19 красавiка 2024, Пятніца, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Некалькі медыкаў 10-й гарадской клінічнай лякарні Менска шпіталізаваныя

51
СМІ: Некалькі медыкаў 10-й гарадской клінічнай лякарні Менска шпіталізаваныя

Іх тэсты на каранавірус станоўчыя.

Паводле інфармацыі «Салідарнасці», некалькі медыкаў 10-й гарадской клінічнай лякарні Менска шпіталізаваныя - іх тэсты на каранавірус далі станоўчы вынік. Усе яны кантактавалі з пацыентам, у якога таксама быў выяўлены SARS-CoV-2. Ён ляжаў у лякарні з пнеўманіяй.

Пра сітуацыю журналістам распавяла сваячка адной з тых, хто захварэў (звесткі абедзвюх жанчын ёсць у рэдакцыі).

- У сястры ў аддзяленні 11 дзён ляжаў мужчына з пнеўманіяй, - распавядае суразмоўца. - Толькі на днях яму зрабілі тэст на каранавірус. Ён выявіўся станоўчым. Сталі правяраць усіх, хто з ім кантактаваў. І ў шасці чалавек, у тым ліку маёй сястры, выявілі вірус. Гэта лекары і медсёстры.

Са слоў суразмоўніцы, яе вельмі здзівіла, што пасля таго, як звесткі былі атрыманыя, медыкаў не шпіталізавалі адразу, а адправілі па дамах.

- Добра, мая сястра здагадалася папрасіць мужа забраць яе на аўтамабілі. А вось як іншыя дабіраліся, я не ведаю. Бо маглі быць і людзі без аўтамабіляў, якія паехалі грамадскім транспартам, - зазначае жанчына. - І толькі на наступны дзень па іх прыехалі і забралі ў 6-ю лякарню.

Па слоў суразмоўніцы, у той жа дзень у сваякоў, з якімі жылі заражаныя, узялі аналіз. Вынікі тэстаў ёй пакуль невядомыя.

- Сястра таксама распавяла, што сёння да іх прывезлі яшчэ дваіх з іх лякарні. Справа ў тым, што адразу аналіз на каранавірус бралі толькі ў той змены, якая дзяжурыла ў дзень, калі ў пацыента сталі вядомыя вынікі. Уяўляеце, колькі чалавек з ім размаўлялі за 11 дзён! - адзначае суразмоўца.

Са слоў жанчыны, шпіталізаваныя медыкі адчуваюць сябе агулам нядрэнна, некаторыя крыху кашляюць.

- Сама сястра адчувае сябе добра, ніякіх сімптомаў хваробы ў яе не праяўляецца. Але мы ўсё адно вельмі перажываем - невядома, як можа сябе праявіць хвароба праз некалькі дзён, - адзначае суразмоўца.

Журналісты паспрабавалі ўдакладніць інфармацыю і атрымаць афіцыйны каментар у 10-й гарадской клінічнай лякарні. Аднак там размаўляць з журналістам адмовіліся.

- Адкуль я ведаю, што вы напраўду журналіст? - пацікавіліся ў прыёмнай галоўнага доктара, адмовіўшыся звязваць з кіраўніцтвам. - Вы не ўяўляеце, колькі тут усялякіх тэлефануюць. Вось проста да вас нейкая Ніва, яшчэ нехта. У нас няма часу з усімі размаўляць.

- Дык, напэўна, таму і тэлефануюць, што хочуць атрымаць афіцыйны каментар. Людзі нервуюцца і хацелі б мець пэўныя звесткі.

- Нам цяпер трэба людзей ратаваць, а не размаўляць праз тэлефон «казала-мазала». Тэлефануйце ў Міністэрства аховы здароўя.

- На жаль, Міністэрства аховы здароўя не дастаткова аператыўна і поўна дае інфармацыю. А мне неабходна пацвердзіць або зняпраўдзіць тое, што тычыцца канкрэтна вашай лякарні.

- Уся аператыўная інфармацыя да іх паступае. Ніхто на месцах інфармацыю не трымае. Тут людзі працуюць, тут людзі лечаць, - заявілі ў прыёмнай.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках