25 красавiка 2024, Чацвер, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вірус паказаў маральную гнілату сістэмы Лукашэнкі

34
Вірус паказаў маральную гнілату сістэмы Лукашэнкі

І не толькі маральную.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі зарэгістраваны ўжо 351 выпадак заражэння каранавірусам, афіцыйна пацверджаныя чатыры смерці. У Лукашэнкі паменшылася бравады, піша на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Пры гэтым дыктатар па-ранейшаму дэкларуе сваю асаблівую – на фоне таго, як паводзіць сябе кіраўніцтва суседніх краінаў – тактыку процідзеяння пандэміі. «...Трэба не фронтам змагацца супраць усяго (забараніць усё і іншае), а кропкава. Як я калісьці казаў, кропкава: выявілі чалавека – праверылі, каранавірус – лечым», – заявіў кіраўнік 3 красавіка, наведваючы Смалявіцкі раён.

Агульную сітуацыю з «чортавай заразай» Лукашэнка ацэньвае так: «...З майго гледзішча, катастрофы ў нас ніякай няма».

Як на выдалёнцы даіць кароў?

Адпаведна, і пра татальны карантын гаворка пакуль не ідзе. «Скажыце, як там на выдалёнцы даіць кароваў або выходны абвясціць?» – палемічна пытаецца Лукашэнка. Ён маніпулюе: і ў тых краінах, дзе абвешчаны карантын, нават надзвычайнае становішча, крытычна важныя вытворчасці не спыняюцца і кароваў за вымя хтосьці тузае.

«Усё ад жыцця, а мы хочам загнаць гэтае жыццё ў нейкую клетку. Не атрымаецца, усё гэта глупства. Чаму гэта робяць? Пагаворым пра гэта пазней», – гэтай рэмаркай кіраўнік чарговы раз напусціў вакол пандэміі канспіралагічнага туману. Ён раз за разам намякае на самаробны характар вірусу і нейкае сусветнае закуліссе, якое на гэтай бядзе хоча пагрэць рукі.

«Надышоў час гаманец развязаць»

Характэрна, што нават у форс-мажорных умовах кіраўнік Беларусі ў стасунках з бізнэсам дэманструе свой фірмовы падыход. Ён увесь час упірае на тое, што ў прадпрымальнікаў – лішні тлушч, які не грэх зняць: «Надышоў час гаманец развязаць, укласці ў бізнэс тыя запасы, якія ў цябе ёсць. Таму што ты толькі з Гаа прыехаў, грошы ты знайшоў. І цяпер ачухаўся, прыйшоў у дзяржавы прасіць грошы для падтрымкі бізнэсу».

Ну, наўрад ці гаспадары тых бізнэсаў, што цяпер канкрэтна загінаюцца, так ужо ўсе гуртам з Гаа прыляцелі. І ўвогуле біты беларускі прадпрымальнік на казённы каравай рот асабліва і не разяўляе. Хоць бы не білі лішні раз, не абдзіралі як ліпку.

У гэтым плане нядаўняя пастанова ўладаў на квартал фактычна замарозіць кошты (рост не большы за 0,5% на месяц) выглядае адыёзна. Як, напрыклад, весці бізнэс, завязаны на курс даляра, які цяпер моцна пайшоў у рост? Ды і абываталь, сутыкнуўшыся з таварным дэфіцытам, такога «падарунка» ўладаў не ацэніць.

А тое, што львіная дзель падтрымкі дастанецца дзяржсектару – тут і да бабкі не хадзі. «...Вы рэстаран сёння будзеце падтрымліваць або “БелАЗ”? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё», – запэўніў прэзідэнт.

«Слабакі» сапсавалі статыстыку

Акрамя ўсяго іншага, пандэмія асабліва ярка высвятляе маральную глухату, цынізм беларускіх уладаў і іх прапагандысцкага апарату. Памерлых ад COVID-19, у сутнасці, выстаўляюць вінаватымі ва ўласным сконе. Маўляў, не так сябе паводзілі, адзін не туды хадзіў, другі шмат важыў, усе мелі букет хваробаў (якія старанна пералічваюцца на ўсю краіну) і яшчэ невядома, ці менавіта каранавірус згуляў фатальную ролю.

Смерць Віктара Дашкевіча, 75-гадовага актора Коласаўскага тэатра ў Віцебску, дыктатар некалькі дзён таму пракаментаваў так: «Ну мы ж прасілі (яму заўтра 80 гадоў будзе)... Чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?»

А працаваў гэты чалавек як мінімум таму, што высокае кіраўніцтва супраць карантыну. Не кажучы ўжо пра тое, што дзякуючы роднай дзяржаве пенсіі ў нас жабрацкія. Калі старым не рачкаваць да апошняга, надгаладзь сядзець будуць. І ўвогуле – дзе логіка, калі кіраўнік дзяржавы сам заклікае не замыкацца ў тухлых, як ён кажа, кватэрах, а больш гуляць.

Лукашэнка незадаволена заўважыў, што «шуміху паднялі з нагоды чацвярых памерлых: аднаго правяраем, трое – нібыта пацверджаны каранавірус». А далей – дзівосны пасаж: «Шарснёў (старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. – Рэд.) учора мне даклаў, апошні выпадак у яго быў... Я кажу: “Ну чаму гэты памёр?” Ён кажа: “Аляксандр Рыгоравіч, а як можна жыць – 135 кілаграмаў вагі, сэрца амаль не працуе, гэта баліць, тое баліць”. Цэлы букет хваробаў! Вірус атакуе слабых, у якіх няма імунітэту. Ну, і яму за 70 гадоў было».

Гэта – замест спагады, спачування, хоць бы паказнога, дзяжурнага. Здаецца, наверсе проста незадаволеныя тым, што памерлыя «слабакі» псуюць статыстыку, прапагандысцкую карцінку ў духу «ура, мы ломім, гнецца вірус».

Вірус паказаў маральную (і не толькі) гнілату сістэмы

Як бы ні развіваўся далей сюжэт з COVID-19 у Беларусі, яе кіраўніцтва, на мой погляд, ужо нясе вялікія рэпутацыйныя страты. Улады дазуюць і вуалююць інфармацыю (адны «рэбусы» Міністэрства аховы здароўя чаго вартыя), дзяржСМІ насуперак місіі прэсы апускаюць самую гарачую тэму ніжэй і падаюць яе ў недарэчна-бравурным ключы. Вялікае кіраўніцтва дэманструе цынізм найвышэйшай спробы, робячы ахвяраў новай пошасці яшчэ і вінаватымі. Такога не было нават пасля Чарнобыля.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках