25 красавiка 2024, Чацвер, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска з каранавірусам: З першага дня пачала біць у званы, але ніхто не хацеў слухаць

9
Беларуска з каранавірусам: З першага дня пачала біць у званы, але ніхто не хацеў слухаць

Як сям'я з Лунінецкага раёна дарэмна спрабавала здаць тэсты на каранавірус.

3 красавіка Берасцейскі абласны ЦГЭіГЗ паведаміў аб станоўчым тэсце на каранавірус COVID-19 у жыхаркі Лунінецкага раёна. Гэта 43-гадовая Наталля, якая жыве ў аграгарадку Дзятлавічах. Яна працуе дырэктаркай «Еўраопта» ў Лунінцы. Яе мужу Мікалаю 53 гады. Ён працуе ахоўнікам на заводзе «Палессеэлектрамаш», піша «Брестская газета».

Цяпер Наталля знаходзіцца ў 6-й клінічнай лякарні Менска. Яна дыхае з дапамогай кіслароднага апарата, бо ў яе пашкоджаныя абодва лёгкія. Праз тэлефон жанчына падрабязна распавяла пра тое, як у яе з'явіліся першыя сімптомы захворвання і як некалькі дзён разам з мужам беспаспяхова спрабавалі здаць тэсты на каранавірус у Лунінцы.

Яе мужу стала дрэнна 21 сакавіка. Праз высокую тэмпературу ён не пайшоў на працу. Праз два дні выклікаў хуткую дапамогу. Фельчар зрабіў укол і папрасіў прыйсці ў паліклініку, каб адкрыць бальнічны. Праз два дні тэмпература так і не ўпала. Мужчына зноў выклікаў хуткую і дамогся накіравання на рэнтген.

У сераду 25 сакавіка пагоршыўся стан у ягонай жонкі Наталлі. На наступны дзень мужчына на прыёме распавёў медыкам аб дакладна такім жа стане здароўя ягонай жонкі. Фельчар, які прыехаў, папрасіў Наталлю прыйсці ў паліклініку і адкрыць бальнічны.

«З такой тэмпературай я ўжо нікуды не магла ісці. Пайшла ў пятніцу. Я зайшла ў масцы, доктар сядзіць без маскі... Спытала, чаму яна без маскі. Яна адказала: «Супакойцеся, не трэба панікі», - распавяла Наталля.

Паводле яе слоў, праз зніжэнне тэмпературы бальнічны ёй закрылі. Наперадзе былі выходныя, таму пра прадаўжэнне бальнічнага яна не прасіла. У панядзелак яна выйшла на працу, але самаадчуванне зноў пагоршылася. Пры тэмпературы 39,8°С Наталля зноў выклікала хуткую.

Мікалай сказаў лекарам у паліклініцы: «Рабіце што хочаце, але я адсюль не пайду». Рэнтген не пацвердзіў пнеўманію, таму яго адмаўляліся шпіталізаваць у лякарню. Але мужчына дабіўся свайго і яго ўсё ж паклалі ў інфекцыйнае аддзяленне. Другі рэнтгенаўскі здымак зноў не пацвердзіў пнеўманію, хоць з кожным днём Мікалаю станавілася ўсё горш і горш.

Тым часам сястра забрала Наталлю ў Менск. Пасля агляду лекары зрабілі тэст на каранавірус і правялі кампутарную тамаграфію, бо рэнтген не паказаў пнеўманію. Раніцай 3 красавіка ў палату да Наталлі зайшоў лекар і паведаміў, што каранавірус COVID-19 у яе пацвердзіўся.

Жанчына адразу патэлефанавала мужу і папрасіла, каб той таксама дамагаўся кампутарнай тамаграфіі. Пасля некалькіх скандалаў Мікалаю зрабілі КТ і выявілі пнеўманію. У яго адразу ж узялі тэст на каранавірус, які паказаў адмоўны вынік.

Наталля распавяла, што 3 красавіка яе муж быў без прытомнасці, а на наступны дзень прыйшоў у сябе. Ён знаходзіўся ў цяжкім стане і быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Разглядалася пытанне аб транспартаванні Мікалая ў іншую лякарню.

«У мяне ўсе пытаюць, ці не былі мы за мяжой. Не! Мы нікуды не ездзілі, нідзе не былі. Толькі на працу і назад. Крыўдна, што мы з першага дня пачалі біць у званы, але нас ніхто не хацеў слухаць. Я адразу зразумела, што гэта каранавірус. Не трэба думаць, што гэтай заразы ў нас няма», - падзялілася Наталля.

Яе малодшага 10-гадовага сына і ўсіх сваякоў, з якімі кантактавалі сужэнцы, павезлі ў Берасце. У абласны цэнтр адправілі і ўсіх супрацоўнікаў «Еўраопта», у якім працуе Наталля. 4 красавіка крама была закрытая.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках