19 красавiка 2024, Пятніца, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Ёсць спосаб увесці карантын на беларускіх прадпрыемствах

23
Генадзь Фядыніч: Ёсць спосаб увесці карантын на беларускіх прадпрыемствах
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА БелТА

Бравада ніколі добра не заканчваецца.

20 красавіка з'явілася інфармацыя аб тым, што на БелАЗ сотні работнікаў знаходзяцца на лістках непрацаздольнасці праз заражэнне COVID-19. Раней таксама былі пацверджаныя ўспышкі на іншых буйных заводах краіны - МАЗ, "Атлант" ды іншыя. Аднак улады адмаўляюцца ўводзіць на іх карантыін.

Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту Charter97.org, як беларускім працаўнікам абараніць свае правы падчас пандэміі.

- Людзі кантактуюць адзін з адным. Ідзе ланцуговая рэакцыя. Сёння ў метро ездзіць пастаянны паток людзей на працу і з яе. Дапусцім, на Трактарным заводзе ў перазменку ўсё дэзінфікуюць, але наўрад ці сёння гэтым самым можна выратаваць людзей.

На мой погляд, на тых вытворчасцях, якія сёння не асноватворныя для эканомікі Беларусі, можна перавесці людзей на дзве траціны тарыфу, падумаць, якім чынам яны маглі б атрымаць мінімальны заробак.

Дастаткова зрабіць нармальную самаізаляцыю на два ці тры тыдні. Няўжо гэты перыяд адыграе вялікую ролю для эканомікі Беларусі? А вось для здароўя людзей і дапамогі медыкам - можа адыграць.

Я думаю, што да піка пандэміі Беларусь яшчэ не дайшла. Нам усё яшчэ трэба зрабіць як мага больш павольным уваходжанне ў пік захворвання каранавірусам і яго распаўсюджвання сярод людзей. Больш за тое, у школьнікаў не павінна быць ніякіх заняткаў. Кажуць, дзеці лёгка пераносяць каранавірус, а як яго перанясуць настаўнікі сталага ўзросту?

- У бацькоў ёсць магчымасць не пусціць дзяцей у школы. У работнікаў дзяржпрадпрыемстваў няма магчымасці не наведваць працу. Што яны могуць зрабіць у гэтай сітуацыі?

- Калі сёння ўмовы кожнага работніка пагражаюць ягонаму жыццю, то ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам ён можа пісьмова адмовіцца ад выканання сваіх абавязкаў, паведаміўшы пра гэта наймальніку, спаслаўшыся на канкрэтны артыкул.

Калі сёння хтосьці захварэў - гэта ўжо пагроза жыццю. Калі гэтыя заявы пойдуць масава, то прымусяць наймальніка прыняць канкрэтныя захады. У нашай сітуацыі трэба дзейнічаць толькі такім чынам, таму што па-іншаму не даходзіць. Атрымаецца, што карантын будзе ўведзены «знізу».

Нельга ставіць на адны шалі эканоміку і людзей, гэта не сувымерныя рэчы. Так, будзе складана ў эканамічным плане. Але я скажу, што сродкаў у свеце, (у тым ліку - у МВФ ці ў Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця) дастаткова, каб даць безадсоткавыя крэдыты.

Нашы банкі таксама маглі б даць крэдыты малому бізнэсу і тым прадпрыемствам, якія сёння не могуць выдаць заробак. Хоць бы мінімальны. Гэта проста трэба арганізаваць. Кожны сам па сабе не выжыве.

- Краіны, у якія беларусы ездзілі працаваць, сёння закрылі межы. Што рабіць нашым суайчыннікам, якія цяпер не маюць магчымасці працаваць за мяжой?

- Возьмем кіроўцаў-міжнароднікаў або, як іх называюць, дальнабойшчыкаў. Наўрад ці ў Беларусі для іх ёсць годная аплата працы і нармальныя ўмовы працы. Я б звярнуўся да тых краін, дзе сёння яны працуюць. Ужо цяпер Нямеччына прапануе людзям прыехаць і дапамагчы ў сельскай гаспадарцы. Таксама ў многіх краінах Заходняй Еўропы будзе не ставаць кіроўцаў высокага класа. Чаму б тады не дамовіцца з урадам, што гэтыя людзі, прайшоўшы медкамісію, прыедуць і будуць працаваць. Межы паміж краінамі Еўропы адкрыюць значна хутчэй, чым паміж Літвой-Беларуссю і Польшчай-Беларуссю.

- Як каранавірус зменіць становішча простага чалавека працы ў Беларусі?

- Цяпер народ думае не пра тое, як сітуацыя зменіцца пасля пандэміі, а як выжываць сёння. У нас няма дакладнай інфармацыі, няма веры міністру аховы здароўя. Улады хаваюць праўдзівую статыстыку, блытаюць лічбы, а людзям патрэбная праўда. У беларусаў можа не будзе панікі, але на 100% будзе незадаволенасць уладай.

Я сустракаўся ў пятніцу з чалавекам, які прыехаў з вёскі. Так, там сапраўды ніхто ў масках не ходзіць. А гэта людзі, якія сёння сеюць, а заўтра ўжо будуць збіраць. Таму тут трэба вельмі акуратна падыходзіць. Іх жа трэба паберагчы, а не так бяздумна адпраўляць працаваць, кажучы, што «ніхто не будзе хварэць, таму што я паабяцаў». Гэта непавага да свайго народу. Гэта бравада, якая ніколі добра не заканчваецца. Нам сёння ўжо не стае прэпаратаў, масак, а ўявіце, якая праблема ў раённых цэнтрах з ШВЛ.

Людзі цяпер пачынаюць рабіць нейкія запасы на заўтра, але «падушкі бяспекі» ў беларусаў невялікія. Яны не збіралі грошы на вялікія набыткі. Сам па сабе беларускі народ дастаткова бедны, ён і раней вельмі скрупулёзна ставіўся да выдаткаў, і цяпер будзе яшчэ больш. Людзі цяпер будуць думаць пра кожны рубель.

Таму я хачу звярнуцца да кіраўніцтва прадпрыемстваў: не звальняйце супрацоўнікаў за тое, што яны не ходзяць на працу, калі ў вас зафіксаваны каранавірус. Трэба думаць, як плаціць заробак людзям, калі заводы і фабрыкі будуць у карантыне.

Так, цяпер усё ўпіраецца ў грошы. Ці ёсць сродкі ў прадпрыемстваў і банкаў? У апошніх, хутчэй за ўсё ёсць. Так што давайце падзелімся.

Не пазіраючы на складанасці і на ўладныя структуры, якія адмаўляюцца разумець сітуацыю, народ аб'ядноўваецца і гэта відаць кожны дзень. Агульныя праблемы гуртуюць значна больш, чым шчасце асобна ўзятага чалавека.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках