналы ідзе. Нават расейцы зрабілі лепш. Яны ўвесь час запрашаюць кампетэнтных лекараў і навукоўцаў, якія шчыра кажуць, што спатрэбіцца 400 тыдняў, каб разабрацца з каранавірусам. Мы будзем з ім жыць.

Другое, прэм'ер-міністр ні слова не сказаў. Куды Румас дзеўся? Чаму яго не чуваць і не відаць? Кошт нафты падае да жахлівых велічынь. Ляснулася ўся паэзія ў дачыненнях з Расеяй. Хлопцы, бярыце нафты, колькі хочаце. Эпоха нафтагазавай эканомікі заканчваецца. Гэтага не разумее ўрад. Што важней цяпер зрабіць: мадэрнізаваць НПЗ або зрабіць завод для вытворчасці медыцынскіх робатаў, каб было менш кантактаў з чалавекам?

А што ў крамах? Я ў кожнай краме за мяжой магу падысці расплаціцца на аўтаматычных разліковых месцах і ні з кім не кантактаваць, грошы не перадаваць. У Беларусі ніводнага такога няма, а крамы - гэта такое ж кантактнае асяроддзе.

Цяпер людзі забіваюць адзін аднаго. Што такое адправіць дзяцей у школу? Гэта значыць, у масавым парадку стымуляваць забойства аднаго чалавека іншым. А вірус цяпер швэндаецца пры дапамозе абдымкаў, поціскаў рукі, кантактаў. Не трэба ні танкаў, ні залпавага агню.

Мне шкада гэтых людзей ва ўладзе. Яны разгубленыя, дзіўныя, у іх «смяротнасць 1%». Я б сказаў так, адумайцеся, ні дзеці, ні ўнукі, ніхто вам не даруе гэтай неадэкватнасці.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках