27 траўня 2020, Серада, 6:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Каранавірус можа перадавацца праз звычайнае дыханне

8
Навукоўцы: Каранавірус можа перадавацца праз звычайнае дыханне

Дагэтуль спецыялісты схіляліся да меркавання, што COVID-19 перадаецца ў асноўным паветрана-кропельным шляхам.

Дагэтуль большасць навукоўцаў схілялася да думкі пра тое, што каранавірус SARS-CoV-2, які выклікае небяспечную пнеўманію COVID-19, перадаецца ў асноўным паветрана-кропельным шляхам, піша «Немецкая волна».

Гэта азначае, што ім можна заразіцца ад чхання ці кашлю хворага або дакрануўшыся да паверхні, на якую трапілі кропелькі выдзяленняў апошняга. Аднак цяпер некаторыя навукоўцы схільныя меркаваць, што вірус можа патрапіць у паветра праз дыханне інфікаванага чалавека і заставацца там пасля гэтага заразным на працягу трох гадзін, паведамляе нямецкі часопіс Focus ў пятніцу, 3 красавіка.

Высновы пра тое, што каранавірус можа перадавацца праз звычайнае дыханне, утрымліваюцца таксама ў матэрыялах даследавання «Аэразоль і ўстойлівасць на паверхні віруса SARS-CoV-2 у параўнанні з вірусам SARS CoV-1», апублікаваных 17 сакавіка ў навуковым часопісе The New England Journal of Medicine.

Паводле аўтараў даследавання, вірус можа трапляць у паветра ў «аэразольных кропельках» дыяметрам менш за пяць мікраметраў. Гэтыя кропелькі здольныя парыць у паветры да трох гадзін. Увесь гэты час вірусы, што змяшчаюцца ў іх, застаюцца заразнымі, гаворыцца ў артыкуле.

Высновы Нацыянальнай акадэміі навук ЗША пра каранавірус

Акрамя гэтага, пра магчымасць перадачы каранавіруснай інфекцыі гэтым шляхам папярэджвае Нацыянальная акадэмія навук ЗША (NAS) у экстраным лісце да ўраду краіны ад 1 красавіка. «Даступныя на сённяшні дзень вынікі даследаванняў гавораць пра тое, што існуе магчымасць перадачы віруса SARS-CoV-2 праз біяаэразолі, што вырабляюцца дыханнем чалавека», - гаворыцца ў гэтым лісце.

Далей яго аўтары паведамляюць пра тое, што нядаўняе даследаванне, праведзенае медыцынскім цэнтрам універсітэта Небраска, пацвердзіла наяўнасць РНК віруса ў памяшканні, дзе аказвалі дапамогу хворым каранавірусам. Генетычны матэрыял віруса быў знойдзены таксама на адзенні, якое насіў персанал, што абследаваў хворых, хоць падчас гэтага абследавання пацыенты не чхалі і не кашлялі, гаворыцца ў лісце.

СААЗ пра магчымасць перадачы каранавіруса праз дыханне

У той жа час эксперты NSA адзначаюць, што ступень пагрозы заразіцца каранавірусам праз дыханне ці падчас размовы, а таксама паводзіны біяаэразолей, якія змяшчаюць каранавірус, у навакольным асяроддзі неабходна даследаваць асобна. Пакуль вядома толькі, што канцэнтрацыя віруса, якая змяшчаецца ў дыханні розных пацыентаў, таксама з'яўляецца рознай, адзначаецца ў дакуменце.

Са свайго боку Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) неадназначна ставіцца да гіпотэзы пра тое, што каранавірус можа перадавацца праз біяаэразолі. У канцы сакавіка прадстаўнікі СААЗ заявілі, што гэты спосаб перадачы інфекцыі «пры пэўных абставінах і ў некаторых сітуацыях, у якіх узнікаюць аэразолі, з'яўляецца верагодным». У якасці прыкладу падобнай сітуацыі экспэрты СААЗ назвалі інтубацыю цяжка хворага пацыента з мэтай забеспячэння яго кіслародам.

Focus: Трэба насіць ахоўныя маскі

Калі спосаб перадачы каранавіруса праз біяаэразоль пацвердзіцца, робіць выснову часопіс Focus, узнікае вялікая праблема: людзі павінны будуць насіць ахоўныя маскі на публіцы, каб прадухіліць заражэнне твар у твар, але гэтыя маскі амаль усюды ў дэфіцыце.