18 красавiка 2024, Чацвер, 18:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кожная змена - гэта вайна»

2
«Кожная змена - гэта вайна»

Лекары і медсёстры з Італіі распавялі пра барацьбу з каранавірусам.

У Італіі - 10 тысяч інфіцыраваных COVID-19 медыкаў. 116 з іх памерлі. Больш за ўсё ахвяр сярод сямейных лекараў.

Лекары, медсёстры, кіроўцы хуткай дапамогі і пацыенты з Італіі распавялі «Настоящему Времени», што адбываецца ў бальніцах і аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, дзе лечаць ад каранавіруса.

«Я не магу ні пайсці ў туалет, ні выпіць вады»

«У мяне шмат калег, сяброў - медыкаў, медсясцёр - пазітыўных на вірус. Нават калі мы ўвесь час мыем рукі - у нас ужо дэрматыт, у нас ужо расколіны на руках - але мы ўвесь час у гэтым асяроддзі, і вірус вельмі кантагіёзны», - распавядае Алена Саўчук.

Алена - украінка. 10 гадоў яна працуе лекаркай у Італіі. Цяпер дзяжурыць у прыёмным аддзяленні бальніцы ў правінцыі Навара, куды прывозяць інфіцыраваных COVID-19. Кожная яе змена пачынаецца з таго, што Алена апранае спецыяльны ахоўны касцюм:

«Гэта ўсё ў мяне займае прыкладна 15 хвілін. Ад таго, як я апрануся, будзе залежаць, як я буду сябе адчуваць на працягу дзяжурства. Калі я няправільна надзену маску, яна будзе мне ціснуць - я павінна потым гэта трываць на працягу ўсяго дзяжурства, бо я не магу нічога паправіць. Я не магу ў гэты час ні пайсці ў туалет, ні выпіць вады. Потым зняцце касцюма - гэта таксама працэдура. Пасля заканчэння дзяжурства трэба зняць усе так, каб не кантактаваць з вонкавай паверхняй гэтага адзення».

ФОТА: CURRENTTIME.TV

Лекары пішуць на ахоўных касцюмах свае імёны, каб хоць неяк адрозніваць адзін аднаго: «Усе апранутыя ў аднолькавыя касцюмы, не разумееш, дзе хто, не разумееш, каму што сказаць. Не разумееш хворых, бо не можаш чытаць па вуснах», - распавядае Алена.

2 красавіка тэсты на каранавірус здалі больш за 6 тысяч медыкаў у П'емонце. Пазітыўнымі былі 811 чалавек, гэта значыць 13%. Розныя медыцынскія асацыяцыі патрабуюць ад урада Італіі рабіць рэгулярныя тэсты ўсяму медперсаналу, нават без сімптомаў. Але ім адмаўляюць, бо калі тэставаць увесь медперсанал, то сотні лекараў з станоўчымі вынікамі на вірус будуць вымушаныя застацца дома ў ізаляцыі.

Марціна Турыані - медсястра аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ў Пезара. У гэтым горадзе ўзровень смяротнасці ад каранавіруса - адзін з самых высокіх.

ФОТА: CURRENTTIME.TV

«Мая бальніца ператварылася ў COVID-шпіталь, - кажа Марціна. - З канца лютага пацыентаў станавілася ўсё больш і больш. На жаль, расла колькасць інфіцыраваных, якія мелі патрэбу ў інтэнсіўнай тэрапіі, гэта значыць былі ў крытычным стане».

«Сітуацыя вельмі цяжкая, мы не спраўляемся, - працягвае медсястра. - Бракуе лекаў, не стае апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, не стае медперсаналу, рук. Кожная змена - гэта вайна. Мы змаглі абсталяваць 40 месцаў інтэнсіўнай тэрапіі - раней было восем. І ўсе 40 занятыя цяжкімі пацыентамі».

Цяжкімі пацыентамі становяцца і самі медработнікі. Марціна кажа, што не ва ўсіх лекараў і медсясцёр ёсць маскі патрэбнага ўзроўню абароны: «Мы працуем у масках з фільтрам FF2, якія не на сто адсоткаў нас абараняюць. Павінны быць FF3 - на жаль, такіх масак у нас няма і не будзе. Але многія медыкі ў Італіі працуюць у простых хірургічных масках».

«Мы б'ёмся галавой аб сцяну, бо вы працягваеце гуляць»

У лекара італьянскай клінікі Алены Саўчук ва Украіне засталося шмат сяброў і калег. Алена перажывае, што тое, што адбываецца ў Італіі, можа паўтарыцца і ў яе на радзіме: «Для ўкраінскага народа ёсць толькі адно выйсце - не сустрэць гэты вірус. Калі хто-небудзь думае пайсці ў краму купіць лімон, каб падняць імунітэт, - лепш сядзіце дома, каб не сустрэць на той краме гэты вірус і не разнесці яго па ўсёй сям'і! Ніякая медыцына, нават такога ўзроўню, як у Італіі і іншых еўрапейскіх краінах, у ЗША не зможа лячыць такую масу людзей, цяжка хворых».

Даніэль Валентэ - кіроўца спецаўтамабілямі хуткай дапамогі. Ён запісаў відэа для нас, каб як мага больш людзей выконвала карантын: «Я толькі што вярнуўся - адвозілі на шпіталізацыю пацыента, інфікаванага каранавірусам. Я павінен сказаць, што нашы бальніцы перапоўненыя - сапраўдны калапс. Персанал знясілены, - распавядае Даніэль. - Мы, медыкі б'ёмся галавой аб сцяну, бо вы працягваеце гуляць. Я звяртаюся да вас: у вашых краінах усё толькі пачынаецца, а мы ўжо змагаемся з гэтым. Не думайце, што гэта нейкае лёгкае захворванне, з якім проста справіцца, і што яно вас не закране. На жаль, яно небяспечнае нават для маладых».

ФОТА: CURRENTTIME.TV

Медсястра з горада Фана Мікеле Вентура напісала ў фэйсбуку ліст прэм'еру Італіі Джузэпэ Контэ - апісала свой працоўны дзень у пекле бальніцы. «Прэмія сумаю 100 еўраў для медыцынскіх работнікаў... Вы ведаеце, спадар прэм'ер, я дзякую вам і ўраду, але я хацела б сказаць вам, што мая праца каштуе значна больш!» - адзначыла Мікеле. Прэм'ер Італіі адказаў медсястры падчас выступу ў парламенце: ён сказаў, што ўрад не забудзе гераізму медперсаналу.

«Яны спрабуюць выратаваць кожнага». Аповед пацыента

«Вельмі цяжка думаць пра гераізм, калі не ведаеш, што ты зможаш зрабіць. Калі паступае 5-10 хворых - а аддзяленне ўжо перапоўненае. І іншыя аддзяленні ўжо перапоўненыя. І ты баішся, што ў цябе не будзе лішняй маскі, каб даць ім кісларод», - кажа лекарка Алена Саўчук.

Італьянскага журналіста Карла Гаэта лекары даслоўна выцягнулі з таго свету. 15 дзён - на мяжы жыцця і смерці. 2 красавіка яго перавялі ў звычайную палату ў шпіталі Леньяна ў Ламбардыі. Ён пагадзіўся даць нам інтэрв'ю.

«Я амаль страціў прытомнасць, - распавядае Карла пра сваю хваробу. - Жар не атрымлівалася збіць. Надышоў момант, калі я амаль не мог дыхаць. Мяне шпіталізавалі і пачалі інтэнсіўную тэрапію, надзелі гэты знакаміты скафандр, які апранаюць на галаву, які дае табе кісларод».

ФОТА: CURRENTTIME.TV

Карла быў 141-м пацыентам у гэтым COVID-шпіталі ў Ламбардыі. І адважыўся запісаць відэа, як толькі змог трохі гаварыць: «Я раблю гэта для медыкаў. Медсёстры шпіталя Леньяна - яны цудоўныя, вы не разумееце, на якія ахвяры яны ідуць дзеля нас. Я бачыў, як яны спрабуюць выратаваць кожнага. Але такая надмерная колькасць пацыентаў - гэта не іх віна».

Дызайнер Giorgio Armani таксама напісаў ліст італьянскім медыкам з удзячнасцю, а на яго фабрыках ужо пачалі шыць для іх ахоўныя касцюмы. Модны дом Prada шые маскі для медперсаналу, а Балонская фабрыка Ferrari рыхтуецца выпускаць апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках