25 красавiка 2024, Чацвер, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда: Спачатку клічуць у царкву, а потым хаваюць святароў

40
Андрэй Шарэнда: Спачатку клічуць у царкву, а потым хаваюць святароў
Фотa: «Белсат»

Вінаватых у заражэнні людзей чакае суд.

Пра гэта Charter97.org заявіў берасцейскі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда, каментуючы сітуацыю з эпідэміяй каранавіруса ў сваім рэгіёне.

- Недалёка ад Берасця, пад Кобрынам, адбылася буйная ўспышка каранавіруса: памёр святар, заражаныя міліцыянт і асуджаныя на «хіміі». Што людзі кажуць пра гэта? Як вы самі гэта пракаментуеце?

- У СМІ трапляюць толькі тыя выпадкі, калі захворваюць вядомыя людзі. Напраўду, заражэнняў значна больш, чым у тых звестках, якія знаходзяць блогеры. І ў разы больш, чым тыя выпадкі, пра якія кажуць у афіцыйных крыніцах інфармацыі. Святар знаходзіўся навідавоку ў насельніцтва сваёй вёскі, ды і раёна, і ягонае заражэнне і смерць не маглі прайсці незаўважанымі.

Тое ж самае адбываецца ў вайсковых частках, у тым ліку і ў нашай вобласці: там вялікі калектыў, таму інфармацыя адтуль воляй-няволяй выплывае. У той жа час, паўсюль у нас ёсць адзінкавыя выпадкі заражэння, якія не паспяваюць дайсці да незалежных СМІ. Можна сказаць, што ўсе выпадкі, якія нам вядомыя - гэта толькі вяршыня айсберга. Астатняе да пэўнага часу будзе хавацца ўладамі. Інфекцыя ўжо масава «пайшла ў народ», проста немагчыма адсочваць усіх тых, хто заразіўся.

Людзі раззлаваныя на ўладу, бо ведаюць, што Лукашэнка і ягонае асяроддзе яшчэ тыдзень ці два таму клікалі ўсіх у царкву на Вялікдзень і казалі, што «каранавіруса ў краіне няма». А цяпер паміраюць святары, апынаюцца ў шпіталях і, магчыма, таксама паміраюць іх прыхаджане, якія паверылі прапагандзе з тэлевізара.

На шчасце, большасць людзей у нашым рэгіёне ўлады не давярае і «ламае» стратэгію Лукашэнкі пад назвай «я вірусаў не бачу». Найперш, людзі хочуць засцерагчы сябе. Па Берасці відаць, што вуліцы і крамы ў горадзе практычна апусцелі. Школы адкрылі, але, з маіх разлікаў, у першыя дні ў іх была траціна дзяцей, а пазней - будзе яшчэ менш. Пакуль працягваецца бяздзейнасць уладаў, людзі паволі самі прыходзяць да самаізаляцыі, да Народнага карантыну.

- Санаторыі пад Берасцем - «Белая Вежа», «Бярэсце» - сталі «каранавіруснымі бомбамі» і рассаднікамі інфекцыі для ўсёй краіны. Чаму ўлады працягваюць адпраўляць туды людзей, нягледзячы на пагрозу заражэння?

- Яны дзейнічаюць у дакладнасці паводле ўказа дыктатара. Лукашэнку прыйшло ў галаву, што эканоміка коштам жыццяў людзей павінна «працаваць» і пры эпідэміі, таму ўсім ідзе разнарадка: працягвайце працаваць, як ні ў чым не бывала. Больш за тое, санаторыі ў Берасцейскай вобласці не проста не закрываюць - яны робяць зніжкі, каб людзі прыязджалі да іх. Гэта нонсэнс: запрашаць людзей, каб яны заражаліся. Той жа санаторый «Бярэсце» не закрыты, а працягвае працаваць, дагэтуль ў СМІ круціцца ягоная рэклама.

Лукашэнку проста пляваць на жыцці людзей. Яму галоўнае, каб працавала ягоная «планавая эканоміка». Гэтага ўсё і ператварылася ў бомбу запаволенага дзеяння. Гэта пытанне часу, калі сістэма выбухне, і эпідэмія ў Беларусі прыме такія маштабы, што медыцынскія ўстановы проста не будуць з ёй спраўляцца.

У Берасці цяпер перапоўненыя як інфекцыйныя аддзяленні лякарняў, так і тыя ўстановы, якія пад іх перапрафілявалі - скурвендыспарнсер і тубдыспансер. Кантактаў першага ўзроўню нават не забіраюць з дому. Не так даўно было сказана, што ўсіх хворых трэба пераводзіць у абласныя лякарні. Але, наколькі я ведаю, цяпер падрыхтоўваюцца месцы ў Кобрынскай лякарні, ужо працуюць на прыём каранавірусных пацыентаў Пінская і Баранавіцкая лякарні. Што будуць рабіць з такой колькасцю хворых - невядома. Напэўна, ім будзе прапаноўвацца лячэнне дома, што можа азначаць смерць для чалавека, улічваючы, што такое каранавірус і як ён дзейнічае на арганізм.

- У разгар эпідэміі Лукашэнка заявіў, што «дзецям пара вяртацца ў школу». У дзіцячых садках карантын не ўводзіўся наогул. Вы - бацька дваіх дзяцей. Як вы гэта пракаментуеце?

- Бацькі цяпер загнаныя ў нявыкрутку. З аднаго боку, яны разумеюць усю небяспеку адпраўкі дзяцей у школу пры такім узроўні заражэнняў. З іншага боку - асабліва складана бюджэтнікам, якія не могуць узяць адпачынак за свой кошт, каб даглядаць дзяцей. Усе разумеюць, што цяпер складаныя часы і застацца без працы ніхто не хоча, таму і вымушаныя адпраўляць дзяцей у школы праз безвыходнасць. Што з гэтага атрымаецца, будзе відаць праз пару тыдняў.

Лукашэнка абыякава ставіцца да народа, у тым ліку і да нашых дзяцей. Людзей у краіне ён хоча выкарыстаць, як разменны матэрыял. Для дыктатара галоўнае луканоміка, людзі - нішто. Я хачу звярнуцца да бацькоў: памятаеце, што ўсё, што кажа Лукашэнка - гэта інфармацыйная хлусня. Вірус смяротна небяспечны не толькі для паджылых людзей, але і для маладых, і для нашых дзяцей. Да гэтага невядомы ва ўсіх дэталях яго ўплыў на арганізм нават у тых, хто перахварэў.

Многія еўрапейскія краіны ў пачатку эпідэміі перш за ўсё абвясцілі карантын у школах і ВНУ. У нас гэтага зроблена не было. Я заклікаю бацькоў, па магчымасці, браць адпачынкі за свой кошт, даглядаць дзяцей і не адпраўляць іх у школу. Час пакажа, хто меў рацыю. Расплачвацца за здароўе дзяцей будзем мы, іх бацькі.

- Што вы думаеце наконт таго, што ў Берасці ў разгар захворвання каранавірусам арыштоўваюць актывістаў і змяшчаюць у камеры на 15 дзён?

- Улады цынічна скарысталіся сітуацыяй з каранавірусам, каб цішком адкрыць завод АКБ.

Актывістаў адправілі на 15 дзён ва ўмовы Берасцейскага ІЧУ: неправетраныя сутарэнні і душныя памяшканні. Знаходзіцца там само па сабе - катаванне, а падчас эпідэміі каранавіруса ў ізалятары будуць заражаныя ўсе. Гэта спроба псіхалагічна зламаць актывістаў, але, на мой погляд, у людзей будзе зваротная рэакцыя.

Тыя, хто выходзяць на плошчу, адчуваюць салідарнасць з тымі, чыйму здароўю і жыццю зараз пагражае небяспека - з Аляксандрам Кабанавым і Дзмітрыем Андрасюком.

Зразумела, нам трэба пры гэтым выконваць правілы бяспекі: адзяваць маскі, пальчаткі, трымаць дыстанцыю адзін ад аднаго.

- Праз Лукашэнку Беларусь падчас эпідэміі каранавіруса апынулася ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ і аналітыкаў. Як вы думаеце - якой можа быць у выніку развязка?

- Думаю, у найбліжэйшай будучыні рэжым Лукашэнкі чакае лёс югаслаўскага дыктатара і ягоных паслугачоў, над якімі быў суд за злачынствы супраць чалавечнасці.

Гэта закране не толькі асабіста дыктатара, але і людзей, якія на сваіх месцах чыняць службовыя злачынствы.

У гэтым выпадку - гэта ўсё тыя работнікі сілавых структур, аховы здароўя, адукацыі, якія хаваюць выпадкі заражэння і смерцяў. У выніку яны таксама будуць прыцягнутыя да міжнароднай адказнасці. Думаю, што будзе як суд юрыдычны, так і суд беларускай грамадскасці. Гэта толькі пытанне часу.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках