28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка сам можа не перажыць эпідэмію

53
Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка сам можа не перажыць эпідэмію
ЛУКАШЭНКА У ЛЯДЗЕНСКІМ МАНАСТЫРЫ
ФОТА: БЕЛТА

Беларусы адзіныя ў ацэнцы падзей.

Праз бяздзейнасць улад Беларусь ператварылася ў «гарачую мясціну» Еўропы паводле заражэння каранавірусам. Калі ў многіх краінах эпідэмія ідзе на спад, у нашай краіне назіраецца велізарны рост хворых.

Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі.

- У Беларусі колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса, нават паводле афіцыйных звестак, зраўнялася з колькасцю ўстаноўленых заражаных у Польшчы. Колькасць жа смерцяў адрозніваецца ў 8 разоў. Беларуская медыцына знайшла чароўны спосаб ратаваць людзей?

- Усё, што звязана з лічбамі ў Беларусі - гэта хлусня. Пачынаючы ад вынікаў выбараў, заробкаў па 700 даляраў у даярак і заканчваючы колькасцю ахвяр каранавіруса. Я б нават не параўноўваў лічбы Міністэрства аховы здароўя са звесткамі Польшчы, таму што польскія ўлады прынялі жорсткія карантынныя захады досыць рана, калі было яшчэ некалькі дзясяткаў выпадкаў заражэння. Гэтыя меры працягваюць заставацца жорсткімі да сённяшняга дня. Польскім звесткам можна давяраць.

Галоўная мэта польскіх уладаў - мінімізаваць страты ад эпідэміі. Беларускія ўлады, пра што адкрыта казаў Лукашэнка, пайшлі іншым шляхам - заражэння максімальнай колькасці беларусаў для набыцця так званага «калектыўнага імунітэту».

Улады дамагаюцца гэтай мэты праз правядзенне масавых спартыўных і культурных мерапрыемстваў, праз адмову ўвядзення карантыну ў дзіцячых садках, школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, праз працу кавярняў, рэстарацый, сталовак, праз суботнікі і парады.

Лекары кажуць, што сярод 100% хворых каранавірусам цяжка хварэюць 10%, з гэтых дзесяці паміраюць 10-30%. У старэйшых узроставых групах гэтыя паказчыкі яшчэ вышэйшыя - там памірае да 50% людзей старэйшых за 75 гадоў. Калі ў нас на сённяшні дзень заражаныя ўжо 100 000 чалавек (не блытаць з выяўленымі выпадкамі каранавіруса), то можна казаць пра не менш як 2 000 памерлых. Да пачатку лета колькасць загінулых можа скласці 10 000. У адрозненне ад іншых краін адказнасць за гэта будуць несці беларускія ўлады.

- САЗ заявіла, што беларускім уладам трэба рыхтавацца да найгоршых сцэнароў, аднак пасля гэтага Лукашэнка адпраўляе дзяцей у школы, намагае на тым, каб беларусы ішлі на Вялікдзень у храмы, адпраўляе на суботнік, а цяпер у Беларусі доўгія выхадныя - Дзень працы, Радаўніца, калі людзі масава наведваюць магілы сваякоў. Якімі могуць быць наступствы?

- Сам геаграфічны каляндар дае беларусам шанец на рэалізацыю натуральнага карантыну. За два тыдні канца красавіка і пачатку траўня павінна быць сем выходных як мінімум.

Аднак Лукашэнка выкарыстоўвае доўгія выходныя для таго, каб заразіць як мага большую колькасць людзей. Адсюль і правядзенне ўсебеларускага суботніка, заклік прыйсці ў Радаўніцу на могілкі і ўказ аб тым, што 1 траўня - навучальны дзень для беларускіх школьнікаў. Я практыкуючы каталік, ведаю, што і царква, і касцёл вучаць: самае галоўнае для душ памерлых - гэта тое, каб за іх маліліся. І ў праваслаўных, і ў каталікоў у малітвасловаў ёсць адмысловыя малітвы за памерлых.

Догляд магіл вельмі важны, але не ў перыяд піку эпідэміі. Заклікаю беларусаў сёння, у дзень Радаўніцы, заставацца дома, каб не павялічыць колькасць магіл на нашых могілках. Адказныя святары ўсіх канфесій таксама заклікаюць нас да гэтага. Давайце не будзем падстаўляць свае жыцці і жыцці cваіх блізкіх пад рызыку захворвання і смерці. Давайце ўспомнім нашых памерлых і згадаем іх дома.

- Вы адзначалі, што тактыка Лукашэнкі - заразіць як мага больш людзей, каб выпрацаваўся так званы калектыўны імунітэт. Аднак САЗ заявіла, што няма падстаў меркаваць, што такі імунітэт супраць COVID-19 наогул выпрацоўваецца. Чаму ж дыктатар не адмаўляецца ад хібнай стратэгіі?

- Калупацца ў яго хворым мозгу не варта. Нічога новага мы там не знойдзем. Спецыялісты мяркуюць, што тэма набыцця імунітэту ад каранавіруса яшчэ не вывучаная. Калі казаць пра САЗ, то зусім нядаўна кіраўнік гэтай арганізацыі зрабіў заяву для лідараў усіх краін і людзей усяго свету, што самае страшнае нас чакае яшчэ наперадзе.

Напэўна, існуюць нейкія касмічныя цыклы. Сто гадоў таму, у 1918-1920 гадах XX стагоддзя была эпідэмія разнавіднасці грыпу, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «гішпанка».

Гэтая эпідэмія працягвалася два гады. Тады заразілася 500 мільёнаў чалавек, а памерла не менш за 100 мільёнаў. Колькасць ахвяр «гішпанкі» ў некалькі разоў перасягнула колькасць загінулых на франтах Першай сусветнай вайны. У другую і трэцюю хвалі памерла значна больш людзей, чым у першую хвалю. Падчас «гішпанкі» найперш паміралі дзеці і паджылыя. Магчыма, вірус падбірае ключык да арганізма чалавека. І мы не ведаем, што адбудзецца далей. Спецыялісты САЗ мяркуюць, што эпідэмія каранавіруса таксама можа працягнуцца некалькі гадоў. На распрацоўку і выпрабаванне эфектыўнай вакцыны сыдзе не менш за год.

Мы павінны зафіксаваць, што наш агульны вораг - Лукашэнка - імкнецца нас знішчыць. Ён будзе спрабаваць гэта рабіць цягам доўгага часу. І мы павінны распрацаваць сваю асабістую стратэгію, стратэгію сваёй сям'і і стратэгію грамадства для таго, каб гэтаму супрацьстаяць.

Не факт, што Лукашэнка сам перажыве эпідэмію, бо ён належыць да групы рызыкі. Таксама дыктатара могуць арыштаваць або адхіліць ад улады іншым спосабам яго блізкія змоўшчыкі. Даведацца пра гэта мы зможам толькі ў адным выпадку - калі будзем жывыя.

- Якім вы бачыце развіццё сітуацыі з каранавірусам у Беларусі?

- У фільме «Эпідэмія падчас дыктатуры» мяне зацікавіла фраза пра тое, што астраўная дзяржава Вануату, дзе пражывае 270 тысяч чалавек, увяла надзвычайнае становішча, хоць там не заразіўся ніводзін чалавек.

Я паглядзеў гісторыю гэтай краіны і высветлілася, што ў XIX стагоддзі яе насельніцтва складала амаль мільён чалавек.

Пасля таго, як еўрапейцы прывезлі туды свае хваробы, а стаўленне да карэннага насельніцтва было як да калоніі, да канца XIX стагоддзя жывых засталося толькі 40 тысяч мясцовых жыхароў. Мабыць, у генетычным кодзе жыхароў гэтай дзяржавы закладзена памяць аб той катастрофе, адсюль і такая мудрая і жорсткая пастанова кіраўнікоў гэтай маленькай краіны.

Мне здаецца, існуюць звязаныя з'явы: тое, што ў Беларусі няма ніводнага ўніверсітэта на беларускай мове і стаўленне ўладаў да грамадзян Беларусі ў перыяд сусветнай пандэміі. Лукашэнка і яго падручныя імкнуцца знішчыць як мага большую колькасць беларусаў, найперш пенсіянераў, бо мы для іх не людзі, а проста рабочая сіла. Лішнія раты ў калоніі карміць не трэба

Сёння ад беларусаў залежыць ці будзем мы калоніяй у стылі Вануату XIX стагоддзя або сучаснай еўрапейскай дзяржавай, дзе ўрад беражэ сваіх грамадзян.

У мяне ёсць надзея на тое, што нам удасца памяняць уладу. Паглядзіце, як цяпер змянілася пазіцыя шмат якіх апазіцыянераў, аналітыкаў, журналістаў і рэдактараў недзяржаўных СМІ. У іх заявах ужо няма слоў пра тое, што Лукашэнка «чагосьці там гарант», які ён «мудры» і «хітры».

Медыя, блогеры, палітыкі і большасць звычайных грамадзян адзіныя ў ацэнцы таго, што адбываецца: у краіне катастрофа, і Лукашэнка павінен сысці.

Нават набліжаныя да дыктатара чыноўнікі і сілавікі сталі разумець, што не будзе ім жыцця за Лукашэнкам, прычым у даслоўным сэнсе - не будзе.

У перыяд «гішпанкі» эпідэмія слабела ў летні перыяд, жыццё ўваходзіла ў нармальнае рэчышча. Мяркую, што калі Лукашэнка наважыцца на правядзенне выбараў у гэтым годзе, то для ўсіх нас будзе магчымасць у ліпені-жніўні супольнымі намаганнямі адхіліць злачынцу ад улады праз масавыя пратэсты, праз страйкі, праз кампанію грамадзянскага непадпарадкавання.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках