28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пятрас Аўштравічус: Уладам Беларусі нельга давяраць у крызіснай сітуацыі

9
Пятрас Аўштравічус: Уладам Беларусі нельга давяраць у крызіснай сітуацыі
ПЯТРАС АЎШТРАВІЧУС

Сітуацыя з пандэміяй каранавіруса гэта пацвердзіла.

У лютым у Вільні прайшоў першы з'езд «Руху супраць Астравецкай АЭС». Падчас з'езду пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй супраць будоўлі АЭС у Астраўцы. Планавалася, што петыцыю і сабраныя подпісы прадставяць у Еўрапарламенце 26 красавіка - у гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак пандэмія каранавірусу парушыла гэтыя планы.

Старшыня праўлення «Руху супраць Астравецкай АЭС» Пятрас Аўштравічус распавёў у інтэрв'ю карэспандэнту Charter97.org у Вільні пра тое, што будзе з ініцыятывай і як каранавірус паўплываў на працу руху.

- Планавалася, што петыцыя супраць Астравецкай АЭС будзе прадстаўленая ў Еўрапарламенце ў дзень гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС - 26 красавіка. Ці ў дзеянні гэта пастанова? Агулам, ці паўплываў каранавірус на працу «Руху супраць Астравецкай АЭС»?

- Сітуацыя з сустрэчамі ў Еўрапарламенце ў Брусэлі і Страсбургу застаецца нявызначанай. Прэзентацыя петыцыі і подпісаў была адкладзеная сёлета на больш позні час. Аднак у інтэрнэце карантыну няма - мы прадаўжаем сваю дзейнасць. У тым ліку ў фармаце онлайн-абмеркаванняў. Збор подпісаў не спынены - мы плануем выкарыстаць гэты час для далейшага павышэння дасведчанасці пра рызыкі небяспечнай Астравецкай АЭС сярод жыхароў Еўропы.

- Колькі подпісаў ужо сабрала петыцыя?

- Цяпер у нас больш за 9400 онлайн-подпісаў і больш за 2000 звычайных подпісаў. Аднак, праз рызыку распаўсюджвання каранавірусу мы спынілі збор фізічных подпісаў.

- У апошнія месяцы ўвага ва ўсім свеце ў асноўным накіраваная на пандэмію каранавірусу. Ці замінае гэта прасоўванню ініцыятывы «Руху супраць Астравецкай АЭС»?

- Наадварот, цяпер гэта важна як ніколі. Каранавірус выявіў здольнасці дзяржаў спраўляцца з сур'ёзнымі крызісамі. Пакуль краіны ЕЗ ужываюць усе магчымыя захады засцярогі, каб абараніць сваіх грамадзян, улады Беларусі называюць пандэмію псіхозам, а асабіста Лукашэнка прапанаваў людзям абараніцца ад віруса гарэлкай і саунай. Беларускія лекары і незалежныя СМІ паведамляюць пра фальсіфікацыю статыстыкі выпадкаў каранавірусу ў Беларусі. Утойванне рэальнай сітуацыі і адсутнасць здольнасці або жадання беларускіх уладаў дзейнічаць ва ўмовах крызісу паказвае ўсяму свету, што Беларусі нельга давяраць у пытаннях крызіснага кіравання.

Гэтая акалічнасць яшчэ раз пацвярджае нашы апасенні ў сувязі з будаўніцтвам АЭС. Наша ініцыятыва - спроба абараніць грамадзян Еўропы і навакольнае асяроддзе ад небяспечнай АЭС, якая будуецца ўсяго ў 40 км ад мяжы Еўразвязу.

- Не так даўно запуск Астравецкай АЭС зноў быў адкладзены. Як «Рух супраць Астравецкай АЭС» гэта ацэньвае?

- Нават калі запуск АЭС быў зноў адкладзены, пагроза, якая зыходзіць ад небяспечнай АЭС, застаецца. Еўрапейская супольнасць павінна своечасова ўжыць усе неабходныя захады для прадухілення рызыкі ядзернай катастрофы на мяжы ЕЗ. Нават праз 34 гады пасля Чарнобыльскай трагедыі пажары ў рэгіёне выклікаюць сур'ёзныя турботы. Гэта паказвае нам, што пастановы, якія мы не прымаем цяпер, могуць мець наступствы цягам дзясяцігоддзяў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках