20 красавiка 2024, Субота, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пазбавіцца ад шклоўскага сіндрому

20
Пазбавіцца ад шклоўскага сіндрому
Андрэй Саннікаў

Свабодных «мы» без вольнага «я» не бывае.

Дзеянні ўладаў у Беларусі падчас пандэміі, перш за ўсё незаконнага яе кіраўніка Лукашэнкі, дзівяць сваім нахабствам, жорсткасцю, псіхапатыяй. Ганебна вядомы сваімі грубымі выхадкамі Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу сусветнай прэсы. Звярнуў дэманстрацыяй адкрытай пагарды да людзей, іх жыццяў, хамствам у дачыненні да памерлых ад смяротнага вірусу, здзеклівымі парадамі лячыцца гарэлкай.

Тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, бачыць балюча, але яшчэ больш балюча ўсведамляць, што нічога новага ў такіх паводзінах уладаў няма. Проста новы ўзровень хамства, новая ступень здзеку з насельніцтва, якое ўлада ўважае сваімі рабамі.

Беларусь захопленая тэрарыстамі. Гэта не навіна. Ужо даўно наша краіна знаходзіцца ў закладніках у банды злачынцаў, аднак сёння, калі ў адказ на пагрозу пандэміі мы бачым неадэкватныя паводзіны ўладаў, адпалі ўсякія сумневы ў тым, што цяперашні рэжым у Беларусі небяспечны для жыцця.

Ёсць некалькі мадэляў узаемаадносінаў тэрарыстаў і закладнікаў. Найбольш вядомыя з іх – стакгольмскі і лімскі сіндромы.

Пры стакгольмскім сіндроме закладнікі праз нейкі час пачынаюць адчуваць сімпатыі ў дачыненні да тэрарыстаў, а ў выпадку лімскага – наадварот: сімпатыі да закладнікаў пачынаюць адчуваць самі тэрарысты.

Ні адзін з гэтых выпадкаў не пасуе да сітуацыі ў Беларусі.

І ў Ліме, і ў Стакгольме, дзе адбываліся падзеі, якія далі назвы сіндромам, у тэрарыстаў прысутнічалі чалавечыя якасці, і закладнікі не былi бязмоўнымі паслухмянымі ахвярамі.

Безумоўна, у абодвух выпадках, тэрарысты былі злачынцамі і парушалі закон, але яны паводзілі сябе як людзі: у Стакгольме адзін са злачынцаў апраўдваў свае дзеянні тым, што хацеў дапамагчы сябру, а ў Ліме тэрарысты прасякліся шчырай сімпатыяй да закладнікаў праз іх чалавечыя якасці і адпусцілі большасць з іх.

У Беларусі ў дзеяннях злачынцаў, якія захапілі людзей, нічога чалавечага не прасочваецца. Больш за тое, сваіх закладнікаў яны ўвогуле за людзей не ўважаюць. Так... абслугоўны персанал вечнага банкету ўладаў, рабская бясслоўная маса, якая цалкам страціла волю.

Падобна на тое, у нас з'явілася свая мадэль стасункаў тэрарыстаў з уладай і закладнікаў з ліку насельніцтва – шклоўскі сіндром (паводле геаграфічнай прыналежнасці галоўнага з захопнікаў, выхадца з Шклоўскага раёна Лукашэнкі).

Улада ў Беларусі незаконная ўжо больш за 20 гадоў, як ні лічы: хоць з часу заканчэння легітымнага прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі ў 1999 годзе, хоць з арганізаванага ім дзяржаўнага перавароту ў 1996 годзе. Больш за 20 гадоў улада ў Беларусі ўтрымліваецца з дапамогай гвалту, не толькі фізічнага. Гвалт зазналі наша гісторыя, культура, мова, нашы каштоўнасці, нашы нацыянальныя сімвалы. Гвалт быў здзейснены з Канстытуцыі, законаў, грамадскай маралі.

Калі гадоў дзесяць таму не ўсе ўважалі гэтую ўладу пагрозай, хоць большасць і ведала, што яна злачынная, то сёння небяспека гэтага рэжыму ўжо відавочная ўсім.

Чаму ж гэтае вар'яцтва прадаўжаецца? Чаму ім усё яшчэ дазволена трымаць нас у закладніках?

Тут важна разумець як матывацыю і паводзіны ўлады, так і стаўленне да ўлады насельніцтва.

Матывацыя ў Лукашэнкі і пабудаванага ім рэжыму вельмі простая – неабмежаваная ўлада. Гэта было відаць у самым пачатку ягонай шумнай кар'еры, гэта больш чым відавочна сёння.

Для чаго яму патрэбная гэтая ўлада? Ужо ніяк не для развіцця дзяржавы, стварэння прывабнага вобразу і ўмацавання прэстыжу Беларусі ў свеце. Ніяк не для забеспячэння гарантаванага дабрабыту народа.

Улада яму патрэбная для задавальнення ўсіх сваіх жаданняў, усіх жывёльных інстынктаў, усіх капрызаў. Прычым улада яму патрэбная неабмежаваная, улада над людзьмі, каб рэалізаваць свае комплексы, адпомсціць за дзіцячыя і падлеткавыя крыўды і знявагі.

У механізмах фармавання такой улады таксама няма нічога новага і складанага. У першую чаргу пасля прыходу да ўлады падобных тыпаў, на ключавыя пасады расстаўляюцца людзі не надта адукаваныя, якія затое добра ведаюць, як дагаджаць гаспадару, і не маюць прынцыпаў, але валодаюць моцна развітымі хапальнымі інстынктамі. Ідзе паўсюднае ўзвышэнне плебейства і зачыстка нязгодных.

Потым адбываецца самае подлае і небяспечнае: да неадукаваных, недалёкіх, але падступных выканаўцаў пачынаюць далучацца больш пісьменныя і менш пераборлівыя. У кожнага сваё апраўданне, але ў аснове ляжаць шкурныя інтарэсы, згода з подласцю і адмова ад уласнай волі. Утвараецца група «капа» (тэрмін з лексікону мафіі, але часцей ужываецца для абазначэння прывілеяваных зняволеных, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй нацысцкіх канцлагераў). Гэтых «капа» паступова рассаджваюць па ўсіх пастах і шчылінах у грамадстве. Праз іх і ажыццяўляецца кіраванне, яны і ёсць апора і механізм рэжыму.

Галоўная задача і мэта верхавіны рэжыму і «капа» – ператварыць усё насельніцтва ў закладнікаў, якія згодны быць ахвярамі.

Добры беларускі народ выдаў дыктатару Лукашэнку занадта шчодры і занадта доўгі крэдыт даверу. Спачатку не жадалі прызнаваць, што памыліліся з выбарам. Потым думалі, што неяк усё само сабой рассмокчацца. А ўлада ў адрозненне ад лагоднага народа часу не марнавала і сістэму ціску правоў і свабодаў чалавека выбудоўвала з першых сваіх дзён. На жаль, многія сталі паступова прывыкаць да змененага жыцця.

У гэтым і асаблівасць шклоўскага сіндрому: ахвяра звыкаецца быць ахвярай. Закладнікі пакорліва падпарадкоўваюцца тэрарыстам, якія захапілі іх, пачынаюць працаваць на іх. Далей – горш: для самаапраўдання закладнік-ахвяра пачынае сцвярджаць, што «мацнейшага за котку звера няма», г.зн. што дыктатар, можа, і нядобры, але іншыя яшчэ горшыя, што толькі ён можа справіцца з усімі выклікамі і пагрозамі, што свабода ўвогуле не такая і патрэбная для таго, каб нажэрціся і выпіць.

Адбываецца надзвычай небяспечная дэградацыя грамадскай маралі ў бок агрэсіўнага невуцтва, што і дазваляе рэжыму кантраляваць грамадства.

Існуе прамая залежнасць ступені хамства і нахабства рэжыму ад паводзінаў ахвяраў. Чым больш пакорліва паводзяць сябе ахвяры, тым больш агрэсіўным становіцца рэжым.

Ужо як толькі за ўсе гэтыя гады уладам ні стараліся патрафіць, як іх толькі ні аблізвалі верныя слугі, якіх толькі ахвяраў ад народа ні патрабавалі ў абмен на абяцанні, а прыйшлі да вельмі сумнага выніку: усё сканчаецца не тое што ля разбітых ночваў, а ў поўным сэнсе на краі бездані.

«Капа» любяць паўтараць, што коней на пераправе не мяняюць. Не варта паддавацца на гэтыя крывадушныя хітрыкі, тым больш што гэтыя «коні» даўно ўжо сталі клячамі і ўпарта прадаўжаюць цягнуць у прорву нас усіх. Трэба проста катэгарычна абрэзаць пастронкі і адпусціць гэтых ашалелых клячаў туды, куды яны так ірвуцца – у прорву.

Час пазбавіцца ад шклоўскага сіндрому, які не дае нам дыхаць. Справіцца з ім можна і трэба, пакуль ён не ператварыўся ў хранічнае захворванне.

Зрабіць гэта на самай справе не так складана, калі кожны адчуе сваю адказнасць і ўсведамляе патрэбнасць жыць у свабодзе.

Свабодных «мы» без вольнага «я» не бывае.

Зрабіць гэта проста неабходна, таму што стаўкай жыццё кожнага з нас, без перабольшанняў.

На самай справе пазбаўленне ад гэтага сіндрому ўжо пачалося. Усё больш людзей сёння разумеюць небяспеку пандэміі, самі пастанаўляюць выконваць умовы карантыну, ігнаруюць вар'яцкія загады розных кіраўнікоў, ствараюць магчымасці для дыстанцыйнай працы, праводзяць працоўныя нарады ў рэжыме онлайн, байкатуюць заняткі ва ўніверсітэтах. Усё больш людзей удзельнічае ў кампаніях салідарнасці з медыкамі, дапамагаюць даглядаць за маламаёмаснымі, за старымі, зразумеўшы, што ад гэтай улады можна чакаць толькі паскудства, а для дапамогі яна прафесійна непрыдатная.

Бацькі проста ігнаруюць вокрыкі з розных адміністрацый і ўстаюць на абарону сваіх дзяцей, не пускаючы іх у школу.

У Беларусі фактычна пачалася кампанія грамадзянскага непадпарадкавання.

У гэтай кампаніі два складнікі: непадпарадкаванне неадэкватным уладам, невыкананне злачынных загадаў і фактычная замена гэтых некампетэнтных уладаў грамадскімі групамі для арганізацыі дапамогі ў барацьбе з каранавірусам.

У кампанію непадпарадкавання ўключаецца ўсё больш грамадзянаў. Упэўнены, што пра гэта думаюць і ўдзельнікі прымусовага вайсковага параду.

Не могуць не бачыць неадэкватнасць рэжыму і многія чыноўнікі, сур'ёзныя мэнэджары, сілавікі...

Беларусь перажывае адзін з самых трагічных перыядаў у сваёй гісторыі, але ў той самы час нам надаецца шанец вярнуць сабе нармальнае жыццё. Нельга яго выпусціць. Для таго, каб, справіўшыся з вірусам, зажыць здаровым жыццём, дзейнічаць трэба сёння.

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Фэйсбук

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках