24 красавiка 2024, Серада, 9:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску ад каранавірусу памёр мужчына на ШВЛ

17
У Віцебску ад каранавірусу памёр мужчына на ШВЛ

Уладзімір Сідараў мог заразіцца COVID-19 у лякарні.

Ноччу 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным спецыялізаваным цэнтры памёр ваенны пенсіянер Уладзімір Сідараў, яму было 70 гадоў, паведаміў tut.by сын нябожчыка Андрэй. 13 сакавіка чалавек паступіў у аддзяленне хірургіі з дыягназам «трамбоз падкаленнага сасуда», праз пяць дзён яго выпісалі дадому з тэмпературай 38. Сказалі, што грып трэба лячыць дома. Але стан мужчыны пагаршаўся, праз два дні яму зрабілі рэнтген у паліклініцы – і адтуль з двухбаковай пнеўманіяй забралі ў тую ж лякарню. Пяць дзён пацыент быў у рэанімацыі на штучнай вентыляцыі лёгкіх, але выратаваць яго не здолелі. У мужчыны быў станоўчы тэст на каранавірус. COVID-19 пацвердзіўся і ў ягонай жонкі, цяпер яна ў інфекцыйнай лякарні з пнеўманіяй.

Андрэй Сідараў расказвае, што бацька да таго, як трапіць у хірургічнае аддзяленне, амаль два тыдні не выходзіў з дому: калена так балела, што ён ледзь мог хадзіць.

– У шпіталі яму паставілі дыягназ «трамбоз падкаленнага сасуда». Пяць дзён пракапалі, пралячылі – і 19 сакавіка выпісалі, – кажа Андрэй. – Нягледзячы на тое, што ў яго была высокая тэмпература – 38. Сказалі, што гэта грып, што ён павінен звярнуцца ў паліклініку на месцы жыхарства.

Родныя ўспамінаюць, што дома мужчыну станавілася ўсё горш: тэмпература падымалася, з'явіўся кашаль. Жонка пенсіянера ўспамінае, што спачатку выклікалі лекара на дом.

– Лекарка паслухала яго, сказала, што лёгкія чыстыя, хрыпаў няма – і прызначыла другі антыбіётык, – кажа Таццяна Барысаўна. – Але тэмпература была ўжо 39, не спадала, муж пачаў задыхацца. Выклікалі яшчэ раз лекарку: сказала, што ў яго хрыпы, хутчэй за ўсё, запаленне лёгкіх. У паліклініцы зрабілі рэнтген – двухбаковая пнеўманія. І забралі на хуткай у тую ж лякарню, дзе ён ляжаў – але ў кардыялагічнае аддзяленне.

Жонка кажа, што паколькі стан мужа пагаршаўся, яго змясцілі ў рэанімацыю, пяць дзён ён быў на штучнай вентыляцыі лёгкіх, ноччу 2 красавіка мужчына памёр.

– Тэст на каранавірус у мужа быў станоўчы, – кажа Таццяна Барысаўна. – Але мы не адразу пра гэта даведаліся. Калі яго забрала хуткая, да мяне дадому прыйшла дачка з сям'ёй, падтрымаць. Гадзіны паўтары яны прабылі. Потым каранавірус пацвердзіўся і ў мяне, ляжу ў інфекцыйнай лякарні з запаленнем лёгкіх. Дачка, яе муж і дзеці таксама пад наглядам лекараў. У дачкі і ўнучкі тэст на каранавірус адмоўны, зяць і ўнук чакаюць выніку. Са мной у палаце ляжыць жанчына, муж якой таксама быў спачатку ў лякарні, потым яго выпісалі дадому, а адтуль ужо забралі з каранавірусам – ён у рэанімацыі на ШВЛ. Як мог заразіцца мой муж? У нас версія адна – у лякарні.

– Я ў інфекцыйнай лякарні, – расказвае Ірына, дачка памерлага Уладзіміра Сідарава. – У мяне адмоўны тэст на каранавірус, але рэнтген паказаў пнеўманію, у дачкі – бранхіт. Муж і сын пакуль не ведаюць свой вынік. Хоць я ў адной лякарні з мамай, сустракацца мы не можам, выхад з палаты забаронены.

Паколькі ўся сям'я ў Віцебску ў лякарні, развітацца з памерлым дзедам, бацькам і мужам яны не змогуць.

Арганізацыяй пахавання займаецца сын Андрэй, які прыехаў з Менска.

– У нас версія адна: бацька заразіўся ў лякарні, – кажа мужчына. – За мяжой ён не быў, гасцей замежных у бацькоў таксама не было. Ён амаль не мог хадзіць і не выходзіў, пакуль не трапіў у хірургію. Да гэтага часу не разумею, як яго маглі выпісаць з тэмпературай...

Андрэй задаваў гэтае пытанне ў лякарні. Там яму патлумачылі, што на 19 сакавіка сітуацыя і ў Віцебску, і ў цэлым у Беларусі была спакойная, ніхто не западозрыў у пацыента, які не выязджаў за мяжу i не кантактаваў з прыбылымі з-за мяжы, каранавірус. Сімптомы прынялі за грып, і, каб пацыент не заразіў іншых хворых, з хірургіі яго адправілі лячыцца дадому. Тым больш у Віцебскім абласным клінічным спецыялізаваным цэнтры няма інфекцыйнага аддзялення, а менавіта ў такія дастаўлялі першых пацыентаў з каранавірусам. Літаральна праз тыдзень гэтую лякарню пераарыентавалі на прыём хворых з падазрэннем і з пацверджаным каранавірусам, менавіта таму Уладзімір Сідараў апынуўся ў кардыялагічным аддзяленні.

– У лякарні кажуць, што наадварот, мяркуюць, што крыніцай заражэння стаў мой бацька, – тлумачыць Андрэй Сідараў. – Але цяпер гэта ўсё на ўзроўні здагадак. Ужо ніхто дакладна не можа высветліць, з каго ўсё гэта пачалося.

У пасведчанні аб смерці Уладзіміра Сідарава – фота ёсць у рэдакцыі tut.by – пазначана: вострая рэспіраторная недастатковасць, вірусная пнеўманія (COVID-19), асноўная прычына смерці – каранавірус.

Сітуацыя ў Віцебску па-ранейшаму складаная, пра гэта кажуць не толькі Сідарава, але і іншыя пацыенты і іх родныя, якія кожны дзень звяртаюцца ў рэдакцыі СМІ.

Міністэрства аховы здароўя не дае статыстыку ў рэгіёнах, але вядома, што Віцебск паводле колькасці заражаных займае другое месца ў краіне (пасля Менска).

Усяго ж, паводле афіцыйных звестак, на стан 2 красавіка ў Беларусі зафіксавана 300 выпадкаў заражэнне каранавірусам, з іх 42 чалавекі ачунялі і выпісаныя дадому, 4 чалавекі памерлі.

Першым памерлым мяркуецца 75-гадовы актор з Віцебска Віктар Дашкевіч, другім – 70-гадовая настаўніца з Капыльскага раёна Наталля Арлова (афіцыйна не пацверджана), трэцім – 73-гадовая пенсіянерка з Віцебска Наталля Чэпік. Пра чацвёртага нічога не вядома. Гэта мог быць Уладзімір Сідараў, але з дакладнасцю мы сцвярджаць не можам: па-першае, паводле нашых звестак, гэты выпадак павінен патрапіць у статыстыку датай рэгістрацыі пасведчання аб смерці – гэта значыць, 3 красавіка, па-другое, у рэдакцыю паступіла яшчэ некалькі зваротаў ад сваякоў з фактамі смерці іх родных ад каранавірусу – у гэты момант мы правяраем гэтую інфармацыю.

Усе вышэйпералічаныя пацыенты знаходзіліся на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Як расказаў 2 красавіка Аляксандр Лукашэнка, усяго 11 пацыентаў з каранавірусам знаходзяцца на апаратах ШВЛ. Але яшчэ ў мінулую пятніцу намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла, што на стан 27 сакавіка ні адзін пацыент з пацверджаным каранавірусам ці не знаходзіцца на апарат ШВЛ.

Ні Міністэрства аховы здароўя, ні іншыя дзяржорганы не паведамляюць першымі пра смяротныя выпадкі, толькі пацвярджаюць ужо апублікаваную ў СМІ інфармацыю пра смерці.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікала Міністэрства аховы здароўя палепшыць інфармаванне грамадзянаў пра сітуацыю з каранавірусам у краіне.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках