18 красавiка 2024, Чацвер, 4:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ізаляваць трэба ўжо ўвесь горад»: у дырэктаркі лунінецкага «Еўраопта» выявілі каранавірус

31
«Ізаляваць трэба ўжо ўвесь горад»: у дырэктаркі лунінецкага «Еўраопта» выявілі каранавірус

Муж дырэктаркі «Еўраопта» ў рэанімацыі ў цяжкім стане і на апараце ШВЛ.

Наталля і яе муж Мікалай з Лунінецкага раёна ўжо некалькі тыдняў змагаюцца з высокай тэмпературай. Шмат разоў звярталіся ў бальніцу: прыязджае хуткая, робяць укол, з'язджаюць. Пазней, калі сямейная пара зусім не магла падняцца, Мікалая паклалі ў раённую рэанімацыю на ШВЛ. Сястра Наталлі прывезла жанчыну ў Менск: сёння ў яе выявілі каранавірус, піша «Онлайнер».

Адзіны ў Лунінцы «Еўраопт» сёння зачынены «з тэхнічных прычын». Насамрэч прычыны зусім не тэхнічныя: дырэктарку крамы Наталлю паклалі ў сталічную бальніцу і выявілі COVID-19, усіх супрацоўнікаў развезлі па бальніцах на карантын. 43-гадовая Наталля, дырэктарка таго самага «Еўраопта», цяпер ляжыць у 6-м шпіталі Менска на апараце кіслароднага дыхання - у яе пашкоджаныя абодва лёгкія. Жанчына ўдакладняе, што за мяжу не ездзіла і не ведае, дзе магла падчапіць гэтую «заразу». Лунінецкія медыкі ёй так і не дапамаглі, хоць яна прасіла не раз.

- Акрамя працы і дома я нікуды не хадзіла, муж у мяне ўжо тры тыдні дома з тэмпературай 39, а яны (мясцовыя медыкі. - Заўвага.), акрамя хуткай, нічога не выклікаюць і ніякіх захадаў не вядуць, - скрозь слёзы кажа жанчына. - Зараз муж у рэанімацыі ў цяжкім стане і на апараце ШВЛ.

Фото: onliner.by

Сама Наталля ляжала тыдзень з тэмпературай 39,7, яна не збівалася. Жанчыну моцна ліхаманіла, ніякія таблеткі не дапамагалі. Кажа, прыязджае хуткая - укол зрабілі, збілі тэмпературу да 38 і з'ехалі.

- Я прашу ў іх: «Забярыце ў бальніцу». Я сама столькі перахварэла і кажу, што гэта не проста прастуда, а, хутчэй за ўсё, гэтая зараза. Мне адказваюць: «Супакойцеся, не панікуйце». І ўсё. Я адляжала дома цэлы тыдзень і ўжо проста не падымалася - учора сястра мяне забрала і прывезла ў Менск. У прыёмным пакоі проста прасілі: «Дапамажыце», таму што ў нас у бальніцу не кладуць. Я проста адчуваю, што мне ўжо ўсё... Адчуваю, што ў мяне гэтая зараза, але ніхто ніякіх захадаў не вядзе. Калі нашы лекары даведаліся, што я сюды прыехала і пацвердзіўся дыягназ, у Лунінцы пачалося НЗ: санстанцыя і ўсё такое. Я ж увесь гэты тыдзень перасоўвалася, мне нават бальнічны не жадалі даваць: дадуць на тры дні, тэмпература апусціцца да 37. Яны лічаць, што гэта нармальна, і закрываюць бальнічны - і я вымушана ісці на працу. Дзень працую, мяне зноў калоціць і трасе, тэмпература 39, іду дадому і назад выклікаю хуткую. І з мужам тое ж самае.

Яе 53-гадовы муж Мікалай, кажа Наталля, хадзіў у бальніцу зрабіць здымкі - прасіўся сам. Рэнтген не пацвердзіў пнеўманію, але «яго стан ужо быў крытычным». Мужчына папрасіўся ў шпіталь - паклалі ў інфекцыйнае аддзяленне. Там ён праляжаў тыдзень, а потым трапіў у рэанімацыю.

- У інфекцыйным аддзяленні не ведалі, ад чаго яго лячыць. Я ўжо паразмаўляла тут з менскімі лекарамі - яны настойваюць, каб ішоў і дамагаўся зрабіць КТ. Кажуць, флюараграфія гэтую заразу можа і не паказаць, толькі КТ. І тут, у Менску, усім пацыентам робяць яе. Плюс у мяне ўзялі аналіз на каранавірус, паказаў станоўчы вынік. У мужа таксама бралі ў Лунінцы, адправілі тэст у Берасце - паказаў адмоўны. Ён раней за мяне захварэў - ён тыдзень мучыўся, а потым я. Чаму паказала так, я не ведаю... Ці дрэнна мазкі ўзялі, ці я не ведаю што...

Фото: onliner.by

Муж Наталлі на пенсіі (былы ўчастковы), паралельна працуе на мясцовым заводзе ахоўнікам. На працу і дадому ён ездзіў толькі на ровары - стараўся весці здаровы лад жыцця.

- У мяне стан зараз нядобры - пашкоджаныя два лёгкія. Я не на апараце ШВЛ, але на кіслародным апараце. Дзякуй богу, збілі тэмпературу. Пракапалі парацэтамол. Калі б не сястра, мой лёс быў бы яшчэ горшы, чым у мужа... Там нібыта зараз вырашаецца пытанне, каб перавесці яго ў Берасце. Сёння яму стала лепш, ён прыйшоў у прытомнасць. Я ўвесь час тэлефаную У Лунінецкую рэанімацыю і пытаюся пра яго стан.

Акрамя супрацоўнікаў «Еўраопта», на карантын у Берасце зараз адвезлі сястру і бацькоў Наталлі і яе дваіх дзяцей - яны кантакты першага ўзроўню. Але Наталля ўважае, што ізаляваць трэба ўжо ўвесь горад.

- Мяне трэба было ізаляваць, як толькі пачаліся сімптомы гэтай заразы. А не калі я сама стала прасіцца на здымак, тройчы выклікаць хуткую і калі мой муж тры тыдні ляжаў з тэмпературай... І мы ўвесь гэты час хадзілі і разносілі гэта ўсё. Тое, што яны ізалявалі зараз 20 чалавек «Еўраопта», - гэта проста яшчэ кветачкі. Цяпер трэба ізаляваць увесь горад. Людзей трэба ратаваць, яны не інфармаваныя. У мяне дзеці хадзілі на секцыі - трэніроўкі ніхто не пераносіў. І я ўпэўненая, што яны пераносчыкі, таму што ўвесь час былі побач са мной, калі я ляжала дома. Я больш чым упэўненая, што ў іх пацвердзіцца каранавірус, - Наталля распавядае, што яе аддзяленне за сённяшнюю ноч «бітком напоўнілі пацыентамі».

У гандлёвай сетцы «Еўраопт» пацвердзілі факт заражэння аднаго з супрацоўнікаў крамы «Еўраопт» у горадзе Лунінцы. Крама ў складзе гандлёвага цэнтра зачыненая, праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы работнікамі санэпідстанцыі.

Датэлефанавацца ў адміністрацыю і рэанімацыю Лунінецкай ЦРБ нам не ўдалося. Як паведамляе берасцейскае ўпраўленне аховы здароўя, учора быў выяўлены станоўчы тэст на COVID-19 у жыхаркі Лунінецкага раёна, якая знаходзіцца на стацыянарным лячэнні ў Менску.

«З 2020/04/03 на базе Берасцейскага абласнога ЦГЭіГЗ арганізавана правядзенне ПЦР-дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі», - пазначана на сайце Берасцейскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках