19 красавiка 2024, Пятніца, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бацьку выпісалі дадому з тэмпературай 38°»

«Бацьку выпісалі дадому з тэмпературай 38°»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА З АРХІВУ МЕДЫЯ-ПАЛЕССЯ

Сталі вядомыя падрабязнасці яшчэ адной смерці ад каранавірусу ў Віцебску.

Ноччу 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным спецыялізаваным цэнтры памёр ваенны пенсіянер Уладзімір Сідараў, яму было 70 гадоў, паведаміў tut.by сын нябожчыка Андрэй. 13 сакавіка паступіў у аддзяленне хірургіі з дыягназам «трамбоз падкаленнага сасуда», праз пяць дзён яго выпісалі дадому з тэмпературай 38. Сказалі, што грып трэба лячыць дома. Але стан мужчыны пагаршаўся, праз два дні яму зрабілі рэнтген у паліклініцы – і адтуль з двухбаковай пнеўманіяй забралі ў тую ж лякарню. Пяць дзён пацыент быў у рэанімацыі на штучнай вентыляцыі лёгкіх, але выратаваць яго не здолелі. У мужчыны быў станоўчы тэст на каранавірус. COVID-19 пацвердзіўся і ў ягонай жонкі, цяпер яна ў інфекцыйнай лякарні з пнеўманіяй.

Андрэй Сідараў расказвае, што бацька да таго, як трапіць у хірургічнае аддзяленне, амаль два тыдні не выходзіў з хаты: калена так балела, што ён ледзь мог хадзіць.

– У шпіталі яму паставілі дыягназ «трамбоз падкаленнага сасуда». Пяць дзён пракапалі, пралячылі – і 19 сакавіка выпісалі, – кажа Андрэй. – Нягледзячы на тое, што ў яго была высокая тэмпература – 38. Сказалі, што гэта грып, што ён павінен звярнуцца ў паліклініку на месцы жыхарства.

Родныя ўспамінаюць, што дома мужчыну станавілася ўсё горш: тэмпература падымалася, з'явіўся кашаль. Жонка пенсіянера ўспамінае, што спачатку выклікалі лекара на дом.

– Лекарка паслухала яго, сказала, што лёгкія чыстыя, хрыпаў няма – і прызначыла другі антыбіётык, – кажа жонка памерлага Таццяна Барысаўна. – Але тэмпература была ўжо 39, не спадала, муж пачаў задыхацца. Выклікалі яшчэ раз лекарку: сказала, што ў яго хрыпы, хутчэй за ўсё, запаленне лёгкіх. У паліклініцы зрабілі рэнтген – двухбаковая пнеўманія. І забралі на хуткай у тую ж лякарню, дзе ён ляжаў – але ў кардыялагічнае аддзяленне.

Жонка кажа, што паколькі стан мужа пагаршаўся, яго змясцілі ў рэанімацыю, пяць дзён ён быў на штучнай вентыляцыі лёгкіх, ноччу 2 красавіка мужчына памёр.

– Тэст на каранавірус у мужа быў станоўчы, – кажа Таццяна Барысаўна. – Але мы не адразу пра гэта даведаліся. Калі яго забрала хуткая, да мяне дадому прыйшла дачка з сям'ёй, падтрымаць. Гадзіны паўтары яны прабылі. Потым каранавірус пацвердзіўся і ў мяне, ляжу ў інфекцыйнай лякарні з запаленнем лёгкіх. Дачка, яе муж і дзеці таксама пад наглядам лекараў. У дачкі і ўнучкі тэст на каранавірус адмоўны, зяць і ўнук чакаюць выніку. Са мной у палаце ляжыць жанчына, муж якой таксама быў спачатку ў лякарні, потым яго выпісалі дадому, а адтуль ужо забралі з каранавірусам – ён у рэанімацыі на ШВЛ. Як мог заразіцца мой муж? У нас версія адна – у лякарні.

– Я ў інфекцыйнай лякарні, – расказвае Ірына, дачка памерлага Уладзіміра Сідарава. – У мяне адмоўны тэст на каранавірус, але рэнтген паказаў пнеўманію, у дачкі – бранхіт. Муж і сын пакуль не ведаюць свой вынік. Хоць я ў адной лякарні з мамай, сустракацца мы не можам, выхад з палаты забаронены.

Паколькі ўся сям'я ў Віцебску ў лякарні, развітацца з памерлым дзедам, бацькам і мужам яны не змогуць.

Арганізацыяй пахавання займаецца сын Андрэй, які прыехаў з Менска.

– У нас версія адна: бацька заразіўся ў лякарні, – кажа мужчына. – За мяжой ён не быў, гасцей замежных у бацькоў таксама не было. Ён амаль не мог хадзіць і не выходзіў, пакуль не трапіў у хірургію. Да гэтага часу не разумею, як яго маглі выпісаць з тэмпературай...

Андрэй задаваў гэтае пытанне ў лякарні. Там яму патлумачылі, што на 19 сакавіка сітуацыя і ў Віцебску, і ў цэлым у Беларусі была спакойная, ніхто не западозрыў у пацыента, які не выязджаў за мяжу i не кантактаваў з прыбылымі з-за мяжы, каранавірус. Сімптомы прынялі за грып, і, каб пацыент не заразіў іншых хворых, з хірургіі яго адправілі лячыцца дадому. Тым больш у Віцебскім абласным клінічным спецыялізаваным цэнтры няма інфекцыйнага аддзялення, а менавіта ў такія дастаўлялі першых пацыентаў з каранавірусам. Літаральна праз тыдзень гэтую лякарню пераарыентавалі на прыём хворых з падазрэннем і з пацверджаным каранавірусам, менавіта таму Уладзімір Сідараў апынуўся ў кардыялагічным аддзяленні.

– У лякарні кажуць, што, наадварот, мяркуюць, што крыніцай заражэння стаў мой бацька, – тлумачыць Андрэй Сідараў. – Але цяпер гэта ўсё на ўзроўні здагадак. Ужо ніхто дакладна не можа высветліць, з каго ўсё гэта пачалося.

У пасведчанні аб смерці Уладзіміра Сідарава – фота ёсць у рэдакцыі – пазначана: вострая рэспіраторная недастатковасць, вірусная пнеўманія (COVID-19), асноўная прычына смерці – каранавірус.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках